Абдымі мяне
46992 / 0
26.09.2013

Лёгкасьць і нязмушанасьць беларускага лета

У першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» дэбютуе дуэт Navi, які стварылі Арцём Лук’яненка i Ксенія Жук. Музыкі прадстаўляюць сваё відэа на песьню «Абдымі мяне».

Ідэю і сюжэт стваральнікам кліпа падказалі лета і лёгкасьць ды нязмушанасьць самой песьні «Абдымі мяне». «Мы нават не спрабавалі зрабіць нейкі супэркліп, — тлумачыць  Арцём Лук’яненка. — Мы проста пажадалі перадаць настрой, каб людзі яшчэ лепш адчулі нашу песьню. Ідэя была: зрабіць лёгкае летняе відэа, каб яно было душэўным і сонечным. Як, у прынцыпе, і ўся наша музыка». Над відэа працавалі сябры музыкаў, студэнты Акадэміі мастацтваў Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакова.

Праект Navi паўстаў увесну 2013 году. У яго ўвайшлі музыкі, вядомыя з удзелу ў іншых гуртах. Арцём Лук’яненка паралельна грае ў праектах Tim Erna і КРИСТИNА, а Ксенія Жук да нядаўняга часу была вакалісткай гурта Sonika, а цяпер вырашыла заняцца ўласным праектам. Так супала, што Арцём таксама задумваўся пра сольны праект. На гэтай глебе музыкі і паразумеліся. Яны ўжо маюць матэрыял для поўнафарматнага дыску, які неўзабаве мяркуюць запісаць.

Navi – Абдымі мяне (рэжысэры Зьміцер Ляўкоўскі і Марыя Манакова). Зьмяшчаецца са згоды аўтараў.

Tuzin.fm