
Сяргей Будкін. Мы ня знаем сваёй музыкі
Партал Tuzin.fm прадстаўляе рэйтынг 100 найвялікшых беларускіх песень, складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў.
Мы ня знаем сваёй музыкі. Гэта неаспрэчны мэдычны факт. Вядома ж, далёкім водгульлем з савецкіх часоў гучыць, запісаныя на падкорцы, «Завіруха» і «Касіў Ясь». Канечне ж, кожны другі, пабудзі ты яго сярод ночы, назаве хоць пару тройку беларускіх песень — «Купалінка» і «Рэчанька» абавязкова будуць сярод іх. Цалкам магчыма, што на застольлі і старэйшыя, і маладзейшыя могуць зацягнуць разам калі ня «Надзеньку» і «За туманам», дык дакладна «Бывайце здаровы» і «Чарку на пасашок». Але глябальна мы нічога ня ведаем. «У лідэрах беларускія ансамблі савецкіх часоў, статус беларускамоўных выканаўцаў — маргінальны», — такую выснову зрабіў пакойны ўжо дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі па выніках сацыялягічнага апытаньня, якое засьведчыла, што 40% беларусаў ня ведаюць ніводнага (!) беларускага выканаўцы, а тыя, хто ведае, можа назваць толькі трыяду «Песьняры»-«Сябры»-«Верасы». І тое ня факт, што ідэнтыфікуюць іх з выкананьня. Маладзейшыя ведаюць больш, але таксама маюць пэўнасьць, што «Зорка Вэнэра», «Рушнікі» і «Купалінка» — народныя творы, не заўжды адрозьняць Вольскага ад Вайцюшкевіча, раньні «Ляпіс» ад «Лепрыконсаў», а тое, што было да зьяўленьня інтэрнэту для іх упісваецца ў паняцьце «цёмны лес». Імёны тых выканаўцаў, якія колісь былі гонарам як беларускай эстрады, так і альтэрнатыўнай сцэны, забытыя абсалютна. Прынамсі ў сеціве. Лічаныя згадкі пра Тамару Раеўскую, Віктара Вуячыча, Ісідара Балоціна, Мікалая Ворвулева, Сьвятлану Кульпу, Нэлі Дзянісаву, Вольгу Аліпаву, Алену Саўленайтэ, першыя беларускія самадзейныя рок-гурты. Яшчэ меней фота. І зусім няма запісаў. Творы, што пяяліся ў 30—80-ы гадах XX стагодзьдзя ў Беларусі ня тое, што не перавыдаваліся ў нашым стагодзьдзі. Яны збольшага наогул не выдавалася! Прагучалі на радыё — і ўсё. Няма складанак найлепшых песень нашых геніяльных сьпявачак Ларысы Александроўскай і Тамары Ніжнікавай, няма CD-анталёгіі беларускай эстраднай песьні. Што там казаць, народны артыст Сяргей Картэс ня мае дыску, на якім былі б сабраныя яго абраныя творы і дагэтуль нявыдадзены музычны збор твораў «Песьняроў». Ляжаць у архівах (добра, калі яшчэ ляжаць) сотні каштоўных запісаў джазавых, рокавых, блюзавых, арт-рокавых гуртоў, фантастычныя на тыя часы музычныя экспэрымэнты тых жа «Песьняроў» і «Сузор’я». Належным чынам не асэнсаваная роля «Мроі», «Бонды», «Улісу», якія запачаткавалі беларускі незалежны рок…
Гэты рэйтынг — спроба хоць крыху запоўніць прагалы ў веданьні сваёй музыкі. Ён складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў розных пакаленьняў. Тых пэрсонаў, якія зрабілі свой унёсак у разьвіцьцё сучаснай беларускай музычнай культуры — непасрэдна саміх музыкаў, знаўцаў і дасьледчыкаў, культуролягаў, прадусараў, кліпмэйкераў, рэжысэраў, паэтаў-песеньнікаў, гукарэжысэраў, прадстаўнікоў прэсы, радыё і тэлевізіі.
Мы прасілі кожнага назваць тыя песьні, якія на іх думку павінны прысутнічаць у рэйтынгу «100 найвялікшых беларускіх песень». Можна было называць адвольную колькасьць музычных твораў (ад 1 да 100), якія былі запісаныя беларускімі выканаўцамі (артыстам, гуртом, ансамблем) ад зьяўленьня гуказапісу ў Беларусі (30-я гг. XX ст.) да нашых дзён. Крытэры выбару — арыгінальнасьць музычнага твору, яго папулярнасьць у шырокіх колах (пры магчымасьці яе вымярэньня паводле вынікаў разнастайных прэміяў, узнагародаў, паказьнікаў продажу, посьпеху ў чартах і г. д.), значнасьць для жанру. Разглядаліся песьні, створаныя ў жанры папулярнай музыкі ў яе шырокім разуменьні, пад якое могуць падпадаць узорныя творы эстраднай музыкі, року, джазу, фольку, электронікі, мэталу, аўтарскай песьні ды зьмешаных і сумежных стыляў.
У выніковы рэйтынг увайшлі 100 песень. Месца кампазыцыі вызначаецца колькасьцю яе згадак у анкетах апытаных экспэртаў. У выпадках, калі названая песьня існуе ў розных варыянтах выкананьня ў дужках пасьля назвы пералічваюцца тыя, хто яе сьпяваў (але толькі тыя, хто быў названы ў анкетах).
Рэйтынг не прэтэндуе на ўсеахопнасьць, але можа даць уяўленьне пра найлепшыя здабыткі беларускай музыкі. І мы спадзяемся, што з дапамогай яго слухач адкрые для сябе практычна нязьведаны яшчэ беларускі музычны космас.
У апытаньні ўзялі ўдзел:
Андрусішын Багдан — Данчык (сьпявак), Анемпадыстаў Міхал (мастак, дызайнэр, аўтар «Народнага альбому»), Анішчанка Сяргей (музыка, прадусар, заснавальнік фэстывалю «Рок-Кола»), Аркуш Алесь (паэт, аўтар песень), Арлоў Раман (музыка, прадусар), Арлоў Уладзімер (рэжысэр кіно і тэатру, аўтар музычных фільмаў у 1960—1970-х гг.), Барышнікаў Яўген (музыка, дасьледчык), Бандарэнка Зінаіда (народная артыстка Беларусі, у 1959—2003 — дыктар на ТВ, вядучая канцэртаў), Баландзін Сяргей (кампазытар, паэт, музыка), Безкаравайны Зьміцер (журналіст, піяр-мэнэджар, заснавальнік Experty.by), Брылон Вольга (музыказнаўца, у 1993—2002 музычны рэдактар Беларускага радыё), Будкін Сяргей (журналіст, прадусар, галоўны рэдактар Tuzin.fm), Варашкевіч Ігар (музыка, вакаліст гуртоў «Бонда», «Рокіс», «Крама»), Вечар Аксана (тэлевядучая), Вечар Анатоль (кліпмэйкер, тэлевядучы, вядучы канцэртаў і фэстываляў), Вольскі Лявон (музыка, вакаліст гуртоў «Мроя», N.R.M., ZET, «Крамбамбуля»), Вячорка Франак (прамоўтэр, прадусар), Глёбус Адам (літаратар, аўтар песень), Грышко Валянцін (музыка, прадусар), Дайнека Валер (заслужаны артыст Беларусі, удзельнік ансамбляў «Песьняры» і «Беларускія Песьняры»), Дзянісаў Алесь (журналіст, музыка, вакаліст гуртоў «КальЯн», «Людзі на балоце», «Дзецюкі»), Дранько-Майсюк Леанід (літаратар, паэт-песеньнік), Дубавец Сяргей (журналіст, завадатар культурных праектаў, у 1991—2003 галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва»), Жбанкоў Максім (культуроляг), Заміроўская Тацяна (музычны журналіст), Івашын Макс (музыка, журналіст), Калесьнікава Марыя (журналістка, сьпявачка), Камоцкая Кася (сьпявачка, журналістка), Карпюк Ілона (сьпявачка, прамоўтэр), Катвіцкая Ірэна (сьпявачка, дасьледчыца, пэдагог), Кашырын Павал (прамоўтэр), Клімаў Алег (журналіст, галоўны рэдактар «Музыкальной газеты» да 2008), Круглякоў Алесь (журналіст, тэлевядучы да 2006), Круглова Вераніка (сьпявачка, дасьледчыца), Кубышкін Уладзімер (прадусар, аўтар песень), Кудрэйка Надзея (радыёжурналіст), Кульлінковіч Аляксандар (музыка), Лабадзенка Глеб (паэт, аўтар песень), Лазар Анатоль (aka Wiecier Mechaniczny, дызайнэр, сузаснавальнік парталу «Тузін Гітоў»), Лісіцкая Тамара (тэле- і радыёвядучая), Максімкаў Уладзімер (прадусар), Маліноўскі Сяргей (журналіст), Маторын Мікалай&Аляксей Ажогін (клюб «Графіці»), Мінакоў Алег (aka Jagger, музыка, радыёвядучы), Мікуліч Надзея (сьпявачка), Місевіч Уладзіслаў (заслужаны артыст Беларусі), Наважылаў Уладзіслаў (музыка, лідэр гурта Gods Tower), Назараў Зьміцер (прамоўтэр, заснавальнік Men’s Fest), Нарушэвіч Леанід (музыка, гукарэжысэр), Насаеў Кірыла (хормайстар, пэдагог, кіраўнік хору «Унія»), Несьцярэнка Юры (музыка), Някляеў Уладзімер (паэт, аўтар песень), Падбярэзскі Зьміцер (журналіст), Памідораў Аляксандар (музыка, прадусар, прамоўтэр, журналіст, радыёвядучы), Песьнякевіч Тацяна (радыёвядучая, музыказнаўца), Плотка Алесь (музыка, паэт, аўтар песень), Пукст Сяргей (музыка, журналіст), Радзівонаў Вячаслаў (журналіст, заснавальнік парталу Ultra-Music.com), Рыжкоў Віталь (паэт, музыка, аўтар песень), Сасноўскі Зьміцер (музыка, прадусар, дасьледчык, музыказнаўца, лідэр гурта «Стары Ольса»), Сахараў Сяргей (журналіст, сузаснавальнік лэйблу «БМА-груп»), Сапега Аляксандар (музыка), Скрыпнічэнка Сяргей (музыка), Скарабагатаў Віктар (заслужаны артыст Беларусі, сьпявак, дасьледчык), Слабін Уладзімер (aka Vitaut Arabella, стваральнік «Беларускага музычнага календара» і найбуйнейшай калекцыі беларускай музыкі на Youtube), Старповіч Адам (тэле- і радыёвядучы, прадусар), Старцаў Андрэй (прадусар, прамоўтэр, дырэктар клюбаў «Рэактар»/Re:Public), Стрэльнікаў Аляксей (журналіст, дасьледчык), Супрановіч Віталь (прадусар, прамоўтэр, кіраўнік лэйблу «БМА-груп»), Сьвярдлоў Павал (журналіст), Сьцепанюк Лукаш (музыка, радыёвядучы, арганізатар беларускіх канцэртаў і фэстаў у Польшчы), Сацэвіч Ігар (кампазытар, кіраўнік гурту Apple Tea), Сямашка Віктар (музыка, радыёвядучы, дасьледчык), Сямашка Віталь (у 90-я тэлевядучы, вядучы канцэртаў і фэстаў), Таболіч Алесь (музыка, прамоўтэр, лідэр гурта «Зьніч»), Трафілаў Сяргей (галоўны рэдактар газэты «Культура»), Трухановіч Сяргей (гітарыст, выкладчык), Філатаў Андрэй (музыка), Філімонаў Сяргей (тэлевядучы, аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»), Хаменка Алег (музыка, прамоўтэр, прадусар, выкладчык, лідэр гурта «Палац»), Ціханаў Алег (прадусар, прамоўтар), Ціхановіч Наста (сьпявачка, прадусар), Цыбін Юры (прадусар, прамоўтэр, дасьледчык, выдавец, заснавальнік «Рок-Каранацыі»), Цыганок Аляксандар (музыка, выкладчык), Чарнуха Аляксандар (журналіст, рэдактар парталу Ultra-Music), Шалкевіч Віктар (музыка, актор), Шостак Генадзь (журналіст, музыказнаўца), Шыдлоўская Ніна (прадусарка, прамоўтэрка, каардынатарка ГК «Будзьма беларусамі!»), Шырын Леанід (кампазітар, саўндпрадусар), Юрцэвіч Павал (у 80—90-я музыка, кіраўнік творчага аб’яднаньня і студыі «Осмос»)
Тэкст: Сяргей Будкін, пры ўдзеле Віктара Сямашкі
Апытаньне і складаньне рэйтынгу: Сяргей Будкін, Ганна Кавалёва, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак
Просім пакідаць свае заўвагі па тэксьце "Топ100" тут. Гэта дапаможа ўдасканаліць тэкст.
Спадарства, стаўце лайкі каля сваіх улюбёных песень у топ-100. Магчыма з гэтага складзем яшчэ і слухацкі рэйтынг.
дзякуй камандзе за працу! ёсць рызыка ўпасці ў шызафрэнію, але містычныя моманты праглядаюцца сходу - як, напрыклад, 66ое месца "Крывавага свята"
Адкрыў для сябе шмат песень добрых і ўспомніў знаёмыя даўно забытыя. Дзякуй за падборку :)
Cорамна за тое, што наша легендарная музычная спадчына захавалася так дрэнна. Я маю на ўвазе якасць гуку((
Была, дарэчы, і беларускамоўная версія "Майскага вальса". і там у тэксце, як помніцца, прыгадак пра Расію ўжо не было. Зрэшты, трэба пашукаць і пераслухаць. Ці не Ярмоленка выконваў. У тыя часы я быў малым, але памятаю, што "Майскі вальс" па радыё круцілі вельмі часта. Пэўныя вобразы і словы мне тады не былі зразумелымі.
Я б уключыў з 2000-х - Мая Краіна (Глюкі), а з зусім новага - Тонкіход - Насыпаць горы.
"Крамы" зашмат. Морса магло быць і болей, як і Палаца. А дзе "Жураўлі на Палессе ляцяць"?
Прабачце, Жураўлі на 50.
Даруйце... ЛЮДМІЛА Александроўская?..
Дзякуй, паправілі.
У спісе на "Пляц Францыска" толькі анатацыя, а аўдыё ці відэа няма.
Ужо ёсьць
Мне падаецца, што было б нядрэнна выкласці ўсе гэтыя песні адзіным архівам дзеля спампоўвання.. а ці выдаць на дыску...
Гэта немагчыма. Аўтарскія правы па некаторых песьнях пільнуюцца люта і дамовіцца на іх выданьне практычна немагчыма. Чытайце з гэтай нагоды гісторыю па цэтліку Re:Песьняры (самыя папулярныя цэтлікі-уверсе на шапцы сайту, справа)
...І яшчэ, спадарства, аўтар тэксту песні "Пах чабаровы" - Кастусь КірЭенка (з націскам на другі склад), а не Кірыенка.
Дзякуй, паправілі. Заўважыце яшчэ нейкія недакладнасьці - паведамляйце тут абавязкова.
Шкада, не трапілі ў сотню "Страла" "Палаца", "Каля Чырвонага касцёла", "Зараніцы"...
Гэта проста супэр, што ў кожнага знаходзяцца "свае" песьні, якія ня трапілі, але вартыя таго. Гэта сьведчыць пра разнастайнасьць нашай музыкі і багацьця выбару. Даруйце, але ў топ-100 толькі 100 пазыцый, гэта дадзенасьць.
Пукста няма, Zygimont Vaza няма, ДетиДетей няма... Выбачайце, панове, не разумею вашых крытэраў адбору. Атрымаўся спіс "лепшыя 100 твораў Песняроў і Міхалка".
Апытана 90 экспэртаў, названа 1 500 песень. Найчасьцей згаданыя ўвайшлі ў топ-100. Крытэры апісаныя. Экспэрты апытаныя. Рэйтынг складзены. Што яшчэ вы хочаце?
Абраныя песьні з топ-100 вылучаны ў адзін трэк-ліст на Soundcloud
https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/top
А цяпер, як на "Экспэртах", апублікуйце асабістыя сотні экспэртаў :)
Я жартую.
можна было бы ўключыць песню віктара шалкевіча "за 100 крокаў ад вострае брамы". ці песня "святы мікалай" таго ж самага выканаўцы
Можна было б. Але не набрала неабходнай колькасьці галасоў, як і іншыя названыя 1400 названых песень. Значыць трэба больш актыўна распаўсюджваць Вашы ўлюбёныя песьні,хадзіць часьцей на канцэрты Вашых улюбёных выканаўцаў, заахвочваць сяброў, набываць дыскі і проста цікавіцца актыўней тым, што адбываецца ў беларускай музыцы.
Дзякуй за вашую працу! Сапраўды, было б цiкава пабачыць i iншыя песнi з спiсу. Вядома, без апiсанняў ды аўдые/вiдэа. Мабыць, там знойдуцца нейкiя малавядомыя нават для "прасунутых" слухачоў дыяменты. Бо калi хаця б адзiн з абраных экспэртаў узгадаў песню, думаю, яна ўжо вартая ўвагi.
акуте у лiку найлепшых песень????? Прабачце шаноуныя! Цi напрыклад "я у бабшки живу" - гэта ж здзек над чалавецтвам, а не песня.
Блін, Сяргей, толькі цяпер заўважыў: "Старый мост" Валянціна Пучынскага, а не Ўладзімера
Дзякуй, Зьміцер, паправілі. Калі заўважыце яшчэ недакладнасьці - пішыце.
Цікавы факт. Апытаньне «100 найвялікшых беларускіх песень» узятае за аснову дапаможніка
«Беларуская музыка ў праграмах дыскатэк і клубных вечароў», які выдала дзяржаўная ўстанова «Менскі абласны цэнтр народнай творчасьці» для культработнікаў і ідэолягаў. Падрабязнасьці тут - http://tuzin.fm/zhamerun/2824/u-daviedniku-vydadzienym-dla-jideolahau-uchvalajucca.html
Няўжо ніводнай песьні Шалкевіча не трапіла ў гэты спіс?... Вельмі суб'ектыўны рэйтынг
Песьні Шалкевіча былі неаднаразова названыя, але не хапіла трохі, каб патрапіць канкрэтна ў топ-100.
Ці можаце разам з тым патлумачыць - якім мусіць быць рэйтынг, каб ён быў аб'ектыўным, на вашую думку? Ці толькі ад прысутнасьці Шалкевіча ў топ-100 залежыць гэта?
12tuzin@gmail.com, у журы былі людзі,чыя песні потым трапілі ў топ-100. Такого,па-мойму,не павінна было быць, каб беларускія музыкі самі выбіралі лепшыя беларускія песні(там і фактар такі,што некаторыя музыкі паміж сабой не сябруюць, розныя стылі і г.д. ,і іх выбар можа быць не зусім аб'ектыўным). Такое недзе на кніжнай прэміі было,што ў журы сядзелі людзі, чыя кнігі потым трапілі ў шорт-ліст лепшай кнігі года ў Беларусі.
Каб топ-100 быў больш аб'ектыўным,то трэба было апытваць людзей рознага ўзросту,розных пакаленняў, бо некаторыя маглі ўвогуле ніколі не чуць песень,якія гучалі раней і наадварот не слухаць тое,што гуляе зараз. Вельмі было б файна,каб суадносіны гэтых людзей былі роўныя. Таксама трэба ўлічваць колькасць жанчын і мужчын у журы,бо погляды на музыку будуць таксама розныя. Розныя галіны дзейнасці людзей, тое што падабаецца чалавеку, які працуе рукамі будзе адрознівацца ад погляду чалавека,які працуе толькі галавой,таму можна было б запытаць у людзей,якія не з'яўляюцца "творчымі",але блізкія да беларускай музыкі на працягу доўгага часу. Яшчэ немалаважны фактар-гэта адкуль чалавек з журы,бо "зямляцтва " ніхто не адмяняў.
Здзівіла,што ў топ-100 няма ніводнай песні такіх гуртоў, як ТТ-34, Раста, Дай Дарогу, не пабачыць Шалкевіча і Камоцкага таксама было дзіўна.
Усяго адна песня Gods Tower таксама вельмі ўражвае,калі ўлічыць,як шмат Вайцюшкевіча і Вольскага, бо Gods Tower - гэта гурт-легенда метала Усходняй Еўропы.
Дзякуй за водгук. Мы спрабавалі ахапіць па максымуму ўсіх, хто ў тэме і аніяк не маглі ігнараваць сьведкаў працэсу - музыкаў, якія ў той жа час маглі быць і журналістамі, і саўндпрадусарамі, і арганізатарамі канцэртаў і г.д. Відавочна, што іх выбар суб'ектыўны, але з мноства суб'ектыўных поглядаў сьведкаў працэсу складаецца даволі цэласная карціна. У сьпісе экспэртаў акурат ёсьць людзі розных узростаў, сьветапоглядаў і пазыцый, з рознай прапіскай, мужчыны і жанчыны (гэндэрнай роўнасьці не выходзіць - мужчынаў у музычнай сфэры відавочна болей). Заўважым - мэта была зрабіць менавіта не народны, а экспэртны топ-100, таму мы і не зьвярталіся да людзей зь іншых сфэраў. Быць можа паўторым апытаньне калі-небудзь з улікам пажаданьняў, і хто яго ведае, можа і вашы ўлюбёныя выканаўцы таксама ў яго патрапяць:).
КАМЕНТАВАЦЬ