Avias запісаў альбом з Вольскім, Мытнікам і Ламакіным (аўдыё)
Рома Сухоцкі сьпеў разам зь Лявонам Вольскім, Стасам Мытнікам з Akute, Уладзімерам Казловым з Re1ikt, Стасам Ламакіным з The Toobes, Валерыяй Валадзько і Косьцем Чалых з расейскай каманды «Мои Ракеты Вверх».
Гурт Avias вырашыў паказаць сваю творчасьць зь іншага боку. Свае абраныя песьні музыкі перазапісалі ў акустыку. Кожную зь іх разам з Ромам Сухоцкім выканаў запрошаны госьць. У кампазыцыі «Хворыя марамі» ўпершыню па-беларуску засьпяваў вакаліст і бубнач The Toobes, а ў сумесным трэку з Канстанцінам Чалых («Мои Ракеты Вверх», LeftRight, «7раса», Sunsay) выйшла так, што Рома Сухоцкі ўпершыню засьпяваў па-расейску. Цікавыя дуэты выйшлі з Стасам Мытнікам, Валерыяй Валадзько і Вовам Казловым. Усяго запісана 6 трэкаў. Фінальная песьня «Рай», вядомая яшчэ ад часоў першага гурта Сухоцкага «Крок», сьпяваецца дуэтам зь Лявонам Вольскім. «Мы называем гэты наш міні-альбом супольным праектам, бо кожны з запрошаных вакалістаў дадаў сваёй энэргетыкі. Экспэрымэнт выйшаў удалы і ён безумоўна адаб’ецца на нашай далейшай творчасьці», — зазначае лідэр Avias. Разам зь ім над запісам працавалі Vicky Fatez (бубны), Сяргей Налівайка (бас) і Зьміцер Ярмола (гітара). Дамаглі таксама запрошаныя музыкі — клявішнік Ільля Пятровіч, пэркусіяніст Сяргей Паўлаў. Запісалі матэрыял Алег Даманчук і Зьміцер Каршановіч, а зьвядзеньнем і майстарынгам заняўся Косьця Пыжоў.
Ужывую рэліз «Акустыка» мяркуецца прэзэнтаваць 14 траўня на канцэрце Avias. Падрабязнасьці ў нашай афішы.
Паслухаць і спампаваць альбом можна ў афіцыйнай суполцы гурта і на лэйбле «Пяршак».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ