«Гарадзенскі гармідар» — дэбютнік гурта Dzieciuki (аўдыёпрэм’ера альбому!)
Гурт Dzieciuki прэзэнтуе на Tuzin.fm дэбютны альбом «Гарадзенскі гармідар» і публікуе свой творчы маніфэст: «Мы — шчырыя рамантыкі, неабыякавыя да мінулага, сучаснага і будучага свайго краю, якія ня ведаюць слова „памяркоўнасьць“, якія маюць жаданьне абуджаць тыя самыя пачуцьці ў іншых людзях».
У гурце Dzieciuki пад агульнай ідэяй і канцэпцыяй аб’ядналіся музыкі з розных гарадзенскіх гуртоў. Іх першыя песьні з сынглу «Гарадзенскі гармідар» (2012) імгненна разьляцеліся па cеціве. Гэтак жа назвалі і дэбютны альбом. «EP меў на мэце пазнаёміць з зусім новым гуртом. Назва была прыдумана выпадкова, але для альбому яна падыходзіць найлепей. Канцэптуальнай працы не атрымалася, як плянавалася. Мы творчыя людзі, таму ў які бок пёрла — тое і рабілі. Тут вам і гісторыя, і алькаголь са спортам, гастарбайтэры і панкі на танках — сапраўдны гармідар!» — казаў аўтар песень гурта Дзяніс Жыгавец у нядаўнім інтэрвію для Tuzin.fm.
Гурт актыўна канцэртуе ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Увосень Dzieciuki мелі тур па Польшчы, які скончыўся ў Варшаве сумесным канцэртам з брытанскім гуртом The Ukrainians.
Альбом «Гарадзенскі гармідар» будзе таксама прэзэнтаваны як на Радзіме, так і ў іншых краінах. 22 лютага Dzieciuki даюць вялікі канцэрт у менскім Re:Public пры падтрымцы гурта «Тлушч» і беларускіх рок-каралей Pomidor/off. 28 лютага гурт грае ў Берасьці. А ў сакавіку Dzieciuki маюць наведаць Польшчу, Чэхію, Славаччыну і Нямеччыну.
Адмыслова да выданьня альбому «Гарадзенскі гармідар» Dzieciuki падрыхтавалі свой творчы маніфэст:
Ва ўсе часы і пры любой уладзе на нашай любімай беларускай зямельцы жылі сабе дзецюкі! «Дзецюкамі» назывылі маладых, а часам і не зусім маладых людзей з шалёным i па-добраму шкодніцкім характарам. Так зьвярталiся нашыя дзяды да сваiх унукаў і сыноў, надаючы пэўнае адценьне бацькоўскай пяшчоты, і ў той жа час падкрэсьліваючы, што тыя ўжо ня дзеці і павінны вучыцца адказнасьці. Так зьвяртаўся ў сваіх прамовах да беларускага народу наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. Мы, у сваю чаргу, надаем «Дзецюкам» больш шырокі сэнс: шчырыя рамантыкі, неабыякавыя да мінулага, сучаснага і будучага свайго краю, якія ня ведаюць слова «памяркоўнасьць», якія маюць жаданьне абуджаць тыя самыя пачуцьці ў іншых людзях.
Dzieciuki зьявіліся ў Горадні, не пабаімся патасу, найлепшым горадзе на сьвеце! У горадзе, які жыве на скрыжаваньні народаў і культураў, чыя гісторыя багатая на слаўныя падзеі ды герояў. Зразумела, мы заўсёды скіраваныя наперад, але, як вядома, трэба памятаць свае карані, бо гісторыя круціць сваё рыпучае кола, ізноў ды ізноў паўтараючы для нас адныя і тыя ж выпрабаваньні, на фоне зьменлівых дэкарацыяў. Ваяры Давыда Гарадзенскага на сьценах Старога Замка, харугвы Вітаўта пад Каложай напярэдадні Грунвальду, цень Кастуся Каліноўскага на гарадзенскіх завулках у 1863, другая сталіца БНР у 1918, спробы супраціву ў гарадзенскім гета ў 1942, паваенны антыбальшавіцкі супраціў, бунт гіпі ў 1972, «краёўскае» шэсьце з паходнямі па Савецкай у 1999, зараджэньне і росквіт гарадзенскай пратэстнай анарха-панк-хвалі ў 90-х ХХ ст. — вось толькі некалькі яскравых прыкладаў постацяў і падзеяў нашай мінуўшчыны, якія сёньня, на жаль, можна лічыць …забытымі. Але гэта не пра нас! Якія б выпрабаваньні ні кідала доля, для нас сапраўднымі каштоўнасьцямі заўжды будуць заставацца свабода, дабрыня, шчырасьць, адвага, чалавечая годнасьць і …пачуцьцё гумару!
Дзякуй за падтрымку і дапамогу:
нашым родным і блізкім, каханым жонкам і дзяўчынам, Гарадзенскай бібліятэцы і асабіста Пашу Мажэйку ды Эдзіку Дзмухоўскаму, Пётрыку Дудановічу, Валодзю Сітнікаву, Саню «Барабану» Рацьку, Ліле, Янушу Гаўрылюку, Андрэю Пудзіну, Веры Стоме, Сьціву «Севу» Крамэру, Міхалу Шастаку (гурт «Amaroka»), Саню «Чэгевару», Лукашу «Стэпу» Стэпанюку, Жэню «Масалю» (гурт «Bagna»), Сеньку, Глебу Рубанаву, Саню «Персу», Валерку Руселіку, Саню Кузасу, Zdancu, Лукашу «Pająku- pająku», Паўлу Быдэльскаму (гурт «Fri Stejdż Bend»), гурту «No Logo» і асабіста Burzе, Аляксандру Памідораву, Сяргею Будкіну, Кастусю «Кату» Хробаку, Яўгену Кандратовічу, Хрысьціне Марчук, Ясіку, Марлене Новак, Зьмітру Дульку, Алесю Яршу, Саню «Федзю» Фядотаву, Алесю Кіркевічу, Зьмітру Тучыну, усім арганізатарам канцэртаў у Польшчы і Беларусі, а таксама ўсім гуртам, зь якімі мы лабалі на адной сцэне ды ўсім нашым сябрам, якія падтрымлівалі на канцэртах!!!
Трэк-ліст альбому:
1. Мужыцкая праўда
2. Хлопцы-балахоўцы
3. Сумнае рэгі
4. Косю
5. Лясныя браты
6. Карчма
7. Частуханы
8. Забытая магіла
9. Песьня пра гарадзенскага гастарбайтэра
10. Нашыя танкі
11. Па гарах
Музыка: 1—9 — Dzieciuki, 10 — Захар Май, 11 — The Real McKenzies
Cловы: 1—4, 6—8 — Дзяніс Жыгавец, 9, 11 — Алесь Дзянісаў, 5 — Аляксей Дзікавіцкі, 10 — Захар Май (вольны пераклад: Алесь Дзянісаў)
Dzieciuki:
Дзяніс Жыгавец — вершы
Павал «Трабл» Трублін — вакал, лепельская дуда, бэк-вакал
Алесь Дзянісаў — вакал, акустычная гітара, губны гармонік (7), бэк-вакал
Лёха Пудзін — гітара
Мікола «Калямба» Палякоў — акардэон, тамбурын, бэк-вакал
Андрэй «Пітон» Пятко — бас, бэк-вакал
Саня «Сыр» Сыраежка — бубны
У запісе прымалі ўдзел:
Кастусь «Кастэла» Путронак — вакал (4), бэк-вакал
Васіль «Хиппарь» Валошчык — індыйская флейта (4)
Андрэй Пудзін — гітара (7)
Запіс зроблены на студыі «Эверест» (Менск)
Запіс: Стыў Крамэр
Зьвядзеньне ды майстэрынг: Паша Сініла
Ідэя вокладкі: Вера Стома
Мастак: Вера Стома
Старонкі гурта ў сеціве:
Эксклюзыўная прэм’ера альбому «Гарадзенскі гармідар» — на Tuzin.fm
Спампаваць адным файлам з Tuzin.fm
Ці можна набыць альбом на кружэлцы? Калі так - то дзе?
Цалкам верагодна, што альбом можна будзе прыдбаць на прэзэнтацыі 22 лютага. Наклад ужо друкуецца.
Спадарства, якое актыўна слухае і выпампоўвае "Гарадзенскі гармідар", дык як вам альбом?
Проста шыкоўна! У машыне сьпяваю на ўсю моц!
масакра! :)
Ці ёсць у мп3 кавер "Чорный хлеб дый гарбата"???
чорны :)
атас! выдатна)
некаторыя песні шыкоўныя! найбольш спадабаліся "косю", "мужыцкая праўда" і "забытая магіла".
спадабалася гучанне, жвавасць, здаровая агрэсія і нацыяналізм у песнях.
такі альбом - першы кандыдат на музыку ў беларускім варыянце львоўскага кафэ "криївка"
Прост выдатна мужыкі, чэкаў 22 лютага, а тут ужо выклалі! Вялізарнае дзякуй браце. Вялікі рэспект!
Вельмі спадабалася! Мякую, што гэта адно з найлепшых, што я асабіста чуў у апошнія гады.
памежнікі з ашмян праслухаўшы вынеслі б наступны дыягназ - экстрэмізм.
але нам такі нацыянальны экстрэмізм як ніколі патрэбны!
Добры альбом
" Haradzienski Harmidar" - адно з лепшага, што Я чуў у сваім жыцьці. Настолькі моцны, душэўны, задзірысты і патрыятычны аьбом, што цяжка перадаць усе пачуцьці і перажываньні, якія ўзнікаюць падчас праслухоўваньня. Вялікі дзякуй Вам паважаныя музыкі за тое, што Вы зрабілі. Зычу Вам шалёных канцэртаў і творчых посьпехаў. Яшчэ раз - дзякуй ад усяго сэрца.
Дзякуй за цудоўны альбом!
http://delaemvmeste.by/dzieciuki-idut-na-tankah-s-grodno/
Дзякуй! Апошнi раз такое адчувау гадоу 10 таму. Выдатна!
Класны альбом, хлопцы - малайцы!
Альбом супер. Дзякую і зычу творчых посьпехаў.
КАМЕНТАВАЦЬ