Earworm. Карысныя выкапні
2981 / 1
13.10.2014

Earworm. Карысныя выкапні

Кавалак вельмі прыстойнага нойз-року, апрацаванага і адшліфаванага ў Горадні, ад гурта, які ўзяўся капаць вельмі глыбока.

Тое, што робяць гэтыя гарадзенскія хлопцы, ня мае аналягаў прынамсі ў беларускай музычнай прасторы і выглядае вельмі небанальна. Гэта не свавольствы студэнцікаў музвучэльні ў абедзенны перапынак, а добра прадуманая праграма з выразнай гукавой канцэпцыяй ад каманды, пра якую кажуць «вядомая ў вузкіх колах». Earworm намацвае свой адметны стыль з 10 гадоў. Іх музыку выдавалі ўжо на лэйблах ЗША і Расеі, прычым у Амэрыцы — на вініле.

У «Бурштынавым альбоме» чуваць, што музыкі ведаюць, дзе шукаць (чытай — «капаць») свой скарб. Яны занураныя ў сьвет экспэрымэнтальнага року, і найлепш іх музыку адчуе слухач, неабыякавы да спадчыны Velvet Underground, Swans, Сяргея Курохіна. Рэй у музыцы Earworm вядзе віялянчэль, якую падтрымлівае электрагітара з рытм-сэкцыяй. Прытым не пяецца і не прамаўляецца падчас гучаньня дыску ані слоўца, толькі сям-там чмель праляціць. Такім чынам, атрымліваецца такі безгалосы, занураны ў сябе шчыльны і сыраваты нойз-рокавы інструмэнтал. Дзіўныя подпісы да трэкаў толькі нагнятаюць абстаноўку — усе гэтыя назвы ўзятыя з геалягічных слоўнікаў ды абазначаюць розныя віды выкапнёвай смалы. Earworm капаюць глыбока, факт.

Ясна, што тое, што робіць гэты гурт, — не для шырокіх масаў. Але для тых, хто цэніць у музыцы перадусім бязьмежнасьць мысьленьня і дух экспэрымэнтатарства, «Amber» — як знаходка. Адзінае, чаго не стае камандзе, — дык гэта яркага пазыцыянаваньня.

EarwormAmber, 2014

Спампаваць альбом адным файлам можна на 34mag.net.

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: