Зорка Вэнэра
5813 / 0
22.05.2015

«Тлушч». Нягеглы панк з дуляю ў кішэні

Якая краіна — такі і панк-рок. Бяззубы, нясьмелы, несамавіты, нягеглы. Але калі капнуць глыбей, то знойдзеш і прыхаваны пратэст, і тонкую іронію з дуляй у кішэні і проста калясальны драйв, таксама ўсяляк замаскіраваны.

Другі альбом гурта «Тлушч», які грае ў панк- і каляпанк-стылістыцы, пракаўтнуць лёгка і проста: 11 песень з дыску па часе раўняюцца дзьвюм песьням гурта Tonqixod. Гэта такія караценькія бязглуздыя па сваёй сутнасьці замалёўкі ад хлопцаў з раёнаў-кварталаў. Яны відавочна маюць вышэйшую адукацыю і някепскую офісную працу, а вечарамі бавяцца ў гаражы — граюць у панк. Але штучнасьці ні каліва, усё ў іх выходзіць досыць гарманічна і душэўна. Вакаліст Паша Белы — трэба думаць, сын гісторыка і ўладальніка сядзібы «Марцінова Гусь» Алеся Белага — выдатна адчувае беларускую мову, ад таго піша не па-літаратурнаму, а па-жыцьцёваму. Ён мяшае беларускія словы з ангельскімі («Ты папросту крэйзі»), апгрэйджвае народныя прыказкі («Паміраць сабраўся, а жыта сей, булачку даеш, дапі кісель…»), а часам наогул выглядае на падаўжальніка традыцыяў сьветлай памяці «Бум-бам-літу» («Мама і тата, праўда я стану катам? — Праўда, сыночак, хочаш смачных цукатаў?»).

Ясна, што «Тлушч» — гэта не гісторыя таго, хто цэніць вакальныя дадзеныя, выканальніцкае майстэрства і арыгінальную пабудову кампазыцыі. У гэтым пляне альбом «Зорка Вэнэра» — бервяно, да таго ж неахайна апрацаванае. Затое сваю бадзёрую бесталковую музыку «Тлушч» падае з нэрвам і належнай аддачай. Яны ня вучаць жыць, не імкнуцца быць героямі і пляваць хацелі на вядомасьць, ім бы «адбіць прынамсі бэнз». Гэта музыка для адрыву і забыцьця ў невялічкім пабе з танным півасам і бруднай барнай стойкай — месца для Менску практычна немагчымага. «Тлушч» — банда якраз канцэртная. Запіс дае толькі схематычнае ўяўленьне пра іх магчымасьці.

Вылучыць з альбому якія-кольвек песьні досыць складана, настолькі роўны матэрыял. Усьміхнула іранічная песьня на ламанай ангельскай пра лідзкія красоўкі, трэнас па заснавальніку «Сектора Газа» — «Хой» і вельмі драйвовая «Нападпітку», якая ўдзельнічала ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. А з тэксту мацнейшая — «Кат».

Спампаваць альбом адным файлам можна на Ultra-Music.com.

Сяргей Будкін