Navi пры падтрымцы «Палацу» адкрые сэрыю канцэртаў «Засьпявай 2.0»
Гурт Navi выступіць на тэрасе кавярні Chill-Out на плошчы Свабоды 19 чэрвеня. Іх выступ падтрымае гурт «Палац» з акустычнай праграмай.
Гурт Navi, аснову якога складаюць Арцём Лук’яненка (22 гады) і Ксенія Жук (22 гады), стаў адным зь фіналістаў конкурсу «Засьпявай 2.0». Музыкі падалі заяву на ўдзел у дзьвюх намінацыях — «Кавэр» і «Сьпяваная паэзія», і ў абодвух былі адзначаныя журы.
На «Кавэр» музыкі падалі песьню «Жар-птушка» на верш Генадзя Бураўкіна, якую выконваў ансамбль «Сябры». «Мы вырашылі ўзнавіць гэтую цудоўную песьню. Пранікнёная, прыгожая кампазыцыя, якая кранае душу, і пра якую, на жаль, мала, хто ведае цяпер. Наша мэта ўзнавіць песьню і нават уключыць яе ў канцэртную праграму», — кажа вакалістка Ксенія Жук.
Для намінацыі «Сьпяваная паэзія» Navi падрыхтавалі твор на верш вядомага беларускага паэта 20-х гадоў XX ст. Паўлюка Труса «Плакалі ветры». «Хоць аўтар не сучасьнік, але тэкст твору абсалютна сучасны і можа адлюстроўваць эмоцыі і перажываньні сучаснага чалавека. Тэма каханьня будзе заўсёды актуальнай. Таму лічым, што песьня можа быць сучаснай і закрануць слухача», — кажа Арцём Лук’яненка. Navi ўжо выканалі яе на сваім сольным канцэрце пры ўдзеле госьця — лідэра гурта «Палац» Алега Хаменкі.
Падчас свайго сэту на тэрасе Chill-Out 19 чэрвеня Navi сыграюць свае конкурсныя песьні, а таксама абраныя творы з альбому «Сонцам сагрэтыя». Паводле задумы летніх канцэртаў, кожнага фіналіста «Засьпявай» падтрымае сваім выступам вядомы гурт. Госьцем гэтага вечару стане якраз гурт «Палац», які выступіць пасьля Navi з гадзінным сэтам найлепшых песень у акустычным гучаньні.
Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.
НАБЫЦЬ КВІТОК
19.06. Тэраса кавярні «Chill-Out» (плошча Свабоды, 4). Navi. Пры падтрымцы гурта «Палац». Пачатак у 20:00. Кошт квіткоў — 120 000 — 160 000 (ёсьць магчымасьць набыць столік на 5 асобаў). Толькі 50 месцаў! Інфалінія: +375 29 676-81-95.
Tuzin.fm
Як выглядае "сакрэтная" тэраса, што месьціцца ў дворыку гістарычнага будынка насупраць Ратушы можна тут http://vk.com/app4477332_-59696851
КАМЕНТАВАЦЬ