Hurma: «Гавары праўду!» (аўдыё)
Гурт Hurma працягвае паступова знаёміць слухачоў з матэрыялам дэбютнага альбому, выкладаючы па песеньцы на месяц.
Гэтым разам уладальнікі ўзнагароды «Дэбют 2013 году» па вэрсіі Tuzin.fm прадставілі песьню пад назваю «Хопіць ламаць камэдыю». Лідэр каманды Мікіта Найдзёнаў кажа, што пасыл новага трэку просты і зразумелы ўжо з самой назвы, у ім апяваюцца такія рысы, як шчырасьць і сумленнасьць: «Перакананы што заўсёды і паўсюль трэба гаварыць праўду. Мы заклікаем не „ламацца“ ды не ламаць камэдыяў, каб не было дажджу». Над зьвядзеньнем трэку традыцыйна ўжо працаваў Уладзімер Трафіменка, запісам і майстарынгам займаўся Сяргей Чайка. Арыгінальная вокладка належыць аўтарству Pintrest & Alen Hit.
Гэтым летам Hurma зьбіраецца паказаць яшчэ адну новую песьню, а паўнавартасны альбом музыкі зьбіраюцца выдаць увосень.
Цяпер Hurma імкнецца трапіць на адзін з буйнейшых фэстаў у Эўропе Sziget у Будапешце і бярэ ўдзел у адборы. Падтрымаць музыкаў можна празь іх афіцыйную старонку ў сацсетцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ