!OUT: Музыка гарадзенскіх вуліц (відэа)
4103 / 0
13.06.2014

!OUT: Музыка гарадзенскіх вуліц (відэа)

У Горадні паўстаў цудоўны праект, у межах якога музыкі з усёй Беларусі ды цэлага сьвету сьпяваюць свае творы ў самых прыгожых і знакавых месцах гораду.

У Менску дагэтуль няма ніводнае круглагоднае пешаходнае вуліцы. Затое ў Горадні яна даўно ёсьць — вуліца Савецкая. І сытуацыя з вулічным музыкаваньнем тут значна больш лібэральная, чым у сталіцы. Браць дазволы на вулічны выступ тут асабліва ніхто не патрабуе. Дзякуючы такім умовам, сёлета стартаваў адмысловы відэапраект «Музыка гарадзенскіх вуліц». У ім ужо падзельнічаў шэраг сталічных музыкаў, а таксама госьці з Польшчы, Расеі ды ЗША. На пытаньні Tuzin.fm адказаў каардынатар праекту Павал Салаўёў.

ТГ: Чаго вы дамагаецеся сваім праектам? Стварыць уяўленьне пра Горадню, як пра горад музыкаў?

Мы папросту хочам паказаць прыгажосьць Горадні праз прыгажосьць і разнастайнасьць жывое музыкі. Мы здымаем жывую музыку жывых музыкаў тут і цяпер.

ТГ: Ці арыентаваліся на нейкія замежныя аналягі?

Мы з маёй жонкай, бардэсай Тацянай Салаўёвай, удзельнічалі ў падобных праектах — Kaunas acoustics, LDZ Video ў Лодзі… У Вільні ёсьць блізкі праект Vilnius Temperature, у Маскве — Fairlane Acoustic. У кожнага маецца свая фішка. У нас — гэта дзьве мапы: на мапе Горадні мы пазначаем месцы здымак, а на мапе сьвету — гарады, адкуль завітвалі артысты.

ТГ:  А як, увогуле, выбіраюцца ўдзельнікі? Якія ставіце ўмовы?

У нас няма пэўнага пляну. Мы даведваемся, што ў Горадню прыяжджае музыка альбо каманда, якія нам падабаюцца й якіх мы хацелі б зьняць на відэа. Мы зьвязваемся зь імі. Музыка выбірае недаўгую й ня нудную песьню, якую можна сыграць у акустыцы. Робіцца некалькі дубляў. Адмоваў пакуль што не было.

ТГ: Месцы для здымак падбіраюцца адмыслова пад пэўнага музыку, пад песьню?

У выбары месца маем некалькі крытэраў. Па-першае, там не павінна быць занадта шумна ці людна. Па-другое, гэта мусіць быць прыгожае альбо ў чымсьці незвычайнае асяродзьдзе, якое насамрэч перадае прыгажосьць ды своеасаблівасьць гораду. Часам мы сапраўды прывязваемся да песьні. Напрыклад, Раман Яраш выканаў песьню «Яўрэйцы» на словы Караткевіча перад сынагогай, Аляксей «Крыс» Шыраеў сьпяваў «По склонам Демерджи» на схіле Замковае гары, Павал Фахрутдзінаў з даволі жорсткай песьняй «Овощи» быў адмыслова зьняты перад галоўным корпусам унівэрсытэту імя Купалы… У Горадні вельмі шмат прыгожых месцаў.

ТГ: Цікава, чаму ў праекце «Музыка гарадзенскіх вуліц» не паўдзельнічаў ніводзін мясцовы музыка?

— Справа ў тым, што вельмі шмат добрых музыкаў зь іншых гарадоў, якія прыяжджаюць да нас з канцэртамі й якіх хочацца паздымаць. А відэа гарадзенцаў пастаянна адкладаецца. Акром таго, мы займаемся праектам у вольны ад працы, сям’і ды іншых справаў час. Але будуць, абавязкова будуць гарадзенскія музыкі. Вельмі хочацца зьняць Irdorath, напрыклад. Спадзяюся, праект будзе жыць і разьвівацца, пакуль у нас хапае сілаў, часу ды энтузіязму. Тым больш, водгукі самыя станоўчыя й ад музыкаў, і ад тых, хто глядзіць відэа ў сеціве. Нас гэта цешыць і дадае энэргіі. Значыць, мы робім усё не дарма!

На фота: Раман Яраш зь Менску каля гарадзенскай сынагогі

Віктар Сямашка, Tuzin.fm