Піт Паўлаў і Drum Ecstasy выканалі «Малітву» Янкі Купалы (відэафакт)
Музыкі заявілі, што тым самым выказваюць творчую салідарнасьць з гуртом Naka і арганізатарамі праекту «Re:Песьняры».
26 сакавіка N.R.M. і Drum Ecstasy мелі сумесны выступ у клюбе Re:Public. Падчас сэту каманды Філа Чмыра на сцэну выйшаў франтмэн N.R.M. Піт Паўлаў і пры падтрымцы бубначоў выканаў два творы — «Мова» на словы Алеся Разанава і «Малітву» Янкі Купалы.
У сваім камэнтары для парталу Tuzin.fm Піт Паўлаў патлумачыў, што тым самым ён з калегамі хацеў выказаць сваё стаўленьне да канфлікту, які адбыўся між кампазытарам Алегам Моўчанам з аднаго боку і сьпявачкай Настай Шпакоўскай ды прадусарам Сяргеем Будкіным з другога: «Мы занялі бок музыкаў і арганізатараў праекту ў гэтым канфлікце. Ня тое, каб мы супраць аўтарскіх правоў. Проста для мяне відавочна, што песьня была напісаная Моўчанам у суаўтарстве з Мулявіным і ўнёсак Мулявіна ёсьць вырашальным у гэтай песьні. Мне вельмі спадабалася ідэя сустрэчнай позвы да Моўчана, бо песьня сапраўды мае належыць у першую чаргу дзяржаве — Рэспубліцы Беларусь. Другі аспэкт — дзяліць грошы трэба калі яны ёсьць. Грошы, атрыманыя ад выкананьня, сплочаныя аўтару. Патрабаваць звыш за тое, гэта няшчыра ў нашых умовах. Гэта спроба забіць слабы наш шоў-біз».
Сваю салідарнасьць да гэтага ўжо выказалі таксама сьпявачка Pauline, паэты Адам Глёбус, Байсан, паэт і музыка Сяргей Балахонаў, Глеб Лабадзенка і 230 слухачоў курсаў «Мова Нанова». Пра сваю маральную падтрымку гурта Naka ў сувязі з гэтым канфліктам публічна таксама заявілі Вераніка Круглова, Аляксандар Кульлінковіч, Алег Хаменка ды шэраг іншых творцаў.
Натальля Стрыжак, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ