«Гэта вялікае сьвята». Беларускія музыкі пра Нобэль Алексіевіч (аўдыё)
Лявон Вольскі, Аляксандар Кульлінковіч, Алег Хаменка, Ігар Варашкевіч, Уладзь Лянкевіч, Сяргей Балахонаў, Алесь Дзянісаў, Аляксандар Памідораў падзяліліся сваімі эмоцыямі на Tuzin.fm з нагоды першага беларускага Нобэлю.
Сьвятлана Алексіевіч стала першай беларускай у гісторыі, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. У прадстаўленьні Швэдзкай літаратурнай акадэміі гаворыцца, што творчасьць Алексіевіч адрозьнівае «поліфанічная проза, якая зьяўляецца помнікам цярпеньня і гераізму ў наш час». «Выкарыстоўваючы свой унікальны творчы мэтад — старанна складзены каляж чалавечых галасоў — Алексіевіч паглыбляе наша разуменьне ўсёй эпохі», — заявіў Нобэлеўскі камітэт.
Беларуская музычная супольнасьць з прыязнасьцю ўспрыняла гэтую навіну. «Я парадаваўся. Лічу, што ўсе гэтыя лузэрскія сэнтэнцыі „небеларуская-савецкая-расейская“ нічога ня вартыя. Беларуская. Беларуская літаратарка атрымала Нобэля. Гэта вялікае сьвята. А тое, што творца некалі гаворыць пад уплывам розных настрояў, дык гэта ж творца… Я лічу, што ўганараваныя й Адамовіч, Быкаў, Брыль, Калесьнік — тыя, хто стаяў ля вытокаў дакумэнтальнае прозы ў Беларусі. І, дарэчы, гэта вельмі цяжкі жанр — трэба размаўляць зь безьліччу людзей, усё гэта прапускаць празь сябе. Карацей, абсалютна, на мой погляд, заслужаная перамога», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm Лявон Вольскі.
«Безумоўна, я вельмі рады! Такая перамога вельмі значная, гэта ня выйгрыш у футбол — хто там быў чэмпіёнам у 1998 годзе? Ніхто не памятае. А гэта перамога азначае, што наша краіна ўпісаная ў гісторыю. І ўпісаная па-добраму. Я лічу гэтую перамогу беларускай, безумоўна. Сам я чытаў толькі „Чарнобыльскую малітву“ — мяне ня ўразіла, па-шчырасьці, але гэта справа майго густу. Віншую ўсіх суайчыньнікаў!» — зазначыў лідэр Neuro Dubel Аляксандар Кульлінковіч.
«Ды што тут скажаш — гэта крута. У нас свой Нобэль безь ніякіх агаворак, кшталту, нарадзіўся ў засьценку N, але ў дзяцінстве/юнацтве зьехаў і г. д. І за саму пісьменьніцу радасна, бо кожны ведае, як прыемна, калі тваю працу высока ацэньваюць. Некалькі кніг чытаў, дарэчы, у добрых беларускіх перакладах:). Гэта цікавая, але цяжкая літаратура. Множыць банальныя пахвалы не хацелася б — і так зразумела, што гэта творы высокага гатунку. Ці лічу гэтую перамогу Нашай? У сэнсе ці кладзецца яна ў прымроеную кімсьці мітычную скарбонку Вялікай Беларусі-Літвы, якая адродзіцца з попелу? На жаль, у коле „нашых“ таксама звычайныя людзі, але дзякуючы нашасьці ім многае прабачаецца. А „непасьвечаных“ часта без разбору пад адзін капыл падганяюць. Такі фармальны падзел мне падаецца проста недарэчным. Мяне вабяць людзі годныя, цікавыя, разумныя. І нашым і агулам Беларусі такія людзі пойдуць на карысьць. А Сьвятлана Алексіевіч менавіта такая асоба», — сказаў Уладзь Лянкевіч, паэт і вакаліст гурту TonqiXod.
«Я вельмі рады! Такая шчырая і станоўчая эмоцыя! Потым сяджу, думаю: ну чаго?.. Ну, далі, і што? Гэта ж не крэдыты МВФ. А я такі ўзрадаваны, быццам гэта мяне ўзнагародзілі! Ня хочацца зараз аналізаваць чаму гэта навіна выклікала ў мяне такі ўздым. Пройдзе час — само вытлумачыцца, а пакуль — дайце парадавацца!» — гэтак адрэагаваў на ўзнагароджаньне пісьменьніцы зь Беларусі лідэр «Палацу» Алег Хаменка.
«Усьцешаны, што Нобэлеўскі камітэт ушанаваў беларускую пісьменьніцу. Спадзяюся, што гэтая падзея павысіць (а недзе і народзіць з нуля) цікавасьць замежжа да Беларусі і беларускай культуры ў розных яе праявах. Хацелася б, каб гэтая перамога паўплывала і на саміх беларусаў (зруйнавала комплексы непаўнавартасьці, засьведчыла магчымасьць дасягаць посьпеху ня толькі на постсавецкай прасторы), а таксама пэрсанальна на пісьменьніцу. Мне цяжка ўявіць, якая адказнасьць раптам звальваецца разам з Нобэлеўскай прэміяй на галаву ляўрэата, але падаецца, што гэта моцнае выпрабаваньне. І падаецца, што першымі сваімі крокамі ў новай для сябе якасьці Сьвятлана Алексіевіч з выпрабаваньнем спраўляецца», — кажа літаратар і музыка Сяргей Балахонаў.
«Я безумоўна вiншую Сьвятлану Алексiевiч, але калi такая колькасьць людзей адначасова абмяркоўвае гэтую тэму, хочацца памаўчаць:) Калi зашмат словаў — я маўчу», — пракамэнтаваў лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч.
«Сапраўды вельмі рады за Сьвятлану Алексіевіч. І ня толькі з пункту гледжаньня, што яна першая нобэлеўская ляўрэатка ад Беларусі, і што 14-я жанчына ў сьвеце… Гэта ўсё папса. Гэта ня так важна. Тое, што яна рабіла ўсё жыцьцё — запісвала людзей, давала ім выказацца, уздымала іх праблемы, аналізавала і г. д. — гэта вартае найвышэйшай адзнакі. Яна ў нейкім сэнсе была рупарам людзкога гора, казала пра тое, што ў савецкай, а потым і беларускай дзяржаве было ці забаронена ці няёмка было казаць у голас. Я прачытаў некалькі кніг Алексіевіч. Ня ўсё, але дастаткова, каб сказаць: брава, спадарыня Сьвятлана! І не таму, што яна атрымала Нобэля», — цешыцца вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў.
«Трэба радавацца, а ня кпіць ды шукаць розных хібінаў зь біяграфій ды інтэрвію. Дзякуй Б-гу, што слова Алексіевіч цяпер гучыць на ўвесь сьвет. Дзякуй ёй за ўзгаданых літаратурных настаўнікаў. Можа хто пасьля і захоча дакрануцца калі не да Быкава, дык да Адамовіча, ці да абодвух вартых Нобэля, і цкаваных ажно трыма ўладамі гэтага ня вельмі шчасьлівага ды ўсё ж роднага краю. А ўласна дзякаваць ляўрэатцы за яе кнігі не магу. Гэта як дзякаваць за хлеб, за соль увечары. Дзякаваць ня трэба. Трэба шанаваць. Бо гэта справа ня ейная асабістая. Гэта справа нашая агульная. Шкада, што няшмат хто з нас адчувае сваёй гэтую справу, гісторыю ды боль», — рэзюмаваў Аляксандар Памідораў.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ