Сьнег
56997 / 26
03.03.2015

Андрэй Макарэвіч адчуў мэлёдыку беларускай мовы (прэм’ера!)

Лідэр расейскага гурта «Машина времени» запісаў сваю першую песьню на беларускай мове для праекту «Global Reload» парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Мы размаўляем з Андрэем Макарэвічам у менскай студыі «Осмос». Толькі што зробленыя апошнія штрыхі ў студыйнай сэсіі — у фінале запісаныя вакал і сола-гітара. Лідэр «Машины времени» прыехаў у беларускую сталіцу адмыслова для таго, каб скончыць працу над сваёй першай беларускамоўнай кампазыцыяй у жыцьці.

        Вашыя першыя ўражаньні ад творчага экспэрымэнту?

        Жах як цікава! Зусім нячаста такім займаюся, бо не лічу сябе выканаўцам-паліглотам. Пяю па-расейску. Па-ангельску пяяў у школе і да 10 клясы практычна скончыў. Па-беларуску надта цікава паспрабаваць, бо гены ўсё ж такі маю. Я вельмі добра памятаю моцны беларускі акцэнт маёй бабулі. Яна была з Пагодзіна, зь сяла, якое тады Блудзінам звалася, а побач вёска Малеч, гэта Заходняя Беларусь. І вось бабуля казала: «шчы», «шчука», згадваю як цяпер. (Маецца на ўвазе вёска Паўлавічы, што ў Бярозаўскім раёне на Берасьцейшчыне, да 1964 году вёска звалася Блудзень. Чыгуначная станцыя побач мела назву «Пагодзіна», цяпер яна завецца «Бяроза-Картузская» — заўвага СБ)

        Можаце патлумачыць — навошта вам уся гэтая беларуская гісторыя, навошта сьпяваць па-беларуску?

        Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на гэтым сьвеце. Агулам я лічу, што гэта слушна. Калі ў чалавеку ёсьць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я абажаю Беларусь, у мяне тут шмат сяброў. Намагаюся тут бываць часьцей. Тут фантастычная прырода — напэўна самая прыгожая, якую толькі можна сабе ўявіць у сярэдней паласе. І ў вас атрымліваецца яе захоўваць у ідэальным стане, у адрозьненьне ад расейцаў. Таму ваша краіна — аазіс у маім уяўленьні.

На фота: Андрэй Макарэвіч, Юры Несьцярэнка, Сяргей Будкін падчас працы над песьняй «Сьнег» у менскай студыі «Осмос»

        Ці адкрылася вам Ваша Беларусь адразу? Ці ведалі вы пра яе нешта 45—50 гадоў таму?

        50 гадоў таму мне было 11 гадоў і бацька мне распавядаў пра цудоўны хутар Маліч, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Дзе жылі толькі Макарэвічы і Антончыкі. Я ведаў даўно адкуль паходзіць мой тата, мой дзед, якога пры жыцьці я ўжо не засьпеў, мая бабуля па бацькавай лініі. І ўсё абяцаў мяне туды звазіць. І так і ня зьезьдзіў, і мяне не звазіў, ня выпала. Так далёка на Захад я не выяжджаў, у Менску толькі часта бываў, а далей туды ў кірунку Берасьця ня езьдзіў. Трапіў туды ў 2011 годзе, дзякуючы расейскаму Першаму каналу, які здымаў праграму «Древо жизни», што нядоўга праіснавала. Яе ідэя была ў тым, што героі перадачы едуць шукаць свае карані.

        Ведаю, што вы дасканала вывучылі свой радавод і сабралі ўсе магчымыя сьведчаньні. Ці засталіся нязьведаныя факты?

Я дагэтуль не магу знайсьці фотаздымкі свайго прадзеда Антонія Ўсакоўскага, які ў тых краях быў вядомым чалавекам, сьвятаром. Ён пабудаваў царкву, якая дагэтуль стаіць. Ён пабудаваў царкоўную школу, у якой якраз і пазнаёміліся мой дзядуля і мая бабуля. Мне вядома, што прадзед перажыў рэвалюцыю, быў пасыльным практычна ў патрыярха нават пэўны час. У 1919—1920 гадах яго сьляды канчаткова губляюцца. Думаю, што яго расстралялі. Але пакуль дазнацца дзе і пры якіх абставінах і наогул пабачыць як ён выглядаў, патрымаць у руках яго фотаздымак, у мяне пакуль ня выйшла. Тут у пошуках дапамагалі вельмі сур’ёзныя гісторыкі, але пакуль марна. Хачу дайсьці да Лубянкі, магчыма там нешта знойдзецца.

На фота: Андрэй Макарэвіч развучвае тэкст песьні «Сьнег» на беларускай мове

        У той самай праграме «Дрэва жыцьця» чатырохгадовай даўніны вы кажаце цікавую фразу пра тое, што розьніцы між беларусамі і расейцамі па-сутнасьці няма. Ці зьмянілася ваша меркаваньне на гэты конт сёньня?

        Розьніца ёсьць, канечне. Нават хаця б у стаўленьні да прыроды. У вас гэтае стаўленьне — эўрапейскае. У нас жа папсаванае стаўленьне да прыроды качэўнікамі. Качэўнікі прызвычаіліся гадзіць, бо яны не сядзяць на месцах — яны заўтра едуць далей. Дык чаго выяўляць клопат пра чысьціню. Падазраю, што ў расейцаў гэта засталося з часоў татарскага ярма. У вас таксама гісторыя няпростая, тут то Польшча была, то Беларусь, але ўсё ж гэта Эўропа.

        Вы чулі беларускую мову, чыталі на ёй, а цяпер паспрабавалі засьпяваць па-беларуску. Ці падобна яна да расейскай, як Вам здалося?

        Ніколі не забуду выпадак у менскім таксі. Мы абмяркоўвалі з таксістам беларускую мову, шыльды, напісаныя па-беларуску і той кажа: ха, беларуская — гэта тая ж расейская, толькі з памылкамі (сьмяецца). Гэта сьмешна, тым ня менш беларуская — гэта мова з сваімі правіламі, з сваёй мэлёдыкай, з сваім даволі складаным вымаўленьнем. І ўсё гэта мяне цікавіць.

На фота: перакладчык песьні «Сьнег» на беларускую Юры Несьцярэнка і Андрэй Макарэвіч падчас запісу трэку

        Дык падобныя нашы мовы ўсё ж ці не?

        Яны падобныя. Гэтак жа як ангелец зразумее аўстралійца і нават шатляндца. Але безумоўная розьніца ёсьць у музыцы мовы. І ня дзіва, што сярод першых савецкіх вакальна-інструмэнтальных камандаў найлепшыя былі на мой погляд не «Веселые ребята», а «Песьняры». Шмат у чым дзякуючы сваёй іншай музыцы мовы.

        У такім разе карціць спытаць — ці можа быць працяг вашага беларускамоўнага творчага экспэрымэнту?

        Давайце пажывем, я адкрыты да ўсялякіх добрых задумаў і гатовы прымаць усялякія добрыя прапановы. Але давайце паглядзім, што выйдзе зь першага вопыту. Мне даволі цяжка меркаваць збоку як атрымалася мая першая беларуская песьня. Пра гэта могуць разважаць толькі тыя людзі, якія тут нарадзіліся і размаўляюць на гэтай мове зь дзяцінства.

Андрэй Макарэвіч падчас сяброўскага канцэрту ў менскім Loft Cafe

        Ёсьць праблема, дарэчы, з гэтым. У 1980 годзе, скажам, у нас на цэлы Менск толькі адзін чалавек вучыўся ў школе па-беларуску. Так што зь дзяцінства далёка не ва ўсіх выходзіць гаварыць па-беларуску.

        Вось дзіўна. Україна была таксама савецкая, але там не да такой ступені дайшло. Тым ня менш «Песьняры» сьпявалі па-беларуску. Гонар і слава Мулявіну за гэта. Давайце адраджаць беларускую мову агульнымі сіламі. Ці хаця б захоўваць яе.

        Раскажыце пра вашу першую беларускамоўную песьню.

        Гэта песьня «Сьнег», перакладзеная на беларускую мову Юрыем Несьцярэнкам. Цяпер яна запісаная разам з музыкантамі з гурта Apple Tea. У арыгінале яна была напісаная недзе ў 1977 годзе. Асабліва гісторыі пра яе стварэньне няма. Сеў за піяніна — і напісаў. Лічу, што ў песень наогул ня можа быць гісторыі. Калі аўтар пачынае расказвае гісторыі, як зьявіліся яго песьні — ён хутчэй за ўсё хлусіць. Упершыню мы яе запісалі ў 1978 годзе, ня ведаю ці захаваўся гэты запіс, а потым у 1980 ці 1981 годзе ўжо зь Пецем Падгарадзецкім. Ня памятаю, ці яшчэ калі мы яе ў студыі запісвалі — клянуся, не згадаю. Затое было некалькі выдатных канцэртных вэрсіяў.

        А хіба «Сьнег» ня быў напісаны для праграмы «Маленький принц»?

        Праграма «Маленький принц» нарадзілася наступным чынам. Адна дзяўчына заўважыла, што некаторыя нашы песьні кладуцца ў кантэкст твора Сэнт-Экзюпэры. Таму мы сабралі творы, якія пасуюць, і злучылі іх фрагмэнтамі з кнігі. Нічога адмыслова мы для гэтай праграмы не стваралі і песень для яе не пісалі. «Сьнег» мы вельмі рэдка выконвалі на канцэртах у тыя часы, таму што ў нас тады наогул не было клявішных інструмэнтаў. Потым зьявіліся клявішныя, якія вельмі аддалена нагадвалі піяніна. Жывы раяль ці піяніна на тыя часы ў тых месцах, дзе мы выступалі, былі вялікай рэдкасьцю, таму яна практычна не гучала. Значна пазьней, праз 10-годзьдзе, мы сталі выконваць «Сьнег» на канцэртах «Машины времени», калі зьявілася такая магчымасьць.

        Ці ўкладалі вы сьвядома ў гэтую песьню асацыяцыі з адлігаю?

        Не, гэта занадта прыцягнута за вушы. Адлігі хочацца заўжды, у хоць якой сытуацыі. Асабліва сёньня.

        Чаму менавіта «Сьнег» выбралі для запісу на беларускай мове? Выпадковасьць?

        Не, зусім не выпадковасьць. У адным з нумараў часопіса «Дзеяслоў» было нямала вершаў і песень маіх, перакладзеных на беларускую. І мне здалося, што менавіта ў гэтай песьні найбольш блізка гучаць нашыя мовы, проста па наборы словаў гэта было заўважна. І мне прасьцей было зь ёй працаваць.

Размаўляў Сяргей Будкін

Фота: Віка Трэнас (з студыі), Аляксандар «Tarantino» Ждановіч (з канцэрту)

Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Юрыю Несьцярэнку, Паўлу Юрцэвічу, Андрэю Акатаву і студыі «Осмос», Уладзімеру Булаўскаму, Алегу Ціханаву, Хрысьціне Дарапей, Натальлі Стрыжак, Анжэле Грушчанкавай і клюбу Loft, Яну Буслу, Ігару Сацэвічу і гурту Apple Tea

Андрэй Макарэвіч — Сьнег (музыка і словы Андрэя Макарэвіча, пераклад на беларускую Юрыя Несьцярэнкі)

Сьнег. Горад губляе зрок.

Крок

У змрок ад сьвятла, і зноў

Колер, як белы сьнег.

Горад твой

Стаў караблём,

Лёдам забраны ў палон.

 

Ты

Ведаеш пэўна як

Сьнег

Нам пакідае знак.

Ён робіць заўсёды так,

І горад твой,

Сонцам сагрэты,

Плыве па вясновай вадзе.

 

Але

Ці дадзена нам зразумець,

Каму

Дзячыць за цеплыню,

Што зводзіць няспынна сьнег.

Сто доўгіх дзён

Мацнейшым быў ён,

І раптам зьнікае за пяць

Цёплых дзён.

КАМЕНТАРЫ:

  • Яўген / адказаць
    03.03.2015 / 13:57

    Ужо шосты раз перапраслухваю :) клас! Дзякуй Макарэвічу за захапленьне ад праслухоўваньня! Выдатная беларуская, спадар Андрэй!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.03.2015 / 14:23

    Песьня "Сьнег" на Soundcloud https://soundcloud.com/tuzinhitou/global-reload
    і на Youtube https://www.youtube.com/watch?v=Pksk8L9O0L4

  • Pete Paŭłaŭ
    Pete Paŭłaŭ / адказаць
    03.03.2015 / 19:28

    Першы раз так трапна!! Сапраўдная ўдача..

  • romay / адказаць
    04.03.2015 / 11:25

    Цудоўна! Вельмі спадзяюся, што і іншыя яго творы прагучаць па-беларуску з яго выкананні

  • Кирилл Мусиенко
    Кирилл Мусиенко / адказаць
    04.03.2015 / 18:12

    У автора статьи кол по белорусскому языку был?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.03.2015 / 00:21

    Што дае Вам падставы рабіць такое дапушчэньне?

  • Кирилл Мусиенко
    Кирилл Мусиенко / адказаць
    05.03.2015 / 15:36

    Жуткие орфографические ошибки и злоупотребление мягким знаком, словарь в помощь http://www.skarnik.by

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.03.2015 / 15:49

    Мы рады вітаць Вас, Кірыл, на старонках нашага парталу, які ўжо 13-ты год як карыстаецца беларускім клясычным правапісам.
    Збор правілаў тут http://knihi.com/storage/pravapis2005.html

  • Кирилл Мусиенко
    Кирилл Мусиенко / адказаць
    05.03.2015 / 16:08

    Skarnik - это электронная версия словаря под редакцией Я. Коласа, К. Крапивы и П. Глебки, а про ваших любителей самодеятельности первый раз слышу :)

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin
    05.03.2015 / 18:36

    Кірыл, вы бы разабраліся ў сутнасьці пытаньня для пачатку і авалодалі ўласна хоць якім правапісам, а то брыдка вас слухаць.
    Для пашырэньня ведаў па тэме - вось гэты матэрыял зірніце. Спадзяюся па прачытаньні прынамсі танальнасьць Вашых выказваньняў зьменіцца.
    http://www.svaboda.org/content/transcript/801947.html

  • Siarhiej / адказаць
    14.03.2015 / 13:20

    Ты б на Вікіпэдыю для пачатку зайшоў, грамацей xD У школе Цябе вучылі бальшавіцкаму правапісу http://spakoj.eu/uploads/posts/2015-02/1424211533_7-pamiatak-spakoj.eu.png

  • Аля / адказаць
    04.03.2015 / 19:48

    Я з захапленнем праслухала "Снег" на роднай мове. Гэта цудоуную песьня i я набыла толькi выдатныя пачуццi. Пасля такой падзеi беларусы павiнны любiць i ганарыцца сваiм. Вялiкi дзякуй Андрэю Макарэвiчу!

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.03.2015 / 18:31

    Тым часам, у Расеі пачалася кампанія цкаваньня Андрэя Макарэвіча за гэтае інтэрвію...
    http://budzma.by/news/u-rasii-ckuyuc-makarevicha-za-intervyu-budzmye.html

  • Сергей / адказаць
    06.03.2015 / 00:09

    А почему мягкие знаки везде где надо и не надо? Вы уверены, что знаете белорусский язык? В школе прогуливали уроки?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.03.2015 / 10:36

    Паглядзіце камэнтары вышэй, там ёсьць адказ на Вашае пытаньне

  • Siarhiej / адказаць
    14.03.2015 / 13:21

    Jašče adzin mudrec http://spakoj.eu/uploads/posts/2015-02/1424211533_7-pamiatak-spakoj.eu.png

  • CorpseBride / адказаць
    06.03.2015 / 12:36

    Я вот тоже в замешательстве... Усердно гуглила изменения в орфографии белорусского языка и кроме этой странички на svaboda.org ничего подтверждающего не нашла... Школу закончила в 2007, институт в 2012, и там и там преподавали белорусский языки вот этих сьньканьней в помине не было. Мало того что выглядит нелепо, так еще и читается противно, как будто у автора текста рот слюной переполнен. Видимо эти новые "правила" не иначе как чья-то самодеятельность.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    06.03.2015 / 13:03

    Правілам будзе хутка 100 год
    http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%B3%D1%80%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D1%82%D1%8B%D0%BA%D0%B0_%D0%A2%D0%B0%D1%80%D0%B0%D1%88%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87%D0%B0_1918

    Сучасны збор правілаў
    http://knihi.com/storage/pravapis2005.html

  • Siarhiej / адказаць
    14.03.2015 / 13:23

    Niamudraja Ty istota, zajdzi na Vikipedyju, heta pieršy Biełaruski pravapis Branisłava Taraškieviča http://spakoj.eu/uploads/posts/2015-02/1424211533_7-pamiatak-spakoj.eu.png

  • Andrei Adamovitch
    Andrei Adamovitch / адказаць
    22.05.2015 / 12:17

    Характэрна, што чалавек, які сам не карыстаецца беларускай мовай, вучыць іншых ёю карыстацца. Рускі мір, чо.

  • Red Label Design ) / адказаць
    06.03.2015 / 14:56

    Песьня гожая )
    Вясна, тролі-камэнтатары аджылі )

  • Леон Зильберман
    Леон Зильберман / адказаць
    08.03.2015 / 08:14

    Шыкоуна!

  • Аляксей (pan_xmelu) / адказаць
    04.05.2015 / 22:41

    падабаецца ! ;)

  • Аляксей Вясельеў
    Аляксей Вясельеў / адказаць
    22.06.2015 / 20:28

    Сябры, хачу вас заклікаць не крытыкаваць зашмат тых, хто выкарыстоўвае беларускую мову. Чамусці гэта рыса нашых суайчыннікаў - крытыкаваць. Мяне ўжо дасталі. Ў прыватнасці нельга гэтага рабіць безтактоўна, як Кірыл, які ўвогуле піша па-расейску.
    Нашу мову трэба лагодна падтрымліваць ўсімі шляхамі, то бок людзей, якія на ёй гавораць.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    23.06.2015 / 11:51

    Залатыя словы

  • Аляксей Вясельеў
    Аляксей Вясельеў / адказаць
    22.06.2015 / 20:30

    Хочацца сказаць асаблівае дзякуй Андрэю Макарэвічу. Гэты жэст павагі не застаўся без увагі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ