Рарытэт! Першы выступ «Ляпісаў» на ТВ, які Міхалок глядзеў у вар’ятні (відэа)
57822 / 3
13.01.2015

Рарытэт! Першы выступ «Ляпісаў» на ТВ, які Міхалок глядзеў у вар’ятні (відэа)

Tuzin.fm адшукаў тэледэбют гурта «Ляпіс Трубяцкі» ў этэры Беларускай тэлевізіі.

Мяркуючы з усяго, гэта здымкі 1992 году і менавіта пра іх згадваў Сяргей Міхалок у сваім маналёгу для часопісу Esquire: «Першы выступ „Ляпісаў“ па ТВ я глядзеў у 37-м аддзяленьні псыхушкі, куды трапіў пасьля перадазіроўкі „джэфам“, самапальным наркотыкам з салутану. Побач сядзелі нейкія грузіны, аўтарытэт з Фаніпалю, галоўны доктар, санітары, дзяжурны мент і яшчэ некалькі сыстэмных „вінтавых“. Усе былі ў аднадушным захапленьні. Упершыню побач зь імі быў сапраўдны „х*й з тэлевізара“, як выказаўся бандыт з Слуцку. Я стаў зоркай аддзяленьня і нядрэнна правёў два тыдні ў закрытай напаўтурэмнай установе».

На відэа гурт «Ляпіс Трубяцкі» выконвае песьню «Ты кінула». Міхалка ня так і проста пазнаць — яму тут 20 і ён яшчэ не ўвайшоў у вобраз вечна п’янага блазна з баянам. Відэа наогул нібы з 70-х, можна адзначыць лёгкае падабенства тагачасных «Ляпісаў» да cучаснага менскага гурта The Stampletons, зь якога пачынаў сын Міхалка — Павал. На відэа таксама можна пабачыць удзельнікаў першага складу гурта — бас-гітарыста Дзьмітрыя Сьвірыдовіча, бубнача Аляксея Любавіна, а таксама нязьменнага гітарыста Руслана Ўладыку, цяперашняга ўдзельніка гурта Trubetskoy.

Запіс для гісторыі захаваўся дзякуючы Ўладзімеру Зайчанку, кіраўніку Менскага рок-клюбу. Песьня, праўда, не да канца — відэа абрываецца на 2:17.

Яшчэ рарытэт з пачатку 90-х: Фэлікс Аксёнцаў пра таемны сэнс «Радыё Свабода» (+ відэарарытэт гурту Ulis)

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    13.01.2015 / 15:05

    Год здымак указаны з долей верагоднасьці. Ёсьць меркаваньні, што відэа магло быць зьнята ў 1990, 1991 або ў 1992 годзе, але не пазьней. Калі нехта з чытачоў быў відавочцам тых падзеяў і зможа спраўдзіць - будзем удзячныя. І шукаем дадатковай інфармацыі самі.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    14.01.2015 / 11:48

    Зьвярнуліся да Міхалка з просьбай ідэнтыфікаваць год, калі было зьнятае відэа. Сяргей кажа, што ў межах 1991-1992. Ёсьць таксама вэрсія, што гэты запіс быў зроблены пасьля фэсту "Тры Колеры", у 1990-м годзе, для тэлеперадачы "Крок".

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    14.01.2015 / 13:27

    Гітарыст гурта Руслан Уладыка кажа, што здымкі былі ў траўні-чэрвені 1993 - яшчэ адзін варыянт, блізкі да праўды. Пакідаем пытаньне адкрытым, пакуль няма канкрэтных дакумэнтальных сьведчаньняў.

  • КАМЕНТАВАЦЬ