
Дзянісаў & Чобат. Гісторыя, якая не падабаецца ідэолягам
Алесь Дзянісаў прадстаўляе ў альбомным чарце на TuzinFM сваю працу «Кароткая гісторыя Беларусі», прэзэнтацыю якой у Менску афіцыйна забаранілі.
Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» — першая сольная праца гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава, вядомага з гуртоў «КальЯн», «Людзі на балоце» і Dzieciuki. Гэта песьні, якія выкананыя пад адну акустычную гітару на словы Алеся Чобата зь яго аднайменнага зборніку. Сам музыка называе сьляпога паэта са Скідзелю геніяльным творцам, які выдатна адчувае як мінулае, так і будучыню.
Алесь спачатку разглядаў «Кароткую гісторыю Беларусі», як альбом свайго праекту «Людзі на балоце», але ён у гэты час прыпыніў дзейнасьць, таму вырашана было запісваць праграму ўласнымі высілкамі. Толькі ў адным трэку, бонуснай вэрсіі «Калі над лугам бусел праляцеў» да Дзянісава далучаюцца запрошаныя музыкі Race of Dreamers. Некаторыя з гэтых песень таксама трапілі ў рэпэртуар гурту Dzieciuki. Падрабязьней пра гісторыю стварэньня гэтай праграмы TuzinFM пісаў з нагоды яе прэм’еры на пачатку лета.
Альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» ўвойдзе ў музычную гісторыю яшчэ і таму, што яго прэзэнтацыя была забароненая менскімі ідэолягамі і справа дайшла да суду.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ