БГ па-беларуску! «Людзі на балоце» запісалі «Калі пройдзе боль» (аўдыёпрэм’ера)
Гарадзенскі гурт «Людзі на балоце» запісаў беларускамоўную вэрсію песьні гурта «Аквариум».
Аўтар перакладу і лідэр гарадзенскага гурта «Людзі на балоце» Алесь Дзянісаў называе «Аквариум» у тройцы сваіх улюбёных піцерскіх гуртоў (яшчэ два — «АукцЫон» і Tequillajazzz). «Творчасць БГ паўплывала на мой сьветапогляд, асабліва раньні ягоны пэрыяд. Песьню „Когда пройдёт боль“ лічу адной з найлепшых, а пераклад на беларускую мову быў для нас цікавым экспэрымэнтам», — кажа Алесь. Песьня ўжо неаднойчы выконвалася на канцэртах «Людзей на балоце» і музыкі вырашылі яе зафікасаваць — «каб яна ня згінула ў пустэчу». «Калі пройдзе боль» вырашана прадставіць асобна, у будучы альбом гурта яна ня ўвойдзе.
Запіс жа другога дыску «Людзі на балоце» пачынаюць у траўні. Гарадзенцы далі два ўдалыя канцэрты пры канцы 2013-га ў Менску і Калінінградзе і пакуль адмаўляюцца ад усіх запрашэньняў выступіць. «Хочацца прысьвяціць увесь вольны час на рэпэтыцыі, якія праходзяць зусім ня часта, бо палова музыкаў грае ў гурце Dzieciuki, у якога зараз плянуецца багата выступаў», — тлумачыць Алесь. «Людзі на балоце» зьбяруцца дзеля канцэрту ў Менску 18 траўня з надта цікавай нагоды, пра якую будзе паведамлена ў самы бліжэйшы час.
Прэм’ера на Tuzin.fm! Беларускамоўная вэрсія «Калі пройдзе боль» у выкананьні «Людзі на балоце» (музыка і словы Барыса Грабеншчыкова, беларускі тэкст Алеся Дзянісава).
На маёй памяці гэта першы ўцямны кавэр па-беларуску на БГ. Ці былі яшчэ?
Ну як жа былі) Сямашка нават адмысловую праграму рабіў: http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/459/
Ад Вольскага было "Паўкоўнік Вольніч прыехаў на фронт"
http://www.youtube.com/watch?v=AaB13BHe7lQ&list=FLyr-ORfLF0adnCeH-0GlOfg&index=5
КАМЕНТАВАЦЬ