Слава Корань адзначае 60-годзьдзе! (відэа)
Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай рок-музыкі, гітарыст, вакаліст, саўндпрадусар, аўтар музыкі і тэкстаў, лідэр гурту Ulis Слава Корань адзначае cёньня 60-годзьдзе.
Слава Корань нарадзіўся 16 сьнежня 1955 году ў Пскове (Расея) у беларускай сям’і вайсковага доктара. Зь пяці гадоў жыве ў Беларусі. Скончыў Радыётэхнічны інстытут у Менску па спэцыяльнасьці «Аўтаматычныя сыстэмы кіраваньня» (1978).
У музыцы з 1978 году. У якасьці гітарыста граў у менскіх рок-камандах «Ліфт» (1978—1982), «Студыя 7» (1982—1984), «Бонда» (1982—1988).
У 1988 годзе заснаваў гурт Ulis, у якім першапачаткова быў гітарыстам і пісаў музыку. З 1994 году ўзяў на сябе таксама ролю вакаліста і аўтара тэкстаў гурту. Выступаў таксама ў якасьці гітарыста гурту «Новае неба» (1994—1999) і праекту «Народны альбом» (з 1997). Уваходзіў у першы склад гурту Pomidor/off (2002).
Разам з гуртам браў удзел у першым фэстывалі «Басовішча» (1990) і быў нязьменным яго хэдлайнэрам цягам наступных 15 гадоў.
Удзельнік першага фэсту «Рок па вакацыях» (1993) ды шэрагу наступных. Браў удзел таксама ў фэстывалях «Тры колеры» (1989—1990), «Рок чыстай вады» (Менск, 1990), «Сырок» (Масква, 1990), «Музыканты сьвету дзецям Чарнобылю» (Менск, 1991), Rock Summer (Талін, 1991), Rock-mafia (Сопат, 1991), 29th Sopot Festival (1992), «Салідарныя зь Беларусьсю» (Варшава, 2006), Be Free (Украіна, 2007—2008).
Мае ўзнагароду як найлепшы гітарыст фэстывалю «Тры колеры», тры прызы фэстывалю «Басовішча» і рок-карону за «Найлепшы альбом» на «Рок-Каранацыі-1997» (у складзе праекту «Народны альбом»). Неаднаразова выходзіў на сцэну разам з зоркамі сусьветнага маштабу, такімі, як Jethro Tull і The Stranglers.
На пачатку 90-х Ulis выступіў з сэрыяй канцэртаў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Польшчы. Першы альбом гурту «Чужаніца» (1990) быў выдадзены вялізарным накладам на фірме «Мелодия» (Расея), другі — «Краіна белай хмары» (1991) — выйшаў таксама на кружэлках на буйным польскім лэйбле Polskie nagrania, пасьля чаго ў Варшаве быў заснаваны і доўгі час дзейнічаў фэн-клюб гурту. Дагэтуль дзейнічае фэн-клюб гурту ў Менску.
Усяго мае ў дыскаграфіі 12 альбомаў, запісаных у складзе розных калектываў. З 1989 году выступае таксама як саўндпрадусар. У гэтай якасьці запісаў шэраг культавых альбомаў беларускага року, як «LaLaLaLa», «Одзірыдзідзіна», «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» гурту N.R.M., «Мая краіна» і «Цэпэліны» гурту «Новае неба». У 2007 годзе стаў саўнпрадусарам маладой рок-каманды з Полацку Indra. Цяпер жыве і працуе ў Варшаве.
Tuzin.fm ад ўсяго сэрца віншуе Музыканта!
Фільм пра Славу Кораня з цыклю «Белы сьпіс» Сяргея Будкіна і Алеся Матафонава для Svaboda TV
Ладна новы альбом Уліса, хаця б жывога выступу мы яшчэ дачакаемся?
"Уліс" яшчэ вернецца. Галоўнае - верыць.
зычанні доўгага творчага здароўя!
ЗЫ дзіўна, што не пазначаны ўдзел Кораня ў першай плыце і складзе Памідорава - адным з самых значных альбомаў нулявых нараўне з "Люстэркам"
Дзякуй, Алесь, за заўвагу, дадалі гэтую інфу.
КАМЕНТАВАЦЬ