60 песень з чарту сэзону 2003/2004 (аўдыё/спампаваць)
Песьні зь першага сэзону на «Тузіне Гітоў» цяпер можна паслухаць і спампаваць на афіцыйным канале нашага парталу на Soundcloud.
На канале Tuzin.Streaming_Belarus дадалася падборка трэкаў, якія бралі ўдзел у сэзоне 2003/2004, першым у гісторыі нашага парталу. Першы тур стартаваў 12 кастрычніка 2003 году і да лета 2004-га праз гіт-парад прайшло 60 кампазыцыяў. У тым сэзоне свае сьвежыя творы ў чарце прэзэнтавалі Ulis, N.R.M., «Крама», «Крамбамбуля», «Палац», «Троіца», Camerata, Валік Грышко, Neuro Dubel, «Куклы», Krok, :B:N: ды іншыя. Менавіта ў тым сэзоне «Ляпіс Трубяцкі» прэзэнтаваў фактычна сваю першую беларускамоўную песьню «Рамонкі», «J:морс» і Сярога перасьпявалі свае гіты («Глядзі» і «Лялька» адпаведна) па-беларуску, дэбютаваў ананімны праект «UltraВожык». Перамогу ў гіт-парадзе сьвяткавалі такія песьні, як «Дзень без гарэлкі» Аляксандра Памідорава, «Устану ранкам» гурта UIis, «Я ішоў да цябе» Зьмітра Вайцюшкевіча, праект Ігара Варашкевіча ды Віктара Маўчанава «Цмок і малыш» зь песьняй «Баба Лена», а па выніках сэзону найлепшай песьня была прызнаная «Люблю» гурта «Крамбамбуля».
Цікава, што вынікі гіт-параду тады друкаваліся на сайце «Беларускія навіны» і ў «Музыкальной газете», радыёвэрсія чарту выходзіла на хвалях «Радыё Рокс» зь вядучым Цімафеем Драздовым, а пасьля на «Радыё Менск» з Алегам Хаменкам.
Акрамя новых песень, у чарце таксама прадстаўляліся рэдкія і рарытэтныя запісы беларускіх выканаўцаў. Напрыклад, «Калі ідуць на абардаж» Лявона Вольскага зь нявыдадзенага супольнага праекту на словы Ўладзімера Караткевіча, канцэртнае выкананьне песьні «Алеся» ад «Беларускіх песьняроў», электронны сайд-праект гурта «Троіца» — «Руны», дыск якога вырашана было не выдаваць, рэмікс песьні праекту Васі Шугалея «БазЫлькі», польскамоўная фанк-вэрсія «Касіў Ясь» ад гурта Гэніка Лоскі Seven B ды шмат чаго іншага.
У аздабленьні трэкаў скарыстаныя фотаздымкі тых часоў зь першай вэрсіі сайту «Тузін Гітоў».
На фота: выгляд галоўнай старонкі сайту «Тузін Гітоў» у 2003 годзе.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ