Алесь Камоцкі — пра панк-рок, Караткевіча і «Мурку» па-беларуску ў #BML (поўнае відэа)
4937 / 0
26.05.2018

Алесь Камоцкі — пра панк-рок, Караткевіча і «Мурку» па-беларуску ў #BML (поўнае відэа)

Госьць 60-га выданьня аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live — Алесь Камоцкі, які спраўляе сёлета 60-гадовы юбілей.

Cвой першы альбом Алесь Камоцкі запісаў на складзе бара Дзяржтэлерадыё БССР у 1986-м. Ад яго вядзе адлік сучасная беларуская аўтарская песьня. На той час Алесь быў жанаты на сьпявачцы Касі Камоцкай, але стваралі яны паасобку. Кася заснавала гурт «Новае Неба». Алесь выступае адзін, а таксама грае на саксафоне ў рок-гуртах «Блізьняты» і «Зарціпо», пазьней стварае ўласны калектыў. Ён першым у Беларусі зьвяртацца да жанру басановы ды адраджае жанр гарадзкога рамансу Талент Камоцкага ўвасабляецца ў паэзіі і музыцы. Акром таго, ён піша сапраўдныя гіты для іншых выканаўцаў — сярод іх «Абарваная струна» ў выкананьні Стэфана, «Я ішоў да цябе» Зьмітра Вайцюшкевіча, сучасная беларуская калыханка «Сьпі, мая кветачка». А таксама перакладае знакавыя замежныя песьні на беларускую.

У размове зь вядоўцай Мірай Шульц выканаўца прыгадае сваю панк-рокавую маладосьць, распавядзе, што перашкодзіла знаёмству з Уладзімерам Караткевічам і хто яго ўгаварыў застацца ў музыцы ў пэрыяд крызісу. У жывым сэце прагучаць песьні Алеся Камоцкага ды ягоныя інтэрпрэтацыі клясыкі шансону і джазу ў выкананьні запрошаных вакалістаў. Музыкі зайграюць па-беларуску «Мурку» і беларускі варыянт «Summertime» Джорджа Гершвіна. І — эксклюзіў — прагучыць самая першая песня, якую напісаў Алесь Камоцкі.

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Каралева» (словы і музыка Алеся Камоцкага);

«Там, за дзьвярыма» (словы Сяргея Дубаўца, музыка Алеся Камоцкага);

«Шукай мяне» (словы і музыка Алеся Камоцкага);

«Мурка» (словы Алеся Камоцкага, музыка народная);

«Летні дзень» (словы Алеся Камоцкага, музыка Джорджа Гершвіна);

«Казалі нам» (словы Алеся Камоцкага, музыка народная);

«Позірк» (словы і музыка Алеся Камоцкага).

Праз тыдзень у апошнім выданьні Belsat Music Live ў гэтым тэлезоне выступіць гурт «Крыві». Прэм’ера — 2 чэрвеня ў 21:15 на «Белсаце». Далучайцеся да суполак праграмы Укантакце і Facebook.

TuzinFM