Адэля Вольская: «Я вырашыла падзяліцца сваім сьветапоглядам зь іншымі» (прэм’ера!)
10443 / 1
03.08.2016

Адэля Вольская: «Я вырашыла падзяліцца сваім сьветапоглядам зь іншымі» (прэм’ера!)

18-гадовая сьпявачка прэзэнтуе на Tuzin.fm EP «Усё атрымаецца», у які ўвайшлі тры кампазыцыі яе аўтарства.

Адэля кажа, што яна ўжо даўно піша песьні, некаторым яе творам чатыры і болей гадоў. Але толькі цяпер яна вырашыла абвесьціць публічна пра сваю творчасьць. «Пісала песьні я для сябе і не зьбіралася выкладаць іх у інтэрнэт. Але нядаўна вырашыла, што павінна падзяліцца сваім сьветапоглядам зь людзьмі. Таму паступова запісваюся», — распавяла сьпявачка Tuzin.fm з нагоды прэм’еры. Матэрыялу набіраецца на паўнавартасны альбом, які Адэля мяркуе неўзабаве выдаць. А пакуль яна прэзэнтуе першыя тры запісаныя творы — «Усё атрымаецца», «Адэлька-сардэлька» і «Цудоўны сьвет». Музыка і словы належаць аўтарству Адэлі.

«Я натхняюся звычайнымі паўсядзённымі сытуацыямі, — распавядае сьпявачка. — Напрыклад, „Усё атрымаецца“ была напісаная падчас майго прабуджэньня ў сонечны дзень — я адчула неапісальную радасьць і зразумела, што як бы ні было складана, усё адно ўсё атрымаецца, калі чалавек насамрэч гэтага вельмі хоча. Таксама на гэтую песьню паўплывла мая любоў да людзей. Людзі мяне вельмі натхняюць: іх позіркі, жэсты, манера размовы і энэргетыка».

Песьня «Адэлька-сардэлька» — адна з даўнейшых. Яна зьявілася ў 2012 годзе. «Стварыла я яе, калі ўва мне прачнуласа вострае жаданьне — быць заўсёды маленькай дзяўчынкай. А вырашыла назваць яе так, таму што такой мянушкай называў мяне тата ў дзяцінстве, і я заўсёды злавалася, калі ён мяне так называў, бо лічыла, што ён мяне абражае. Але цяпер гэтая мянушка для мяне, як цёплы ўспамін зь дзіцячых часоў майго жыцьця».

Трэцюю кампазыцыю — «Цудоўны сьвет» Адэля напісала пасьля шпацыру па горадзе: «Вельмі люблю гуляць на самоце і насычацца звычайнымі прыроднымі зьявамі: сонейкам, ветрам, дажджом і г. д. Падчас такіх шпацыраў я адчуваю сябе вельмі шчасьлівай, бо разумею, што наш сьвет цудоўны».

Пакуль музычны праект Адэлі Вольскай існуе ў студыйным фармаце. Жывыя выступы не плянуюцца.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: