 
		Песьня, актуальная ў крызіс і сьцюжу ад Вайцюшкевіча і Pauline (прэм’ера)
Славутаму сьпеву, які лічаць сваім ня толькі беларусы, але і ўкраінцы з расейцамі, у новым годзе спаўняецца 80 гадоў. Менавіта «Бывайце здаровы» ў выкананьні cьпявачкі Pauline і Зьмітра Вайцюшкевіча гучыць у фінале праекту «Новае пакаленьне на Новы год».
«Гэтая песьня ніколі не губляла сваёй актуальнасьці. Асабліва дарэчы яна гучыць узімку. Асабліва ў час, калі крызыс. Гэта наша пасланьне ўсім беларусам. Вельмі хочацца, каб у нас усё заўжды было добра, таму і пяем яе!» — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч у выкананьні якога ўжо ў 00-я гэты сьпеў атрымаў другое дыханьне. У песьні «Бывайце здаровы» цікавая гісторыя. Яе лічаць сваёй расейцы і ўкраінцы, існуе таксама варыянт па-літоўску. Беларускі тэкст быў напісаны ў 1936 годзе. А першай твор прасьпявала маці Адама Русака, якая паклала словы сына на вядомы ў іх роднай вёсцы Пясочнае вясельны матыў. Паралельна сваю мэлёдыю на «Бывайце здаровы» прыдумаў сакурсьнік Русака па Менскім музычным тэхнікуме Ісак Любан, а на расейскую пераклаў Міхаіл Ісакоўскі, які памылкова прыняў тэкст за народны і пэўны час менавіта яго лічылі аўтарам музыкі. У 40-я гады «Бывайце здаровы» гучала ў розных выкананьнях на радыё, у кінафільмах, выдавалася на грампласьцінках. Найбольшую вядомасьць у беларускамоўным варыянце яна атрымала ў выкананьні Ларысы Александроўскай (1942). Вэрсія Вайцюшкевіча была запісаная для праекту «Я нарадзіўся тут» (2000), з таго часу яна трывала ўвайшла ў рэпэртуар сьпевака.
	
	
Менавіта ёю вырашана было ўпрыгожыць праект «Новае пакаленьне на Новы год», для якога Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў яе ўжывую разам зь піяністам Канстанцінам Гарачым і баяністам Аляксандрам Шувалавым у дуэце зь сьпявачкай Pauline (Палінай Цімохінай). «Дуэт са Зьмітром атрымаўся нечакана і спантанна. Мы мусілі адлюстраваць у нашым нумары сувязь паміж двума пакаленьнямі. А сама песьня — гэта як увасабленьне добрых традыцыяў, якія мы шануем і перадаем адно адному. Мне здаецца, экспэрымэнт атрымаўся ўдалы, цёплы, душэўны. Тое, што трэба для сямейнага сьвята!» — кажа Паўліна, якая сёлета прызнаная адкрыцьцём году ў беларускай музыцы.
	
	
	Песьня «Бывайце здаровы» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець 31 сьнежня 2015 году ў 23:15 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».
	Зьміцер Вайцюшкевіч feat. Pauline — Бывайце здаровы (музыка Ісака Любана, словы Адама Русака)
Tuzin.fm
	Бывайце здаровы,
	Жывiце багата,
	А мы ўжо ж паедзем
	Да дому, да хаты.
	У зялёнай дуброве
	Мы начаваць будзем.
	І вашае ласкi
	Вавек не забудзем.
	У вашай гасподзе
	Шырокае поле,
	Няхай жа на шчасьце
	Цьвiце ваша доля.
	На рэчках на вашых
	Бурлiлi каб воды
	І плавалi з крыкам
	Гусей карагоды.
	Каб жыта ў полi
	Трубою вiлося,
	Каб сала ў хаце
	Кубламi вялося.
	Штодзень у капусьце
	Каб плавала шкварка,
	Да ёй, калі трэба,
	Вялася б i чарка.
	Яшчэ вам жадаем
	Прыбытку ў хаце —
	Ні мала ні многа —
	Штогод па дзiцяцi.
	Ня будзем мы ў крыўдзе
	Яшчэ i за тое,
	Калi пашанцуе
	На год i па двое.
	Дарогу ж мы знаем
	Да вас, ягамосьці,
	I езьдзіць мы будзем
	Да вас часта ў госьці.
	Эй, хто на адведы,
	Эй, хто на радзіны –
	Вазіць караваі
	Па дзьве паўасміны.
	Бывайце здаровы,
	Жывiце багата,
	А мы ўжо ж паедзем
	Да дому, да хаты.
	У зялёнай дуброве
	Мы начаваць будзем.
І вашае ласкi
	Вавек не забудзем.
 
                                    



Хто б сумняваўся - Вайцюшкевіч выбраў сабе менавіты маладую дзеўку для дуэту))
КАМЕНТАВАЦЬ