Сумнае рэгі
53471 / 2
11.09.2014

Dzieciuki: «Ніколі зноў!» (прэм’ера кліпа!)

Гурт Dzieciuki прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы кліп на песьню «Сумнае рэгі», які зьняла творчая суполка «Тры макі».

Сёлета Dzieciuki ўсур’ёз заняліся відэаўвасабленьнем сваіх песень. «Сумнае рэгі» іх трэці кліп за апошнія некалькі месяцаў. Аўтар песьні Дзяніс Жыгавец кажа, што напісаў яе, каб нагадаць пра страшныя сымбалі ХХ стагодзьдзя ў Беларусі і паказаць роўнасьць паміж крывавымі таталітарнымі рэжымамі, якія спустошвалі краіну, забіраючы жыцця ў найлепшых яе прадстаўнікоў: «У песьні згадваецца Хатынь, як сымбаль усіх спаленых вёсак Беларусі падчас другой сусьветнай вайны. Гэтае месца стала культавым дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. У адрозьненьне ад Курапатаў — месца, якое стала сымбалем сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, памяць пра якое дзяржаўныя структуры намагаюцца больш схаваць, чым падтрымаць. Гэтай песьняй мы ўшаноўваем памяць усіх бязьвінна загінуўшых ад фашыстоўскага і бальшавіцкага рэжымаў».

Кліп здымалі ў два дні зь перапынакам. Першы дзень прысьвяцілі Курапатам і Хатыні. У другі дзень былі здымкі пад Горадняй, калі здымалі гурт. Вакаліста гурта Dzieciuki Алеся Дзянісава праца над ролікам навяла на невясёлыя думкі: «Цяпер ва Ўкраіне адбываюцца страшэнныя рэчы. Калі адкінуць усе палітычныя эмоцыі, тую шакуючую брудную ролю сёньняшняй расейскай улады ў канфлікце, то ў любым выпадку, на першым месцы мы бачым простыя трагічныя рэчы: гінуць тысячы людзей, спальваюцца вёскі і гарады, дзеткі застаюцца без бацькоў. І гэта, блдзь, XXI стагодзьдзе! Я гляджу на відэахроніку другой сусьветнай вайны і сёньняшнюю ўкраінскую і пытаюся: дзе розьніца? Чаму людзі ня вучацца на сваіх памылках? Чаму ня ведаюць гісторыю? Усё ж паўтараецца! Зьмяняюцца толькі дэкарацыі. Жахліва і крыўдна да сьлёз. Хочацца сказаць: ніколі зноў! А гэтае „зноў“ паўтараецца пад тваім бокам»...

Dzieciuki дзякуюць акторам і акторкам зь Менску, якія за ідэю пагадзіліся паўдзельнічаць у здымках. За тое ж падзяка журналісту Алесю Яршу. Ну, а самае вялікае дзякуй Алесю Залеўскаму і Яўгену Шапчыцу, бо ім належыць ідэя кліпа, ягоныя здымкі і мантаж.

Адмыслова да выданьня кліпа брэнд LSTR распрацаваў адмысловыя цішоткі і лонгсьлівы з Двупагоняй — сымбалем змаганьня з бальшавізмам і нацызмам. На ёй таксама выяўлена Маці Божая Вострабрамская, як хрысьціянскі вобраз Божае маці, які абараняе і заступаецца за беларускі народ. Фотасэсію вакаліста гурта Паўла Трабла з гэтай нагоды можна пабачыць у суполцы Tuzin.fm на Facebook.

Dzieciuki — Сумнае рэгі (вытворчасьць творчай суполкі «Тры макі»). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Паша / адказаць
    19.09.2014 / 00:33

    Отличная песня! Зачётный клип! Успехов, развития и процветания коллективу!!!

  • Alexander Shabun
    Alexander Shabun / адказаць
    07.03.2015 / 00:51

    Але гэта не забыта!

  • КАМЕНТАВАЦЬ