Cтартуе навучальная сэсія «Засьпявай 4x4» (фота/аўдыё)
3045 / 0
12.06.2017

Cтартуе навучальная сэсія «Засьпявай 4x4» (фота/аўдыё)

Фіналістаў конкурсу чакае насычанае лета — кансультацыі мэнтараў, цыкль лекцыяў, заняткі па вакале, праца ў студыі і справаздачныя канцэрты. Адукацыйная праграма «Засьпявай 4x4» стартавала!

Чацьверты сэзон конкурсу маладых выканаўцаў праходзіць у новым фармаце — упершыню ўведзены адукацыйны складнік. Пасьля вызначэньня фіналістаў пачынаюцца заняткі і майстар-клясы. Перад музыкамі стаіць задача зрабіць па выніку сваю конкурсную песьню лепей з улікам атрыманага досьведу. За кожным з прэтэндэнтаў на перамогу замацаваны свой мэнтар: сьпявачку K3tyvana падтрымае Дзьмітры Літвіновіч, заснавальнік гурту CherryVata і кіраўнік лэйблу Ezhevika; з гуртом «Тутэйшыя» будзе працаваць Сяргей Доўгушаў, лідэр гурту Vuraj і кіраўнік «Сьпеўнага сходу»; гурт «Малала» можа разьлічваць на Алега Хаменку, лідэра гурту «Палац», а дуэт Марыі Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі пасупрацоўнічае з саўндпрадусарам Андрэем Акатавым.

Дуэт Марыі Гаўрыленкі і Аліны Казачэнкі — фіналіст «Засьпявай 4x

«У фінал выйшлі вельмі цікавыя, а галоўнае разнаплянавыя музыкі. Хоць для істотнага прафэсійнага росту патрэбны куды большы час, мы пастараемся разам дасягнуць посьпеху за гэтыя два месяцы. Магчыма нават некага мы пабачым у абсалютна іншым гучаньні, вобразе ці нават стылістыцы. Мы паспрабуем дапамагчы зрабіць хоць невялікі, але важны крок да прафэсійнай музычнай дзейнасьці», — зазначае Андрэй Акатаў, кіраўнік студыі Central Station, адказны сярод іншага за гук праграмы Belsat Music Live.

Фіналістка «Засьпявай 4x4» K3tyvana

16 і 17 чэрвеня для фіналістаў «Засьпявай» пройдзе шэраг лекцыяў і майстар-клясаў, які закране шэраг аспэктаў музычнай сфэры. Яны пазнаёмяцца з тонкасьцямі студыйнай працы, маркетынгавымі тэхналёгіямі, прынцыпамі распаўсюду і продажу сваёй музыкі, дазнаюцца пра арганізацыю канцэртаў і фэстаў ды пра важнасьць візуальнай канцэпцыі ў музыцы. Заняткі правядуць як самі мэнтары, так і запрошаныя госьці, сярод іх піяр-мэнэджар Зьміцер Безкаравайны, прамоўтэр Антон Сіманкоў, граф-дызайнэрка Наста Шастак. Конкурс шчыльна зьвязаны як з музыкаю, так і з паэзіяй. Адмысловыя лекцыі рыхтуюць выкладчык беларускай літаратуры БДУ Аляксей Стрэльнікаў, які распавядзе пра гісторыю сучаснай беларускай паэзіі — ад суполкі «Тутэйшыя» да батлаў у «Графіці». А дасьледчык Віктар Сямашка распавядзе пра гісторыю сучаснай беларускай музыкі ў кантэксьце сусьветнай.

Гурт «Тутэйшыя» — фіналіст «Засьпявай 4x

«Пакуль лекцыі даступныя толькі для фіналістаў, але мы маем спадзеў, што ў будучыні гэты конкурс пераўтворыцца ў яшчэ больш маштабны праект, а то і рэаліці-шоў, у якім бы спалучыліся адукацыйны і забаўляльны складнік, і які быў бы карысным як для адмыслоўцаў, так і для музыкаў, так і для звычайных слухачоў, якія хочуць пашырыць свой кругагляд», — кажа прадусар «Засьпявай 4xСяргей Будкін.

Гурт «Малала» — фіналіст «Засьпявай 4x

Пасьля лекцыяў цягам наступных некалькіх тыдняў фіналістаў чакаюць заняткі па вакале, па працы з аранжыроўкаю і па запісе ў студыі. Пры канцы лета — на пачатку восені ўдзельнікі «Засьпявай 4x4» прэзэнтуюць вынік сваёй працы і дадуць справаздачныя канцэрты пры падтрымцы вядомых музыкаў. Пераможцу чакае галоўны прыз — грашовы прыз у 1000 рублёў і здымкі кліпу ад рэжысэра Арцёма Лобача.

За навінамі конкурсу «Засьпявай 4x4», які праводзіць партал TuzinFM.by разам з фондам «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!», можна сачыць праз афіцыйныя суполкі Facebook і УКантакце.

На загалоўным фота: мэнтар «Засьпявай 4x4» Алег Хаменка на сустрэчы зь Юліянай Шырмай, лідэркаю гурту «Малала»

TuzinFM