Irdorath: «Dreamcatcher» — альбом не на адзін сэзон (аўдыё)
3476 / 0
27.06.2016

Irdorath: «Dreamcatcher» — альбом не на адзін сэзон (аўдыё)

У апошнім туры ў сэзоне 2014/2015 у CD-чарце перамогу атрымаў гурт Irdorath з альбомам «Dreamcatcher».

Праца Irdorath набрала ў 9-м туры альбомнага чарту 600 галасоў і апярэдзіла па выніку пераможцу папярэдняга туру — гурт Rahis на 97 галасоў. Гэта прыемная навіна супала зь іх выступам на расейскім фэсьце «Дикая мята», дзе беларусы выступалі паміж гуртом Iowa і Фёдарам Чысьцяковым. Адразу па вяртаньні з Тульскай вобласьці вакалістка каманды падзялілася сваімі ўражаньнямі і апошнімі навінамі.

«Скажу па-шчырасьці, што мы не сачылі за апошнім турам галасаваньня, бо занадта шмат адначасасова адбывалася ў нашым жыцьці. Бачым толькі, як нас віншуюць зь перамогай у чарце і штораз зьдзіўляемся і радуемся. Гэта неверагодна, але пры тым, што мы ад сябе не анансавалі свой удзел у галасаваньні, зь дзевяці тураў мы тры разы займалі другое і пяць разоў першае месца! Напэўна, гэта сьведчыць пра любоў слухачоў да таго, што мы зрабілі. І тое, што Dreamcatcher“ — альбом не на адзін сэзон», — кажа сьпявачка.

З апошніх навінаў каманды — новы самотнік на латыні «Adde Duas» трапіў у музычную складанку «Mittelalter Special XIII» разам з трэкамі такіх гуртоў, як In Exremo і Tanzwut. Дыск выйшаў як дадатак да найбуйнейшага готык-часопіса Sonic Seducer. Гурт якраз на самым пачатку ліпеня выступіць у Нямеччыне на Hoernerfest.

Музыкі маюць у плянах запіс новага альбому. Яму будуць папярэднічаць некалькі самотнікаў, над якімі цяпер ідзе праца. Плянуецца, што кампазыцыі будуць запісаныя на беларускай, нямецкай і лацінскай мовах.

Сачыць за навінамі можна праз афіцыйную суполку ЎКантакце і Facebook.

Tuzin.fm, фота Koolia Reznikoff