
Вершнік без галавы
Слухаць новы дыск N.R.M. няпроста, нават трохі няёмка. Такое ж адчуваньне было пры знаёмстве з альбомам «Па-над дахамі» 18-гадовай даўніны, які запісаў гурт ULIS па сыходзе вакаліста і тэкставіка. Сякерай высечаныя тэксты дагэтуль не-паэта і здушаны голас дагэтуль не-вакаліста гурта, калючыя аранжыроўкі ды агульная атмасфэра неўладкаванасьці.
Піт, Юрась ды Алезіс фактычна наважыліся скокнуць вышэй за галаву, дакладней скокнуць абезгалоўленымі, каб абвергнуць тэзу, што N.R.M. — гэта Вольскі. Права на гэта яны мелі яшчэ якое — Ляўкоў зь Дземідовічам пачыналі зь Лявонам ажно ў «Эскалятары» (так у 1981 годзе звалася будучая «Мроя» — N.R.M.), а Паўлаў дзякуючы свайму здароваму нахабству і харызьме проста граючы на гітары пачаў успрымацца як другі франтмэн N.R.M. Уласна праз гэтыя якасьці Піта праект «трыё N.R.M.» і стаў магчымым.
«Д.П.Б.Ч.» — альбом надта асабісты. Нашмат больш інтымны, чым папярэдні дыск «06», запісаны залатым складам у перадсьмяротнай агоніі. Гэта вельмі мужчынскі альбом, зроблены з упартасьцю і жаданьнем выказацца і сьцьвердзіцца. У новых песьнях зьнік акцэнт на займеньніку «мы», усё больш пяецца ад першай асобы. Гурт цяпер ня можа ці ня хоча прамаўляць ад імя пакаленьня. Сэнсы, думкі і памкненьні цяперашняга N.R.M. закладзены ў двух нумарах — умела сканструяванай «Мроі» (з уступам-адсылкай да старой творчасьці) ды разьвітальнай «Д.П.Б.Ч.». Астатні матэрыял — збольшага прахадны. У «Хрусьць і папалам» чарговы раз абыгрываецца трывіяльная фраза, у «Нэктары» прыгнятае стомлены вакал Алезіса, трэк «На далоні» дык наогул узяты з рэпэртуару гурта Garadzkija 10-гадовай даўніны, а народная «Кузьнічка» падаецца зусім неабавязковай і наогул недарэчнай у кантэксьце N.R.M.
Зьвяртае ўвагу яшчэ і час гучаньня альбому — усяго 27 хвілін. Тут у гурта ёсьць тлумачэньне — яны пісалі «Д.П.Б.Ч.» з разьлікам на вінілавае выданьне, каб было па чатыры песьні на кожным баку. Зь вінілам, дарэчы, абсалютна выдатная піяр-задума, дзякуючы якой музыкі чарговы раз трапілі ў гісторыю як аўтары першай беларускамоўнай пласьцінкі ў новым стагодзьдзі. Яны здольныя быць ньюсмэйкерамі — і гэта іх галоўная якасьць.
Альбом «Па-над дахамі», між іншым, лідэр ULIS’у Слава Корань вырашыў зьняць з продажу празь нізкую якасьць, але працягваў працаваць над сабой як вакалістам, тэкставіком і саўндпрадусарам ды неўзабаве дасягнуў выніку.
Альбом «Д.П.Б.Ч.» можна набыць на канцэртах гурта.
N.R.M. — Д.П.Б.Ч., 2013
SB, «Тузін Гітоў»/budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ