Юлія Глебава. Прабачыць і зразумець (аўдыё)
У 11-м туры аўдыёчарту на TuzinFM сьпявачка Юлія Глебава разам з гуртом «Час Speak» прэзэнтуе сваю самую асабістую песьню ў рэпэртуары — «Прабач».
Гэты твор увайшоў у новы альбом Юліі — «Крылья». Праца адметная ў музычным пляне найперш тым, што ў аранжыроўках рок-каманды актыўна выкарыстоўваюцца цымбалы. «Ніколі не імкнулася з дапамогай цымбалаў надаць больш фолькавае гучаньне, наадварот — хацелася падкрэсьліць іншыя магчымасьці гэтага цудоўнага інструмэнта», — зазначыла сьпявачка ў камэнтары для TuzinFM па выхадзе працы. Гучаць цымбалы і ў песьні, якая бядзе браць удзел у аўдыёчарце, але ўсё ж тут прывілей аддадзены гітары.
«Песьня пісалася ў стане адчаю і стомы, калі ўсе намаганьні здаюцца дарэмнымі, — прызнаецца Юля. — У такі момант хочацца ўсё кінуць, нікуды ня бегчы, не трываць нападкі, а жыць звычайным ціхім жыцьцём, проста кахаць таго хто побач». Тым ня менш, лідэрка «Час Speak» улюбёнай справы не кідае і мяркуе даць некалькі канцэртаў у падтрымку свайго новага альбому.
Юлія Глебава і «Час Speak» — Прабач (музыка і словы Юлія Глебава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Калыхай мяне, калыхай.
Мне б у сьне забыцца каля цябе —
Трапiць зноў у страчаны рай
(Там ён сёлета iснуе),
Удалеч адпусьцiць смутак i адчай,
Зноў адчуць пад поступам глебу…
Выбачай мяне, выбачай.
Толькi гэта i трэба.
Мяне за песьнi прабач,
За тыя зьдзекi i сьмех за маёю сьпiной.
Ведаеш, мне ў адзiноце трымацца лягчэй!
Няма больш моцы трываць
Ды ведаць, што ты пакутуеш разам са мной!
Дай мне спынiцца. А можна мне проста цябе
Кахаць?..
Я згубiлася ўначы:
Дзе сьвятла няма — выйсьце не знайсьцi.
Адкажы, малю, не маўчы:
Колькi ж нам да яго паўзьцi?
Лепш бяжы адсюль! Хопiць, не ратуй.
Не шкадуй — мне жалю ня трэба.
Толькi ты мне, любы, даруй
За нялётнае неба!
Мяне за песьнi прабач,
За тыя зьдзекi i сьмех за маёю спiной.
Ведаеш, мне ў адзiноце трымацца лягчэй!
Няма больш моцы трываць
Ды ведаць, што ты пакутуеш разам са мной!
Дай мне спынiцца. А можна мне проста цябе
Кахаць…
КАМЕНТАВАЦЬ