 
		Brutto: «Мы адкрываем новую эпоху ў ракенроле» (прэм’ера песьні на словы Якуба Коласа)
Новы праект Сяргея Міхалка прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Наша возьме», у якой асноўную вакальную партыю выканаў Віталь Гуркоў.
	«Наша возьме» напісаная на верш Якуба Коласа. Сяргей Міхалок прапанаваў выканаць яе Віталю Гуркову, музыканту і славутаму на ўвесь сьвет тайбаксэру. Віталь кажа, што на ўсім альбоме ён пяе дзьве песьні і абедзьве на роднай мове. «Гэты верш Коласа ведаў яшчэ са школы, але ніколі ня думаў, што яго можна аформіць у панк-рок і тым больш, што я буду далучаны да гэтай справы. Гэтыя словы былі напісаныя даўно, але мне здаецца, што яны будуць актуальнымі заўжды і кожны можа знайсьці ў іх свой сэнс. Трэба толькі ўсьвядоміць хто такія „мы“ ў гэтым вершы. Калі прымаць за „мы“ беларусаў, то ў гэтым тэксьце ўбачыцца ўся глыбіня і боль нашага народу. У цэлым жа гэта песьня пра тых, хто змагаецца па розных кірунках за сваю справу і верыць у перамогу, а не сыходзіць з абранага шляху. Таму мне як спартоўцу – „Наша возьме“ родная песьня!» — распавёў з нагоды прэзэнтацыі песьні на Tuzin.fm вакаліст гурта Brutto.
	Віталь Гуркоў называе Brutto гуртом новай фармацыі і ўсьміхаючыся кажа: «Мы адкрываем новую эпоху ў ракенроле! Такога не было, бо ў нас у гурце самыя жалезабэтонныя хлопцы, якія прадстаўляюць сфэру спорту і андэграўнду — гард-кору сцэну і D.I.Y.  Прычым з розных краінаў, бо Brutto — міжнародны калектыў. У нас і па-ангельску песьня ёсьць, яе выконвае хлопец з Адэсы па мянушцы Left». 
	«Наша возьме» ўвайшла ў новы альбом гурта Brutto «Underdog», прэзэнтаваны ў ноч з 11 на 12 верасьня. Паслухаць яго цалкам можна на канале гурта на Soundcloud. Неўзабаве гурт абвесьціць дату свайго першага канцэрту.
	«Наша возьме» будзе прадстаўлена ў найбліжэйшым туры галасаваньня ў аўдыёчарце на Tuzin.fm, адразу пасьля «Re:Песьняры-туру».
	Brutto — Наша возьме (музыка Сяргея Міхалка, словы Якуба Коласа). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
	SB,Tuzin.fm
	Мы ходзім, спатыкаемся,
	Бадзяемся, як п’яныя,
	Мы з голадам зрадніліся,
	Худыя, абарваныя.
	Асьмеяны, аблаяны,
	Гразёю мы замазаны.
	Багатымі мы скрыўджаны,
	Няволяю мы зьвязаны.
	Ў балоты мы адціснуты,
	Загнаны мы ў шчыліны,
	I вочы нам завязаны,
	I вушы нам зачынены.
	Адно мы добра ведаем:
	Хоць вечна мы блукаемся,
А ўсё ж такі, хоць некалі,
	А праўды дапытаемся.
 
                                    



Cталі вядомыя даты першага туру Brutto:
15.11 - Самара
21.11 - Екацерынбург
6.12 - Варонеж
13.12 - Пецярбург
20.12 - Масква
Беларускіх гарадоў у сьпісе, вядома ж, няма.
КАМЕНТАВАЦЬ