Відэазварот беларускіх музыкаў: «Прабіцца праз абыякавасьць і замоўчваньне»
Удзельнікі музычнага праекту «(Не) расстраляная паэзія» запісалі відэазварот, у якім тлумачаць чаму важна зьвярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў.
Akute робяць песьняю верш Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», Dzieciuki напісалі музыку на верш Міхася Чарота «Бунтар», Vinsent абраў для сябе верш «Мэтрапалітэн» Зямы Піваварава, Лявон Вольскі працуе з творам «Ты помніш» Юлія Таўбіна, Аляксандар Памідораў засьпявае «Гультая» Майсея Кульбака… Трэк-ліст праекту «(Не) расстраляная паэзія» гатовы, і пачалася праца ў студыі. Песьні будуць прэзэнтаваныя ў сеціве ўвосень, а 29 кастрычніка ў клюбе «Бруге» пройдзе канцэртная прэм’ера — роўна на 80-я ўгодкі расстрэлу большасьці паэтаў-герояў праекту. «Мы маем цудоўную магчымасьць зрабіць так, каб галасы тых, хто быў бязьлітасна зьнішчаны, загучалі ізноў і набылі новую моц», — кажа ўдзельніца праекту Кацярына Ваданосава, якая рыхтуе песьню на словы Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад».
Праект рэалізуецца дзякуючы падтрымцы слухачоў. На старонцы кампаніі на Talaka.by сабрана 30% неабходных сродкаў. Вырашана працягнуць яе яшчэ на месяц. «Краўдфандынгавая кампанія ідзе досыць няпроста, бо сапраўды цяжка прабіцца праз абыякавасьць і замоўчваньне гэтае тэмы. У большасьці СМІ тэма расстраляных паэтаў лічыцца нечытаемай, а людзі проста ня ведаюць іх імёнаў, бо пра іх ня пішуць і ня кажуць. Ня ведаюць іх твораў, бо іх практычна не перавыдаюць з тых часоў. Тым больш узрастае каштоўнасьць падтрымкі кожнага, хто далучаецца да нашай кампаніі. Бо мы якраз і маем на мэце прабіцца праз абыякавасьць ды распавесьці пра творцаў, якіх пазбавілі жыцьця на пачатку ці на ўзьлёце кар’еры», — кажа кіраўнік праекту «(Не) расстраляная паэзія» Сяргей Будкін.
Акрамя ўласна музычнай часткі, праект мае адукацыйны складнік. На восень плянуецца правядзеньне адкрытых лекцыяў пра беларускую літаратуру 1920—1930-х. У Facebook заснаваныя старонкі кожнага зь літаратараў-герояў праекту, на якіх зьмяшчаюцца іх біяграфіі, фота, вершы, урыўкі з твораў, успаміны пра іх ды іншыя матэрыялы.
Падпісацца на старонкі:
Тых, хто падтрымае праект «(Не) расстраляная паэзія» чакаюць запрашальнікі на канцэртную прэм’еру, адмыслова выдадзеныя з гэтай нагоды «маўклівыя кнігі» з выявамі і цытатамі паэтаў ды іншыя падарункі.
ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ