Алесь Аркуш. «Мясцовы час» (тэкст/фота/відэа/аўдыё)
10456 / 2
25.06.2014

Алесь Аркуш. «Мясцовы час» (тэкст/фота/відэа/аўдыё)

Tuzin.fm друкуе ўрывак з новага раману Алеся Аркуша «Мясцовы час», прысьвечанага аднайменнаму гурту, а таксама рэпрэзэнтуе адзін з самых значных альбомаў у гісторыі беларускага року — «Ускраіна» 1991 году выданьня.

Урывак з майго новага раману ў жанры нон-фікшн пад назвай «Мясцовы час», які друкуецца на партале Tuzin.fm, распавядае ня толькі пра гісторыю аднайменнай полацкай рок-банды. Ён увогуле прысьвечаны беларускаму культурніцкаму жыцьцю на Полаччыне прыканцы 80-х пачатку 90-х гадоў. А перадусім стварэньню Таварыства вольных літаратараў. Сярод герояў раману — Сяржук Сокалаў-Воюш, Юры Гумянюк, Вінцэсь Мудроў, Сяржук Цімохаў, Славамір Адамовіч, Ігар Сідарук, Лявон Вольскі, ну і вядома ж удзельнікі «Мясцовага часу» — гурта, які за кароткі час стаў сапраўднай зьявай на нашай незалежнай рок-сцэне. Цешуся, што спрычыніўся да таго, што гэтыя музыкі сталі сьпяваць па-беларуску і ўпісалі сваё імя ў музычную гісторыю. Для альбома «Ускраіна» мною былі пераствораныя тэксты Алеся Кузьміна на беларускую мову, а загалоўны трэк напісаны на мой верш. Канкрэтна гэты разьдзел прысьвечаны паездцы каманды на культавы фэст «Басовішча» ў 1991 годзе. Прыемнага чытаньня і праслухоўваньня!

Алесь Аркуш

 

МЯСЦОВЫ ЧАС (УРЫВАК З РАМАНУ)

Патэлефанаваў Алесь Кузьмін і паведаміў неверагодную навіну: «Мясцовы час» запрасілі на рок-фэстываль у Польшчу. Фэстываль праводзілі на Беласточчыне, ён меў дзіўную назву «Басовішча» і ладзіўся Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў. Гэта было другое «Басовішча».

Ну і як мы туды трапім? — адразу пасьля пачутага спытаў я Кузьміна. — Гэта ж трэба, напэўна, процьму дазволаў атрымаць.

Усе бюракратычныя пытаньні бярэ на сябе наваполацкі гаркам камсамолу. Мы нібыта ад яго едзем у творчую камандзіроўку. Нам і камандзіровачныя пасьведчаньні выпішуць. Я аб усім ужо дамовіўся. Так што давай свой пашпарт, зараз ім занясу.

Кузьмін проста сьвяціўся ад шчасьця. Напачатку 90-х мы пасябравалі зь менскай камандай Лявона Вольскага «Мроя», якая таксама была запрошаная на фэстываль. Сярод запрошаных быў і Сяржук Сокалаў-Воюш. Таму атрымлівалася добрая кампанія.

«Мясцовы час» паціху набіраў папулярнасьць — некалькі разоў выйграў радыё-гіт-парады «Беларускай маладзёжнай», постары полацкага гурта надрукавалі газэта «Чырвоная зьмена» і дзіцячы часопіс «Бярозка». Дзьве песьні гурта — «Вартаўнік» і «Будзе так» — трапілі на складанку гіт-параду «Беларускай маладзёжнай», якую фірма «Мэлёдыя» выдала на вініле. І вось запрашэньне на сапраўдны рок-фэстываль, які праходзіў, праўда, не ў Вялікай Брытаніі, а ў Польшчы, але ўсё роўна ў замежжы.

На фота: лідэр «Мясцовага часу» Алесь Кузьмін падчас сьвяткаваньня Купальля, 1990 год. Фота Васіля Храмцова.

 

Амаль усе запрошаныя на «Басовішча» зь беларускага боку — рок-  і поп-музыкі, барды, журналісты — выправіліся на фэстываль на адным турыстычным аўтобусе. Ужо за менскай кальцавой музыкі пачалі адзначаць падзею. Мяне прыемна ўразіла, што Алесь Кузьмін абсалютна не ўжываў алькаголю. Я таксама не ўжываў моцных напояў, і катэгарычнасьць у гэтым пытаньні Фулы стала для мяне сапраўдным уратаваньнем.

Але празь некалькі гадзін агульны ўзьнёслы настрой зьнік, як тая гарэлка зь беларускіх крамаў на пачатку крызысных 90-х. Найбліжэйшы шлях да Беластоку быў праз Горадню. Мы так і накіраваліся. Але на мяжы гарадзенскія памежнікі катэгарычна заявілі, што не прапусьцяць наш музычны каўчэг. Маўляў, яны не абслугоўваюць аўтобусы, толькі грузавікі і прыватныя аўтамабілі. А таму трэба ехаць на Берасьце. Колькі мы ні ўпрошвалі памежнікаў, колькі ні паказвалі свае запрашэньні і камандзіровачныя пасьведчаньні, нічога не дапамагала. Увечары а 22-й гадзіне прынялі рашэньне ехаць на Берасьце.

Унікальнае відэа. «Мясцовы час» — «Наша ўскраіна», кадры, зьнятыя на фэсьце «Басовішча-1991». З архіву ўдзельніка гурта Руслана Парфёнава.

Тое, што мы пабачылі ў Берасьці нагадвала нейкую татальную эвакуацыю цэлай краіны: аўтобусы на памежным пераходзе стаялі даўжэзным шыхтом. У засмучэньні музыкі пачалі зьнішчаць апошнія свае алькагольныя запасы. Адчувалася, што тут мы захрасьлі надоўга, і добра яшчэ, калі прыедзем на фэстываль у заключны дзень.

І толькі некалькі самых зацятых музыкаў не здаліся і пайшлі на перамовы да памежнікаў. І здарыўся цуд: «зялёныя фуражкі» з аўтаматамі за плячыма зрабілі нам калідор у чарзе. У паўжывых сядзельцаў нашага аўтобуса, перадусім ад інтэнсіўнага ўжываньня алькаголю, ад такога відовішча наварочваліся сьлёзы на вачох.

Затым мы яшчэ крыху паблукалі па дарогах Беласточчыны, навігатараў тады яшчэ не было, — і неўзабаве трапілі ў мястэчка зь немудрагелістай назвай Гарадок. Побач зь якім, у невялікім ляску, і павінен быў адбыцца фэстываль.

На фота: на паседжаньні наваполацкага літаратурнага аб’яднаньня: Алесь Аркуш, Янка Брыль, Алесь Кузьмін, Алесь Сьвідрыцкі, Сяргей «Аніса» Анішчанка, 1988 год.

 

Сярод таго ляску на палянцы мы пабачылі невялікую просьценькую сцэну, поруч зь якой месьціўся намётавы лягер. Тут ужо віравала жыцьцё. Час ад часу лясок уздрыгваў ад гучных гукаў — гукаапэратары наладжвалі апаратуру. Нашаму гурту выдалі вялікі армейскі намёт і мы, дарэшты стомленыя паездкай, пайшлі ладкавацца на начлег.

На зьдзіўленьне, гарэлка яшчэ не была ўся выпітая па дарозе, і «мроеўцы» запрасілі «мясцовачасаўцаў» адзначыць удалы прыезд. Кузьмін адразу адмовіўся, сказаўшы, што ідзе спаць. Увечары, згодна праграме фэстывалю, «Мясцовы час» павінен быў удзельнічаць у першым канцэрце. Фула паклікаў да сябе Макса і папярэдзіў:

Глядзі за Сьвідрыцкім. Пад тваю адказнасьць. Сёньня мы выступаем.

Макс пачаў вазбухаць, маўляў, усе дарослыя людзі, кожны адказвае за сябе, маўляў, мы толькі на хвілінку, візыт ветлівасьці, усё будзе нармальна.

Ну глядзіце, — Фула, здаецца, ніколі не губляў раўнавагі, заўсёды быў вытрыманы і не ўздымаў голасу. Бо без бубнача нам няма чаго рабіць на сцэне.

У намёце засталіся мы ўдвох з Кузьміным. І не пасьпелі мы прылегчы на матрацы, як адразу патанулі ў нірване сна.

Відэа. Аматарскі кліп на песьню «Ноч», зьняты ў Полацкім ДК, 1990 год. З архіву ўдзельніка гурта Руслана Парфёнава.

Калі мы з Кузьміным прачнуліся, ужо бралася на вечар. У намёце па-ранейшаму акрамя нас нікога не было. Гэта насьцярожыла. Выбраліся вонкі. Лягер гудзеў сваім бесклапотным жыцьцём. Пайшлі да намёта «мроеўцаў». Бяседа ў іх была ў поўным разгары. Уся кампанія нешта гучна абмяркоўвала.

Дзе Сьвідрыцкі? — з насьцярогай спытаў Фула ў Макса.

Ды вунь сьпіць, — Макс махнуў рукой у кут намёта. — Усё нармальна, Фула, прасьпіцца, будзе як агурок.

Але нічога нармальнага не было. Сьвідрыгон быў п’яны ў дрыбадан. Нармальна праспацца ён змог бы толькі пад раніцу. Да пачатку канцэрту заставалася пару гадзін. А трэба яшчэ выйсьці на саўнд-чэк і настроіць гітары.

Блін, Макс, я прасіў… Першы раз я бачыў Кузьміна ў такім нэрвовым стане.

Спробы клявішніка Руслана Парфёнава падняць Сьвідрыцкага і прывесьці яго да нейкага «ўцямнага» стану нічога не далі. Ён нешта мармытаў і адбрыкваўся. На саўнд-чэк пайшлі без бубнача.

Пасьля саўнд-чэку Макс прыступіў да радыкальнай тэрапіі. Ён прынёс вядро вады. Мы выцягнулі Сьвідрыцкага з намёта і Макс плюхнуў ўсё вядро яму на галаву. Сьвідрыцкі падхапіўся і сеў. Ён вырачыў вочы і пудліва адплёўваўся.

Што, што такое, што здарылася, — спалохана паўтараў ён сваім шапялявым голас.

Сусьветны патоп — вось што, — сказаў яму Кузьмін і дадаў: — Уставай, мы выступаем праз паўгадзіны.

Макс і Руслан падхапілі бубнача пад рукі і пацягнулі ў бок сцэны.

Відэа. Сумесная выкананьне песьні «Наш карабель» гуртамі «Мроя» і «Мясцовы час». Зьнята відэапэратарам «Мясцовага часу» Ігарам Супранёнкам на фэстывалі «Басовішча-1992» з архіваў паэта Алеся Аркуша. Выкладзена ўпершыню на партале Tuzin.fm у 2012 годзе.

Першы дзень фэстывалю набліжаўся да свайго апагею. Публіка разагрэлася як мае быць. Я ўпершыню бачыў, каб так дурэлі на рок-канцэрце. Асабліва мяне ўразіла, як маладыя хлопцы ўскараскаваліся на сцэну і, пакуль да іх ішлі ахоўнікі, давалі нырца ў натоўп. Людзі падхоплівалі ныральшчыка на руках, і ён, дрыгаючы рукамі і нагамі, гарлаў на ўсё моц, падпяваючы чарговаму выступоўцу.

«Мясцовы час» сходу ўварваўся ў гэтую, ужо амаль начную, містэрыю. Калі я пачуў фальцэт Кузьміна, у мяне пабеглі мурашы па сьпіне. Праўда, я з трывогай увесь час казеліў вока на Сьвідрыцкага. Але музычны шал нібыта працьверазіў яго. Твар Сьвідрыгона набыў, на дзіва, нейкі ўзьнёслы выраз. Час ад часу адыходзіла гітара ў Дракешы. Але разагрэты натоўп абсалютна не зьвяртаў на гэта ўвагі. Моладзь ашалела скакала, махаючы бел-чырвона-белымі сьцягамі. І, дзіўна, многія песьні натоўп падпяваў суладным гулам — значыць, касэты «Мясцовага часу» ўжо пераадолелі межы Беларусі, прынамсі, у Польшчу да мясцовых беларусаў яны ўжо трапілі.

На раніцу «мясцовачасаўцы» былі ўжо аднымі з галоўных зорак фэстывалю. На «Басовішчы» журы вызначала пераможцаў фэсту. «Мясцовы час» атрымаў прыз «Найлепшы гурт».

Загалоўнае фота Алеся Аркуша — Андранік Антанян

Аўдыё. Рэпрэзэнтацыя альбому «Наша ўскраіна» гурта «Мясцовы час». Матэрыял запісаны ў студыі «Арт» (Мазыр) у 1991 годзе. Падрабязьней пра альбом — у праекце «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2003)

Спампаваць альбом «Наша Ўскраіна» гурта «Мясцовы час» адным файлам з Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Alex / адказаць
    08.09.2016 / 11:00

    Дзе можна знайсці тэкс песні Далёкі свет?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    08.09.2016 / 12:35

    Паспрабуйце зьвярнуцца непасрэдна да Алеся Аркуша, ён ёсьць у сацыяльных сетках.

  • КАМЕНТАВАЦЬ