КЗ «Мінск» адмовіўся даваць залю для канцэрту памяці Ганны Вольскай
Кіраўніцтва Рэспубліканскага культурна-асьветніцкага цэнтру адказала арганізатарам, што ня можа прадаставіць памяшканьне для гэтага мерапрыемства.
Канцэрт памяці Ганны Вольскай было вырашана зладзіць менавіта ў КЗ «Менск», бо з гэтай пляцоўкай зьвязана шмат успамінаў. Менавіта тут Ганна ладзіла прэзэнтацыю альбома «Тры чарапахі» гурту N.R.M. і маштабнае шоў-прэзэнтацыю альбому «Каралі раёну» праекту «Крамбамбуля». Канцэрт меркавалася правесьці ў акустычным фармаце пры ўдзеле сяброў і калегаў сям’і Вольскіх. Але справа не дайшла нават да падачы на гастрольнае пасьведчаньне.
«Калі толькі мы загаварылі пра гэтую ідэю, Лявон выказаў меркаваньне, што дазволу не дадуць. А мне здавалася, што памяць пра чалавека — гэта сьвятое. Але я памыліўся. Нам адмовілі ў здачы залі ў арэнду», — паведаміў арганізатар канцэрту Ўладзімер Шаблінскі. Ён кажа, што спачатку кіраўніцтва КЗ «Мінск» сказала, што заяўленая дата 7 ліпеня ў іх вольная, але папрасіла час на «кансультацыю» з той нагоды, ці здаваць залю, потым прасілі сьпіс выступоўцаў, а пасьля адмовілі. На той падставе, што ў гэтыя дні будзе праведзенае «дзяржаўнае мерапрыемства з удзелам органаў дзяржаўнай улады, сілавых міністэрстваў і ведамстваў».
Іншую дату ды іншае месца арганізатары канцэрту памяці Ганны Вольскай ня будуць выбіраць. «Абсалютна разумею рэакцыю Лявона, які сказаў, што ў гэтай краіне ня будзе рабіць ніякіх канцэртаў. Шукаць іншыя магчымасьці зладзіць канцэрт тут я ня бачу сэнсу, бо калі дадуць залю, то адмовяць у гастрольцы, а калі дадуць гастрольку і пойдзе рэкляма, дык пацячэ этыленгліколь ці яшчэ што. Думаю, нават на хутары не далі бы зрабіць канцэрт. Мне вельмі непрыемна і балюча гэта ўсьведамляць, але так яно і ёсьць», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm Уладзімер Шаблінскі.
Папярэдняя спроба зладзіць канцэрт з удзелам Вольскага на хутары Арлоўшчына на Масьленіцу таксама была безвыніковай.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ