Малако
2919 / 0
10.11.2020

Гурт Sož выпусціў сюрэалістычны анімацыйны кліп

Удзельнікі фармацыі прысвячаюць рэліз калегам па цэху, якія зазнаюць пераслед за грамадзянскую пазіцыю разам з усімі рэпрэсаванымі ў 2020-ым.

Гурт Sož выпусціў анімацыйны кліп на песню Malako. Гэта дэбютная праца электра пост-панк гурта, ў якім вядомыя гомельскія артысты аб’ядналіся для працы ў незвычайным для сябе жанры. На канец лета рыхтаваўся выхад міні-альбома, але праз сацыяльны крызіс ён быў адкладзены. Замест яго быў запісаны сінгл, анімацыйнае відэа для якога стварыў медыа-мастак Al Medwedsky.

— Кроў з малаком — вядомы беларускі канцэпт, сімвал здароў’я, юнацтва і прагі жыцця. Закіпанне малака — перараджэнне, пераход энергіі. Гэта можа падацца дзіўным, але ў гарадской цывілізацыі захаваліся на кухнях пах і колер, таямніца гадання. У гаданні важныя дэталі, атмасфера чакання і рытуальнасць. Гэта ціхі звонку працэс, унутры якога эмацыйная шкала сягае крайніх значэнняў, — тлумачыць саліст каманды Baisan

Хутка сінгл «Малако»  з’явіцца на стрымінгавых плафтормах, а пасля свет пабачыць і абяцаны раней міні-альбом «Apošnija tancory». За навінамі можна сачыць на youtube-канале гурта.  


Sož — Малако


Закіпае малако на ціхай кухні,

Сохне посуд: і талеркі і нажы,  

І маўклівы карабок ляжыць на муфце,

І гарыць камфоркай сіні рым.


Закіпае малако на ціхай кухні,

Закіпае, закіпае малако,

Так прыгожа гэта ўсё, ўсё гэта рухне,

Час звініць, імгліцца ноч дымком.


Закіпае малако на ціхай кухні,

Толькі ў джэзве рэха ўсё не спіць,

Закіпае малако і хваляй пульхнай

Залівае, залівае. Не спыніць.


Закіпае малако на ціхай кухні,

Што за цені селі за сталом?

І гадаюць свечкай што не тухне

На крыві, залітай малаком