
Танчыць Znich. Фольк-мэтал у электроннай апрацоўцы (прэм’ера!)
Алесь Таболіч і праект A\Vesh прадстаўляюць на Tuzin.fm рэміксы на песьні «Крыжы-абярэгі» і «Як пушчу стралу» з будучага электроннага альбому.
Апрацоўкі песень зрабіў чалавек, які тонка адчувае як брутальную, так і электронную музыку — Аляксандар «Burzum» Філіпенка. Ён грае ў Znich на басу і піша музыку, а таксама мае ўласны электронны праект A\Vesh. «Гэта першая вядомая мне спроба перарабіць беларускі мэтал на электронны манер і мне здаецца, што выйшла вельмі цікава», — кажа лідэр Znich Алесь Таболіч. Ён прызнаецца, што рэміксы ды і ўся электронная музыка, знаходзяцца па-за сфэрай яго цікавасьці, але тым ня менш падобныя экспэрымэнты з стылямі заўжды прыцягваюць увагу музыкі: «Мне падабаецца, як у свой час загучалі песьні „Старога Ольсы“ і „Палацу“ ў электронных апрацоўках. Мне імпануе музычны падыход у рэміксе нашай песьні „Крыжы-абярэгі“. Перапрацоўку „Стралы“ ў драм-н-басе мне цяжэй успрымаць, але ня буду спрачацца з тымі, хто кажа, што атрымаўся выдатны трэк».
Аляксандар «Burzum» Філіпенка, бас-гітарыст Znich, лідэр праекту A_vesh
Для Таболіча электронны праект — суцэльнае адкрыцьцё. Ён і сам ня ведае, як успрыме такі Znich публіка, бо і для яго трэкі гучаць «як мінімум дзіўна». У такім выглядзе музыкаў можна нават і на карпаратывы запрашаць пайграць. «Карпаратывы??? — сьмяецца Алесь. — Ну хіба калі нехта прыме гроўлінг з электроншчынай, дык можам і выступіць. А насамрэч мне вельмі цікава паглядзець на рэакцыю слухачоў».
Алесь Таболіч
Пакуль Таболіч і A\Vesh прадстаўляюць два рэміксы на Tuzin.fm. Наогул жа мяркуецца выданьне цэлага альбому апрацовак самых гітовых тэмаў «Зьніча» на электронны лад. Публічная прэм’ера праекту заплянаваная на 20—21 чэрвеня на фэсьце «Купальскае кола».
На рэміксах Znich экспэрымэнты з формай і зьместам не спыняе. Музыкі таксама зьбіраюцца прэзэнтаваць анімацыйны кліп на песьню «Дунаю».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ