«Песьняры» выдалі адразу два альбомы
Адбыўся рэліз двух дыскаў дзяржаўнага ансамбля «Песьняры». Адзін альбом беларускамоўны, другі складаецца зь песень на расейскай мове.
Беларускамоўны рэліз завецца «Прысьвячэньне Майстру» і складаецца з новых песень, якія стварылі ўдзельнікі ансамбля ў апошні час. У яго ўвайшлі ў тым ліку вядомыя з удзелу ў чарце на Tuzin.fm «Кацярынка маладая», што ўвайшла ў топ-12 найлепшых гітоў сэзону 2013/2014, а таксама нядаўна прэзэнтаваная «Вясна прыйшла» (у альбомнай вэрсіі завецца «Благаславі маці»). «Ідэя альбому закладзена ў яго назьве — мы прысьвячаем сваю працу Ўладзімеру Мулявіну, — распавёў Tuzin.fm музычны кіраўнік «Песьняроў» Раман Козыраў. — У дыск увайшлі пяць апрацовак беларускіх народных песень і некалькі аўтарскіх працаў, у тым ліку дуэты зь Сьвятланай Агарвал і Вэнэрай, якія рыхтаваліся для тэлепраектаў».
У другі дыск пад назвай «Хмель молодой» увайшлі новыя расейскамоўныя песьні ансамбля, а таксама старая-добрая песьня «Старый клён» Аляксандры Пахмутавай у трактоўцы «Песьняроў», падрыхтаваная да юбілейнага канцэрту расейскай кампазытаркі.
Дызайн кружэлак распрацавалі мастацкі кіраўнік «Песьняроў» Вячаслаў Шарапаў і Андрэй Бандарэнка. Запісваўся і зводзіўся ўвесь матэрыял на студыі дзяржаўнага ансамбля гукарэжысэрам Барысам Грыдзіным.
Tuzin.fm
Паслухаць альбомы можна па гэтых спасылках:
"Прысьвячэньне майстру" https://www.youtube.com/watch?v=WQMtSaK_YYg&feature=youtu.be
"Хмель молодой" https://www.youtube.com/watch?v=wIx-lfw36R4&feature=youtu.be
КАМЕНТАВАЦЬ