«Party-Zan фільм»: «Нам патрэбная новая беларуская музыка!»
Інтэрнэт-партал Tuzin.fm разам з творчай суполкай Bez Buslou Arts абвяшчаюць конкурс на саўндтрэк да новай беларускай кінакамэдыі «Party-Zan фільм».
Фільм робіць тая ж каманда, якая здымала «ГараШ» — творчая суполка Bez Buslou Arts. Новая стужка Андрэя Курэйчыка і паплечнікаў завецца «Party-Zan фільм» і пазыцыянуецца, як «першая беларуская прыгодніцкая моладзевая камэдыя». Па сюжэце, два маладзёны — няўдалы бізнэсовец і праграміст, якія засталіся бяз працы, бяруцца ажыцьцявіць сваю «беларускую мару» — зарабіць шмат грошай. Яны прадстаўляюцца беларускімі кінапрадусарамі і дамаўляюцца на здымкі некалькіх ваенных сцэнаў для расейскага фільму, але сутыкаюцца з шэрагам праблемаў — ім пагражае сутыкненьне са злодзеямі і турма за махлярства.
«Мы хочам здымаць сваё, незалежнае кіно пра беларусаў для беларусаў і паспаборнічаць у пракаце з замежнымі стужкамі», — заяўляюць пра свае намеры стваральнікі фільму. Перад самым пачаткам здымак «Party-Zan фільму» інтэрнэт-партал Tuzin.fm разам з творчай суполкай Bez Buslou Arts абвяшчаюць конкурс на саўндтрэк. «Нам патрэбная новая беларуская музыка, якая прагучыць у нашым фільме. Мы хочам сапраўды круты саўндтрэк, які дадасьць нашаму фільму настрою і расфарбуе яго!» — кажа аўтар сцэнару, рэжысэр і прадусар стужкі Андрэй Курэйчык.
Дасланыя на конкурс песьні маюць быць запісаныя ня больш чым два гады таму ў альтэрнатыўных музычных жанрах на беларускай мове (рок, рэп, індзі, альтэрнатыва, электроніка). Песьні ў поп-стылістыцы не разглядаюцца.
Свае творы можна дасылаць у фармаце мр3 (зь бітрэйтам 320 kbps) на электронную пошту конкурсу partyzan.music2016@gmail.com да 30 верасьня ўключна. Да ліста таксама неабходна прыкласьці кароткую інфармацыю пра выканаўцу, тэкст песьні з пазнакай аўтарства музыкі і словаў. Тыя выканаўцы, якія будуць адабраныя рэдакцыяй Tuzin.fm і творчай суполкай Bez Buslou Arts, змогуць стаць часткаю каманды, пасупрацоўнічаць з аўтарамі праекту і пачуць свае творы ў самой стужцы.
Прэм’ера фільму заплянаваная на 29 сьнежня. Незалежны кінапраект можна таксама падтрымаць на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by.
Tuzin.fm
Колькасць твораў ад аднаго гурта абмежавана?
Пажадана не дасылаць усе свае запісаныя песьні, а абраць тое, што лічыце самым лепшым. 1-2 песьні.
КАМЕНТАВАЦЬ