John Doe. «Працэс» зайшоў
Гурт зь ня надта ўдалай назвай запісаў адзін з найлепшых расейскамоўных беларускіх альбомаў апошніх гадоў.
У гэтым альбоме сышлося ўсё — выдатная падача, упэўнены, яскравы і запамінальны вакал, някепскія тэксты, бліскучыя аранжыроўкі і пісьменнае зьвядзеньне. Па легендзе, за апошнюю стадыю «Працэсу» адказваў гітарыст Limp Bizkit Ўэс Борланд, які нейкім цудоўным чынам ня выкінуў чарговы кампакт-дыск, уручаны фэнамі і пасьлядоўнікамі, а ўважліва яго паслухаў ды прыклаў руку да рэлізу.
John Doe складаюць былыя ўдзельнікі малавядомай каманды з Магілёва «Дети подземелья». Ужо лепей бы пакінулі старую назву, бо гэтая мала таго што не выклікае інтарэсу і выглядае зусім шэрай, дык яшчэ шмат разоў скарыстаная іншымі, што ўскладняе пошук у нэце менавіта гэтых John Doe (гэта абазначэньне ананімнага пэрсанажу, тое ж, што «Вася Пупкін» у расейцаў). Значная роля ў гучаньні каманды належыць Рому Сашчэку, які колісь граў у гурце «Маўзэр», адказваў за другі альбом Каржа, а цяпер працуе з ЛСП. Рома разам з вакалістам John Doe Дзянісам Астапавым мае таксама цікавы сайд-праект «Грязь», які выдатна пераасэнсаваў адну зь песень Akute.
Першы трэк «Проснись» забірае з сабой адразу, праўда, уводзіць у зман, бо здаецца, што натрапіў на чарговы рэп-рэліз, але пры далейшым праслухоўваньні высьвятляецца, што хлопцы больш схіляюцца да альтэрнатыўнага рок-гучаньня. Менавіта так мог выглядаць у музычным пляне згаданы ўжо Mauzer, каб не збаёдаў свой патэнцыял. Крута і сьвежа ў «Працэсе» раскрываецца тэза пра «папу фашиста», агучаная ў часы перабудовы Барзыкіным і актуалізаваная ў беларускім кантэксьце гуртом Deviation. Трэк «Папа фашист» — ня кавэр на «Телезизор». John Doe раскрываюць гэтую тэму па-свойму і даюць зусім іншых сэнсаў і падтэкстаў: «Папа, твои дети любят тебя, и это их убивает». Ня менш моцныя трэкі — «Спасибо» і альт-гімн «Могилёв». Але найлепшай песьняй з «Працэсу» карціць назваць «Космас», нягледзячы на ўсю тую банальнасьць пра Гагарына, што нясе тут вакаліст. Было б нам шчасьце, калі б так гучалі іншыя гурты зь Беларусі.
Наогул жа склалася ўражаньне, што John Doe намацалі свой гук, але не знайшлі творчай канцэпцыі як такой, бо пры тым, што кожны зь іх трэкаў варты ўвагі, усё разам ідзе ўразброд, і цэльнай карціны не складаецца. Зрэшты, «Працэс» — гэта толькі EP з шасьцю трэкамі, які папярэднічае выхаду поўнафарматнага альбому. Так што ўсё наперадзе.
Спампаваць альбом можна на 34mag.net.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
Уэс Борланд не рубит по-русски.А саунд - действительно +100. Как бы дискомфорт между пафосной музыкой и банальным текстом. Но в тоже время не отпускает - тянет дослушать до конца. Удачи, хлопцы !
КАМЕНТАВАЦЬ