Праект Ірыны Снапковай і Юрыя Несьцярэнкі «Мірнае мора» выдаў EP (прэм’ера)
Музыкі прадставілі свой рэліз з чатырох песень на канале Tuzin.Streaming_Belarus.
Пра заснаваньне новага праекту Ірына і Юры абвесьцілі ў лістападзе 2014 году, калі прадставілі на Tuzin.fm дэбютны самотнік «Асьцярожна пакрысе». «З таго часу зьявілася яшчэ некалькі нашых сумесных песень. Матэрыялу назьбіралася на альбом, але мы паразважалі і вырашылі выдаць сынгл з чатырох песень», — кажа Ірына.
У рэліз увайшло чатыры кампазыцыі: «Асьцярожна пакрысе», «Час пісаць песьні», «Паўхвіліны ад Марсу» і «Ты». Усе яны напісаныя на словы Ірыны Снапковай. Музыку Ірына стварала разам зь Юрыем Несьцярэнкам. Ён жа сыграў на гітарах, басу і клявішных. У запісе таксама ўзяў удзел Яўген Зьвераў. «Гэтыя чатыры песьні абсалютна розныя па сваёй падачы, па энэргетыцы, але аб’яднаныя нейкімі агульнымі стылістычнымі рысамі. Мы прыблізна ведалі ад самага пачатку свой стылістычны кірунак, аднак імкнуліся да пошуку асаблівасьцяў у гучаньні», — заявіў Юры Несьцярэнка ў камэнтары для Tuzin.fm.
Праект «Мірнае мора» існуе пакуль у якасьці студыйнага, але музыкі не выключаюць, што могуць выступіць з канцэртам у найбліжэйшай будучыні.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ