Наста Шпакоўская запісала дуэт з Стасам Мытнікам (прэм’ера)
Гурт Naka прэзэнтаваў апошні сынгл з свайго альбому «Мая малітва», рэліз якога прызначаны на 19 студзеня.
«Гэта расповед пра дзьве душы, якія адарваныя адна ад адной. Яны намагаюцца захаваць свой сьвет і сваю мару. Гэта песьня сацыяльная і асабістая адначасна. У ёй спляліся і адчуваньні ад жыцьця, і ад каханьня», — распавяла Tuzin.fm вакалістка гурта Naka Наста Шпакоўская. Яна прапанавала выканаць яе разам вакалісту гурта Akute Стасу Мытніку. «У ім прысутнічае мужчынскі пачатак і драматызм», — патлумачыла сьпявачка.
Стас у сваю чаргу зазначыў, што ён зь цікавасьцю ставіцца да музычнай супрацы, пагатоў калі песьня па-беларуску. «Даўно знаёмы з творчасьцю Насты, таму пагадзіўся без ваганьняў», — зазначыў музыка.
Песьня «Не адпускай» увойдзе ў першы ў гісторыі гурта Naka беларускамоўны альбом «Мая малітва», рэліз якога мае адбыцца 19 студзеня. Жывая прэзэнтацыя альбому заплянаваная ў Менску 8 сакавіка.
Tuzin.fm, фота Валянціна Хасяневіча
КАМЕНТАВАЦЬ