Чалавек Павук. Музыка як зброя адплаты (інтэрвію/відэа)
Аўтар трэш-поп-гіта «Я из деревни» Андрэй Павук распавёў у інтэрвію Tuzin.fm пра сваю сольную праграму «Канцэрт без радыкальнай назвы» і прызнаўся, што яму страшна бавіцца з вострасацыяльнай тэматыкай. Але інакш ён ня можа.
Да нядаўняга часу Андрэй Павук працаваў акампаніятарам у цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі ў гарадзкім пасёлку Акцябрскі, што на Гомельшчыне. Шмат хто пра пасёлак гэты дазнаўся дзякуючы песьні «Я из деревни», якую Андрэй напісаў для 13-гадавой школьніцы Ксеніі Дзягелькі. Іранічны музычны экспэрымэнт на мяжы правакацыі спрацаваў як мае быць — відэа разыйшлося па сеціве, а Ксюша стала зоркаю байнэту. Цяпер у гэтага роліка пад 1 300 000 праглядаў і пад 10 000 дызлайкаў. У тым жа жанры постмадэрновага сьцёбу Андрэй пісаў і для гурта «Аны» з таго ж Акцябрскага (дасавецкая назва пасёлку — Рудабелка). Але ў адрозьненьні ад Ксюшы, іх песьні ў народ не пайшлі. Сёлета музыка вырашыў выправіцца ў сольнае плаваньне і падрыхтаваў праграму пад назвай «Канцэрт без радыкальнай назвы». Першы яго выступ прайшоў у Гомелі.
ТГ: Андрэй, а ў сувязі з чым вы вырашылі распачаць сольную кар’еру?
Сольна я пачаў выступаць у сувязі з тым, што пазбавіўся ад аковаў дзяржаўнай працы, стаў ІП і цяпер магу казаць тое, што палічу патрэбным.
ТГ: А раней не маглі?
Раней не даваў рады, бо на начальніка ціснулі, мяне нахілялі. Ды я і сам адчуваю, што песьнямі сваімі нясу дабро і радасьць у масы. Музыка — гэта зброя адплаты. Мастацтва дае людзям пажытак для розму. Мае песьні высьмейваюць кепскае ды заахвочваюць добрае. Наогул жа хачу кіраваць з дапамогай вершаплёцтва думкамі ўдзячных слухачоў.
ТГ: А ў якім стане вашы праекты — зь Дзягелькай і гуртом «Аны»?
Ракавая сустрэчы з Ксюшай была шчасьлівай выпадковасьцю, хоць для іншых і ня надта шчасьлівай. Зь ёй цяпер мы амаль ніяк не перасякаемся. «Аны» нічога ня робяць, бо музыкі мы пасрэдныя, граць ня ўмеем. Ды і клопатаў побытавых хапае. Прасьцей тварыць аднаму. Ня трэ нікога змушаць ды пераконваць, бо тэматыка маіх песень крамольная. Паспрабуй знайдзі адзінадумцаў у нас на вёсцы.
ТГ: А ці гатовыя вы праводзіць у іншых гарадах такія культурна-асьветніцкія мерапрыемствы, як
«Канцэрт без радыкальнай назвы»?
Я гатовы сьпяваць усім, хто будзе мяне слухаць. Гэта мая мара — быць карысным дапытлівым умам.
ТГ: А ня страшна вось так забаўляцца з вострасацыяльнай тэматыкай?
Страшна. Але для мяне яшчэ больш страшна пражыць жыцьцё і ня даць гэтаму сьвету плёну сваёй творчасьці. Баюся, але пяю. Тым больш, што ў краіне ў нас ўрадлівая глеба для творчасьці, таму што ўсё забараняюць, нават тое, што можна. Бард-року толькі гэта і патрэбна.
ТГ: Пра сур'ёзны працяг кар’еры ці думаеце? У акампанімэнт каго запрасіць, дыск там запісаць, кліп зьняць?
Вітаю імкненьне да супрацы са мной кампазытараў, паэтаў, прадусараў ды іншых мэдыяпэрсон. Хачу сур’ёзных запісаў. Як паказвае практыка мая творчасьць можа нарабіць шмат шума і таму акупіцца хутка, так што запрашаю да супрацы неабыякавых.
ТГ: А як вас успрымаюць на радзіме?
У раёне пануе ўстойлівае меркаваньне пра маю асобу. Мяне лічаць апазыцыянэрам.
ТГ: Ці можаце пазнаёміць бліжэй з вашым рэпэртуарам, жанравай разнастайнасьцю і тэматыкай вашых твораў?
Ідэалёгія маёй творчасьці трымаецца на трох кітах. Першае — гэта інстынкты: гордасьць, фанабэрія, пралюбадзейства ды іншыя. Дзякуючы ім мы ня можам нічога. Мы робаты ў гэтым сьвеце і залежым ад ласкі біяхіміі нашага арганізма. У нас шмат спакусаў, яны разрываюць нас на кавалкі, мы ня ведаем, як іх утаймаваць. Другое — гэта рэлігія. Абсалютна ненавуковая і прымхлівая вобласьць чалавечага быцьця, што існуе дзякуючы непераможным інстынктам. Рэлігія ў вачах нармальных адэкватных людзей даўно сябе дыскрэдытавала. Веравызнаньне — нагода для канфлікту, гэтак жа як і ідэалёгія (патрыятызм). Сарказм — ёй дарога. Урэшце трэцяе — непараўнальная палітыка. Палітыка — пані няшчырая, таму крыўдлівая. Ня любіць сарказму, таму і душыць вольных мастакоў. Палітыка — самы хуткі і небясьпечны спосаб для славы. А паколькі я славалюбівы, то з ахвотаю паразытую на слабасьцях нашага непарушнага рэжыму. Ня выключана, што за гэта мяне чакае адплата. Пра любоў зямную не пяю, таму што гэта бессаромны інстынкт-наркотык. Калі пра любоў, то толькі да Радзімы.
Цалкам сольны канцэрт Андрэя Павука можна паглядзець па гэтай спасылцы.
Tuzin.fm
Не вижу тут никакой художественной ценности. Если бы это во время пьянки пели, то ничего, но это ведь не тот случай...
Не ў мастацкасьці справа. Нас цікавіць пытаньне творчага самавыяўленьня асобы ва ўмовах існаваньня дзьвюх Беларусяў. І гэты выпадак - вельмі паказальны ў сваёй шызафрэнічнасьці. Творца нібы працуе на карысьць сыстэмы, але тым самым паказвае ўвесь ідыятызм сытуацыі. Камізм у тым, што пры ўспрыманьні яго песень за чыстую манэту, яны могуць гучаць на канцэрце пад эгідай БРСМ, а пры дэтальным разборы апынуюцца крамолай і прафанацыяй. Такая ж гісторыя з "Саня останеться с намі", падобныя правакацыі вырабляў Лявон Артуравіч у "Куплетах ды прыпевах" ды РСП цягам усёй сваёй творчасьці. Такі цяпер час - ідыятызму. Песьні Андрэя гэты час добра ілюструюць, таму пра яго і напісалі.
КАМЕНТАВАЦЬ