«Майстэрскі Тузін» ад віцебскага «Паддашку»
3462 / 0
03.07.2014

«Майстэрскі Тузін» ад віцебскага «Паддашку»

Дырэктар бітлз-клюбу «Чердачок» Гарык Аганджанян узяў удзел у падвядзеньні вынікаў сэзону на Tuzin.fm ды склаў свой тузін найлепшых песень.

Адкрыцьцём сэзону 2013/2014 зь беларускіх камандаў для мяне апынуўся гурт Tonqixod, наогул з пачутых мною песень у іх большасьць выклікае інтарэс. Агульны ўзровень прадстаўленых кампазыцыяў — сярэдні. Наогул жа за апошняе дзесяцігодзьдзе працы зь беларускімі выканаўцамі магу адзначыць яўны рост колькасьці цікавых камандаў, а таксама сольных выканаўцаў. Гэта цешыць.

Сьцісла апішу якія менавіта моцныя рысы кожнай з абранай песьні я для сябе адзначыў.

Арцём Мід Не спыніць

Мне спадабалася канструкцыя песьні — роўная, з уцяжэлым гітарным рыфам, крыху касьмічная, у спалучэньне з матывам без прыпеву.

Дзьмітры Нікановіч — Ніколі

Прыгожая мэлядычная песьня, добра прасьпяваная. Яна цалкам бы пасавала для конкурсаў эстрадных выканаўцаў.

Harotnica — Фінка

Гітовая рэч! Вельмі спадабалася цяжкі гітарны пачатак і пераход ад спакойнага куплета да па-вар’яцку выкананым Валерыяй прыпеву.

Hurma — Птушка

Добры тэкст і вельмі някепска пасаджаныя словы куплету на музыку.

ili-ili — Сэрцы

Выдатная аранжыроўка ў спалучэньні з прыгожым жаночым вакалам.

Kriwi — Грушка

Добры душэўны сьпеў зь нечаканым канцом. Гітарны ўступ хутчэй за ўсё сыграны пад уражаньнем ад «My Valentine» Пола Макартні.

Красные звёзды і Кацярына Пытлева — Зорачка

Выкананьне песьні нагадала асаблівае гучаньне песень савецкіх часоў, што надала ёй дадатковую рамантычнасьць.

Мутнаевока — Драпежная котка

Вельмі добрая рытмічная кампазыцыя з сэнсам і асабліва добра выкананым прыпевам.

Navi — Не засынай

Вельмі гарманічная кампазыцыя, выдатная выкананая. Можа слухаць некалькі разоў запар.

Песьняры — Кацярынка маладая

Адразу пазнавальная «песьняроўская» рэч. Нягледзячы на гэта ўспрымаецца вельмі сьвежа.

Tonqixod — Насыпаць горы

Вельмі якасна і выдатна выкананы беларускі арт-рок.

Yellow Brick Road — Нулявыя

Асабліва спадабаўся ўступ і гітарная тэма цягам амаль усёй песьні. А таксама першае слова ў песьні — «Аюрведа».

Гарык Аганджанян, для Tuzin.fm

Гарык Аганджанян нарадзіўся ў 1968 годзе ў Тбілісі. У Віцебску жыве з 1992 году, дзе адкрыў спачатку сетку майстэрняў па рамонту абутку «Каблучок», а потым кавярню «Melody» і бітлз-клюб «Чердачок» («Паддашак»). Старшыня Віцебскага Бітлз-клюбу, арганізатар шматлікіх канцэртаў выканаўцаў зь Беларусі, Літвы, Армэніі, Гішпаніі, ЗША ды іншых краінаў,  арганізатар фэстывалю «Ob-la-ki, Ob-la-ka» (2011). Па вэрсіі Першага музычнага каналу «Чердачок» прызнаны найлепшым андэграўнд-клюбам Беларусі, а сам Гарык — чалавекам году ў Віцебску паводле апытаньня чытачоў інтэрнэт-газэты  «Народныя навіны Віцебска» (2011). Менавіта на «Паддашку» справіў сваё 6-годзьдзе «Тузін Гітоў» у 2009 годзе, тут жа прайшоў паказ праекту «Тузін.Немаўля» ў 2013-м.