Сонца ваяры
3054 / 0
26.10.2020

«Нібы сонца ваяры» — Марыя Ермакова падтрымала беларусаў

Спявачка Марыя Ермакова прэзентуе ў відэачарце TuzinFM кліп на песню «Сонца ваяры» — гэта яе ўклад у агульную мэту беларусаў.

Кліп на песню «Сонца ваяры» маладой спявачкі Марыі Ермаковай стаўся яшчэ адным выказваннем з боку дзеячоў культуры.

— Хай «Сонца Ваяры» будзе маім маленькім укладам у агульную мэту беларускага народа. Я мару каб мая песня дапамагла многім здабыць яшчэ большую ўпэўненасць у нашай сіле і воле! Беларусь! Мы пераможам! — піша Марыя.

У мінулым годзе Марыя ўдзельнічала ў нацыянальным адборы дзіцячага «Еўрабачання» з песняй «Вятры» — тады гледачы паставілі яе на першае месца, але журы паставілі Марыі мінімальныя адзнакі, і перамагла іншая спявачка.

Рэжысёрам кліпа выступіла Маша Жукава. Здымалі яго ў прасторы ОК16. 

Звядзеннем і майстарынгам гуку займаўся Влад Фрайман з гурта VAL. Таксама VAL паўдзельнічалі у запісе бэк-вакалу да песні. 


Марыя Ермакова — Сонца ваяры (словы Мікіты Найдзёнава)


І стомлены такі дзень 

няспраўджаных надзей —

думкі ўсё спаць не даюць.

Знявераны такі час,

што сцішаны адчай 

песню пяе не сваю.


Намалюй свет, ну а затым

пафарбуй залатым.

Намалюй свет, дзе пасля

пераможны твой будзе шлях.


Нібы сонца ваяры,

праўдай свецімся знутры.

Тое, што тваё — бяры.

І трымай гэтак моцна,

як сваё сонца.

Чыстым сцягам на вятры —

праўдай свецімся знутры.

Тое, што тваё — бяры.

І трымай гэтак моцна,

як сваё сонца.


Знявечаны такі лёс,

што болем гучыць здалёк.

Думкі маўчаць не даюць.

Ніхто не абіраў час,

і выйшаў кожны з нас

праўду адстойваць сваю.


Ты не адзін, тут разам цэлае “мы”.

Сэрца ў грудзі грукоча рытмам прамым.

Ты не адзін, і бы на святы зімы

толькі ўглядзіся, як ззяюць дамы.

І штодзённа здольны ўсё змяняць

і ладзіць новы свет.

І здабыць навечна званне Чалавек.