
«Без билета» выклікае лета ў Belsat Music Live (+анонс новага выданьня)
Госьцем 27-га выданьня аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна стаў самы разьняволены гурт на беларускай сцэне пад кіраўніцтвам Віталіка Артыста.
«Без билета» сёньня і «Без билета» на пачатку стагодзьдзя — гэта дзьве зусім розныя каманды. Яны пачыналі зь беларускамоўнага фольк-року са стаўкай на акустычнае гучаньне, потым перайшлі да індзі-року. Але шырокую вядомасьць музыкі здабылі, калі істотна спрасьцілі аранжыроўкі ды знайшлі сабе імідж весельчакоў, якія любяць Цоя і мора, мультфільм пра брэмэнскіх музыкаў, індыйскія мэлядрамы і трошачкі дыска-музыку 80-х. Беларуская рок-сцэна страціла «Без билета», затое поп-музыка ўзбагацілася, — так ацанілі гэты ход музычныя экспэрты. Але што застаецца нязьменным за ўвесь час існаваньня гурта, дык гэта чыста «безьбілетны» драйв і энэргія, якая сыходзіць ад Віталіка Артыста, адзінага пастаяннага ўдзельніка каманды. Ну і самаіроніі яму канечне не займаць.
У новым выданьні Belsat Music Live музыкі распавядуць вядоўцы Міры Шульц, як узьняць на ногі гледачоў у гарадах, куды даяжджае рэдкі беларускі артыст, дадуць пару парадаў, як адпачыць ад штодзённай мітусьні ды сыграюць бадзёры аптымістычны жывы сэт з музычным сюрпрызам.
Песьні, якія гучаць у праграме:
«SMM» (словы і музыка В. Артыста і Т. Кушнер) — 03:00
«Аляска» (словы і музыка В. Артыста і Т. Кушнер) — 04:31
«Улыбаки» (словы В. Артыста, Т. Кушнер і Т. Таполі, музыка В. Артыста і Т. Кушнер) — 03:40
«Мая краіна Беларусь» (словы і музыка В. Артыста, Т. Кушнер і М. Зуя) — 04:10
Праз тыдзень, госьцем праграмы Belsat Music Live будзе гурт «Мутнаевока». Прэм’ернае выданьне выйдзе ў этэр 14 кастрычніка ў 20:25 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ