TonqiXod: «Радуе, што слухач пачуў наш пасыл» (аўдыё/відэа)
3409 / 0
15.01.2016

TonqiXod: «Радуе, што слухач пачуў наш пасыл» (аўдыё/відэа)

Песьня «Марозная», якую гурт TonqiXod выканаў разам зь Сяргеем Пукстам, атрымала перамогу ў адмысловым навагоднім туры на Tuzin.fm.

Навагодні чарт цалкам складаўся зь песень, якія ўвайшлі ў праект «Новае пакаленьне на Новы год». Песьня «Марозная» перамагла з досыць сур’ёзным адрывам ад астатніх, назьбіраўшы 275 галасоў. Як распавёў з нагоды прэм’еры яе аўтар Уладзь Лянкевіч, кампазыцыя натхнёная казкай Андэрсана пра Сьнежную каралеву, падзеі якой адбываюцца ў сучасным горадзе. «На перамогу не асабліва разьлічвалі, хаця нам самім песьня падабаецца і патэнцыял мы ў ёй адчуваем. Але цяперашняя „жывая“ вэрсія далёкая ад дасканаласьці, радуе, што за пэўнымі тэхнічнымі хібамі, слухачу ўдадося пачуць пасыл», — кажа Ўладзь і прызнаецца, што і сам актыўна галасаваў за гэтую кампазыцыю ў чарце, «бо гэта ж такі спорт». Апроч уласна «Марознай» пераможца адзначае з сваіх самых улюбёных песень з навагодняга праекту таксама твор у выкананьні Re1ikt і Паўла Аракеляна «Толькі сьнег». «Саксафон надзвычай упрыгожыў гэтую кампазыцыю», — зазначае вакаліст TonqiXod.

Другі вакаліст і клявішнік гурта Максім Субач распавёў, што акурат цяпер гурт працуе над студыйнай вэрсіяй «Марознай», якая будзе трохі адрозьнівацца ад цяперашняй. «І ня толькі тым, што там няма Сяргея Пукста, але і шматлікімі аранжыровачнымі хітрыкамі. І ўрэшце яна пабачыць сьвет празь нейкі час у складзе невялічкага ЕР, так званай трылёгіі ў кампаніі зь яшчэ дзьвюма кампазыцыямі». «А зь Сяргеем Пукстам нам спадабалася, так што — хто ведае, мо і яшчэ нешта разам замуцім», — дадае Ўладзь Лянкевіч.

Праект «Новае пакаленьне» быў падрыхтаваны тэлеканалам «Белсат» у партнэрстве з Tuzin.fm.

Tuzin.fm, фота Вольгі Куваевай