!OUT: Альбом-космас ад Zabelov Group (аўдыё/відэа)
24714 / 1
19.07.2019

!OUT: Альбом-космас ад Zabelov Group (аўдыё/відэа)

Беларускі акардэаніст і чэскі бубнач запісалі і выдалі ў Празе неверагодны альбом, дзе акром іх інструмэнтаў гучаць разнастайныя струнныя, клявішныя і духавыя, у тым ліку арфа і стары арган зь нядзейнага касьцёла. У запісе паўдзельнічалі легендарны чэскі джазмэн, опэрная сьпявачка, выкладчык з джазавай школы і дзіцячы хор.

Zabelov Group — гэта беларуска-чэскі тандэм акардэаніста Рамана Забелава й бубнача Яна «Гонзы» Шыкла. Раман (ня блытаць з братам Ягорам Забелавым!) — беларускі рэзыдэнт у Праскай кансэрваторыі з амаль 10-гадовым стажам. Іх новы альбом «Eg» выйшаў на чэскім лэйбле Minority Records на вінілявых і аптычных дысках. Прэзэнтацыя адбылася сёлета ў Празе. Музыкі лічаць «Eg» сваім першым студыйнікам, бо папярэднія запісы адбываліся ці ў гаражы, ці то ва ўмовах, набліжаных да канцэртных. Ян і Раман да сваіх асноўных інструмэнтаў дадалі яшчэ па 6—7 — клявішных, струнных, духавых ды пэркусійных. У альбоме таксама гучаць жаночыя рэчытатывы, палявыя запісы, старадаўні касьцельны арган, разнастайная медзь, опэрнае сапрана ды дзіцячы хор. Раман Забелаў пагадзіўся прадставіць кожны трэк з альбома для TuzinFM.

1. Intro (Уступ)

— Насамрэч, слова «Eg» можа абазначаць усё, што прыйдзе ў галаву. Гэткая невэрбальная інтуіцыя. То бок, праява, якую ты няздольны апісаць, і якая яшчэ незьвязаная з моўным апаратам. Гэта можа быць усё, што заўгодна. Кожны чалавек можа па-свойму трактаваць гэтае слова, таму што ў ім няма сэнсу, яно не існуе. Мы проста перапісалі гук на літары. А гэты гук — напэўна, адзін зь першых — выдаў маленькі сын Гонзы. Таму для нас «Eg» — чыстая магія, штосьці, што нараджаецца абсалютна з нуля, чысты ліст, tabula rasa… Нібыта ты можаш стварыць зь яго штосьці цалкам новае, мэтафізычнае.

Канцэрт Zabelov Group

2. Odvaha (Адвага)

Мы вырашылі пашукаць нейкія новыя гукавыя сымбіёзы. Наперад мы вырашылі, што няважна, калі нейкія творы ня будуць выконвацца потым на канцэртах ужывую. Таму што ў некаторых кампазыцыях мы выкарыстоўваем вельмі-вельмі вялікую масу інструмэнтаў. Аснову мы запісалі ў студыі, а астатняе ў розных месцах. У «Адвазе», напрыклад, я сыграў на арфе. Я знайшоў яе ў адной з аўдыторыяў Праскай кансэрваторыі. Там ніколі нікога не было. Таму я паспрабаваў паэкспэрымэнтаваць.

3. Na krev (У кроў)

— Тут хутчэй гаворка вядзецца пра энэргію, чым пра «пабіцца ў кроў». Гэта праява абурэньня, супраціву, унутранае нязгоды. Спроба барацьбы, так! На бас-клярнэце грае Пэтар Калфус, малады хлопец, які выкладае ў джазавай школе. І цяжка пералічыць колькасьць праектаў, у якіх ён грае. Пэтар нам цікавы сваёй прафэсійнасьцю й здольнасьцю хутка знаходзіць патрэбнае рашэньне. Сьпявае Варынэ Мкртчан. На гэты трэк мы зрабілі два кліпы: адзін з кронікай, другі — здымкі ў студыі.

4. For a While (На час)

Усе рэчытатывы рабіліся для канкрэтнага трэку з канкрэтнай фантазіяй і прадстаўленьнем. Першы агучвае Мэдлін Уолкер. На кантрабасе, як і на папярэднім трэку, грае легендарны джазавы кантрабасіст чэскае прасторы Ярамір Ганзак.

5. Opuštěný svět (Пакінуты сьвет)

— Нам пашчасьціла трапіць у нядзейны касьцёл сьвятога Клімэнта за паўгадзіны язды ад Прагі. Там мы запісвалі вакалы, арган… Прычым, арган там жывы з драўлянымі пішчаламі, мяхі трэба было разьдзьмуваць, становячыся нагамі на адпаведныя пэдалі. Цудоўнае месца! Кампазыцыя набрала яго атмасфэру. Увогуле, першапачаткова мы плянавалі запісаць дзьве асобныя пласьцінкі — адну эмбіентную, а другую дынамічную. Аднак бліжэй да завяршэньня работы ад гэтае ідэі адмовіліся. Нерытмічныя трэкі мы паставілі на канец кожнага боку кружэлкі, бо лічыцца, што першыя дарожкі на вініле заўжды багацейшыя паводле гукаперадачы. Таму эмбіентныя рэчы можна пакідаць на канец.

Раман Забелаў падпіcвае кружэлкі прыхільніцам

6. Je vis (Я жыву)

— Мы ня думаем пра стыль нашае музыкі. Для нас важная праўдзівая экспрэсія, эмоцыі ды думкі, якія зьвязаныя з кожным днём нашага жыцьця. «Жэ ві» й жыву — заўважце, недалёкія па гучаньні. Сэсыль да Коста дапамагла нам з францускім тэкстам.

7. Lemniscate (Лемніскэйт)

— Крывая ў выглядзе сьпінэра, вядомага паўсюль. Гэта для нас абазначае нейкі бясконцы рух. Напрыклад, як рака. Яна цячэ, і ў ёй, калі не ўзірацца, то падаецца, што ўсё аднолькава, але ж там мільярды варыяцыяў на тэму. Аніводнага аднолькавага моманту ня знойдзеш. Lemniscate — такі паток, які проста ідзе, ідзе, ідзе, ідзе, ідзе… І яго можна было б працягваць далей.

Скрыні з кружэлкамі «Eg»

8. Fairy Queen (Чароўная каралева)

У нас усё адбываецца праз сустрэчы зь людзьмі. З танцавальным калектывам «420 people» мы ладзілі пастаноўку «Fairy Queen», зьвязаную з чалавечымі ўзаемаадносінамі. Там выкарыстоўваўся голас дзяўчынкі — дачкі галоўнага харэографа. Ён дазволіў нам уключыць тую фанаграму ў альбом. Тут сьпяваюць таксама дзеці з падрыхтоўчага гуртку дзіцячае опэры.

9. There Is Always Somewhere Else to Go (Заўсёды ёсьць, куды пайсьці)

— Гэта самы філязофскі трэк! Знаёмы майго калегі вучыцца ў дактарантуры ў Лёндане, займаецца эмоцыяй у кіно. Часта экспэрымэнтуе з аўтэнтычнымі запісамі сваіх актораў. Мы выказалі жаданьне зь кім-небудзь зь іх пасупрацоўнічаць, і ён нам даслаў архіў запісаў. Мы выбралі вось гэты тэкст, які належыць Ганьне Сэсылі. Калі мы пачулі гэтую фразу, то абодва былі на сёмых нябёсах, таму што духоўна адчулі незвычайную сілу ў простым выразе. І гэта так. Ня варта забывацца, што мы тут вельмі часова, і што вельмі важна пастаянна сябе абуджаць, не рабіць усё гэтаксама, як мінулым разам. Намагацца ісьці далей у любых кірунках, таму што гэта ўсё патэнцыял. Дзеля чаго мы тут жывем? Што мы робім? Мы набіраем патэнцыял. Ён можа быць які? Добры, дрэнны. Але, у прынцыпе, кожны абірае свой шлях. І ў дадзеным выпадку — гэта добрая праява таго, што трэба рухацца наперад.

Паслухаць/набыць увесь альбом

Старонка альбома на сайце выдаўца  

Сайт Zabelov Group

Zabelov Group на Facebook

Віктар Сямашка, TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • Віктар Сямашка / адказаць
    03.08.2019 / 00:31

    Больш пра Рамана Забелава тут - http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/528/,
    http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/759/,
    https://www.mixcloud.com/vvsiamashka/krakatuk-491-kampazytar-raman-zabiełaŭ/

  • КАМЕНТАВАЦЬ