
На «Бардаўскую восень — 2017» паедзе 7 выканаўцаў
У Менску прайшоў адборачны канцэрт да 24-га фэстывалю беларускай аўтарскай песьні ў Польшчы «Бардаўская восень».
Заявы на конкурс падалі 23 выканаўцы з розных беларускіх гарадоў. У канцэрце ўзялі ўдзел 22 — не даехаў толькі гомельскі музыка Bigi, што зьяўляецца ўжо традыцыяй, бо выканаўца ніводнага разу не выходзіў на сцэну, хоць спраўна падае заявы на конкурсы і фэстывалі. Перад журы, у якое ўвайшлі Міхал Анемпадыстаў, Кася Камоцкая, Сяргей Будкін і Зьміцер Вайцюшкевіч, стаяла няпростая задача — трэба было абраць ня больш за 8 выканаўцаў, але каб па суме колькасьць усіх музыкаў не перавышала 14 асобаў.
«Вельмі шкада, што мы абмежаваныя канкрэтнай лічбай асобаў, якіх можам запрасіць на фэстываль, — кажа каардынатар менскага адбору на «Бардаўскую восень» Алесь Кот-Зайцаў. — Кожны год гэта дылема, бо журы вымушанае ня проста абраць найлепшых, але й трымацца „фінансавай матэматыкі“. Але ў параўнаньні з папярэднімі гадамі радуе тэндэнцыя таго, што гурты адмыслова да выступу на „Бардаўскай восені“ ўсё ж рыхтуюць акустычны фармат, склад і гучаньне. мы заўжды адкрытыя новаму і зь вялікай цікавасьцю ўспрымаем экспэрымэнты, аднак прагнем таксама захаваць стыль і фармат найстарэйшага беларускага фэстывалю».
У выніку галасаваньня журы было адабрана 7 выканаўцаў, якія возьмуць удзел у конкурснай частцы фэстывалю ў Бельску-Падляскім 28 кастрычніка з магчымасьцю выступіць у якасьці пераможцаў у другі дзень фэсту 29 кастрычніка. Гэта: дуэт «Чачэрская лютня», гурт Helios, дуэт «Дзе я?», гурт «Вочы», Рыгор Лайкоў, Яўген Цярэньцьеў, Зьміцер Дзядзенка. У якасьці рэзэрвовых канкурсантаў абраныя Pauline, гурт «Дачка Падпальшчыка», гурт «Мерада».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ