
Nizkiz. Новы тып беларускага рок-гурта
Падкрэсьленае дзьвюхмоўе, надзвычайная ўвага да якасьці гучаньня і разьлік на стадыёны. Магілёўская каманда запісала другі альбом ды засьведчыла сваё права звацца гонарам мясцовай альтэрнатыўнай сцэны.
Да гэтага альбому гурт ішоў сем гадоў, паступова пашыраючы сфэру ахопу сваёй музыкі. Пачыналі з роднага Магілёва, хутка скарылі Менск ды пайшлі на ўсход, сьцьвярджаючы пры гэтым, што трымаюцца эўрапейскіх узораў гуку. Што на беларускай сцэне нараджаецца гурт-зьява, стала ясна, калі хлопцы пераадолелі ў сабе комплекс мовы ды запісалі трэк «Гуантанама», які стаў адным з самых прыемных музычных успамінаў 2013—2014 гадоў. Досьвед пайшоў на карысьць — Nizkiz паважаць сябе прымусіў, упісаўся ў беларускі кантэкст ды выйшаў на новую публіку.
У рэлізе «Лірика» пошук сябе ў прасторы — мэнтальнай ды тэхнічнай — дасягае апагею. Гэты альбом яўна рабіўся з здаровай доляй нахабнасьці ды максымалізму, таму так і гучыць — з глябальным размахам, але без пантоў. Калі абставіны складуцца ўдала, музыка Nizkiz мае абавязкова гучаць у тых месцах, на якія яна разьлічаная, — аэрадромныя оўпэн-эйры, вялікія арэны/палацы/стадыёны. І яны гэтага вартыя.
Nizkiz вылучаецца ўнікальным голасам Аляксандра Ільіна, які сам па сабе зьяўляецца інструмэнтам, што перадае моц, драйв ды эмоцыю. Але музыкі роляю звычайных акампаніятараў пры гэтым не задавольваюцца. Тут кожнаму сваё, безь перацягваньня коўдры на сябе, ад таго каманда гучыць так зладжана і гарманічна. Некаторыя дужа зьдзівяцца — на канцэртах Nizkiz гучыць гэтак жа, як у запісе, няма тут ніякіх студыйных хітрыкаў ды кампутарнага чараўніцтва, яны выяжджаюць на таленце ды тэхніцы, хоць саўндпрадусару альбому Дзянісу Манёнку — безумоўны рэспэкт.
Экспэрымэнты зь беларускай мовай музыкі працягнулі. Як вынік — наймацнейшая песьня на альбоме «Цяпер і далей», напісаная пры дапамозе паэта Віталя Рыжкова. Заслугоўвае ўвагі і непублікаваны да рэлізу альбому нумар «Як спыняецца цішыня», зроблены з матэматычным разьлікам — вытанчана і выверана. Па-беларуску ў іх выходзіць лагодна і кранальна, пры тым нэрв кампазыцыі ўсё адно застаецца напятым ды эмоцыі праз край. Паводле такой лёгікі, яўна просіцца быць перакладзенай на нашу мову адпаведная з настрою «Катрина» і загалоўная «Лирика». Зь іншага боку, Nizkiz можа паказаць нумары, поўныя рок-н-рольнага драйву ў стылі іх песьні №1 «Это я сам» з дэбютнага дыску. У «Лірыцы» творы такога зараду ёсьць — «Поворачивай», «Ничего не бойся» ды «Из-за неё» ў першую чаргу.
Nizkiz уяўляе зь сябе новы тып беларускага гурта. Яны падкрэсьлена і аднолькава ўдала пяюць на абедзьвюх мовах. Няспынна шчыруюць над гукам — гэта для іх ёсьць першаснае. Ставяць перад сабою невыканальныя, здавалася б, задачы і дасягаюць іх. І ня будзе нічога дзіўнага, калі ім скарыцца сусьвет.
Cяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ