Nevma. Крычаць не сваім голасам
2910 / 1
22.01.2014

Nevma. Крычаць не сваім голасам

Новы альбом гурта Nevma — яскравы прыклад таго, наколькі важнай бывае мова выкананьня ў стварэньні кантэксту творчасьці ды ў фармаваньне адметнасьці выканаўцы. Ляўрэаты «Басовішча-2006» запомніліся найперш дзякуючы беларускім песьням «Ня веру табе», «Слоўнік», «Хутка», «Задаволены». На новым альбоме «12» музыкі вырашылі запісаць расейскамоўны матэрыял ды імгненна страцілі сваё аблічча.

Па шчырасьці, распазнаць тую самую «Невму» зь першага трэку «Отстой» ня так ужо і проста. Гэтая магілёўская група вылучалася перадусім нестандартнасьцю музычнага мысьленьня, рванымі аранжыроўкамі, нэрвовым запамінальным вакалам. Калючая лірыка Данілы Забелы выдатна гучала па-беларуску і паблытаць яго гурт з кімсьці яшчэ было проста немагчыма. Цяпер жа «Невма» месцамі падобна да сотняў іншых камандаў, што працуюць з аглядкаю на «Сплин», «Торбу-на-Круче» і «Би-2» (слухаем, напрыклад, «Неба нет»). Калі каманда цяжэе, то яна гучыць цікавей, голас Данілы тады больш раскрываецца. На дыску ёсьць пару рэчаў, якія карціць вылучыць — гэта «Печаль», прасякнутая такой чыста пацанскаю тугою (беларускія песьні «Невмы» цалкам пазбаўлены такой вось пацанскасьці: «РасскажЫ, что за жЫзнь и как по ней идти…») і «Невозможно иначе (дыши)». У Данілы асабліва ўдалыя нумары, калі ён спачатку паўшэптам прыгаворвае, а потым свой фальцэт напоўніцу ўключае.

Пры тым, што матэрыял выпеставаны і няблага запісаны, застаецца адчуваньне недапрацаванасьці альбому. Як у пляне гукавой канцэпцыі, бо вельмі ўжо няроўны ён з пункту гледжаньня стылістыкі. Так і ў пляне канцэптуальным, бо не адчуваецца ў ім лёгкасьці быцьця і палёту, нібы Даніла быў камусьці абавязаны і запісаў гэтыя песьні пад прымусам.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org

Паслухаць і спампаваць альбом «12» можа ў афіцыйнай суполцы гурта альбо на Ultra-music.

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • bulbanik / адказаць
    22.01.2014 / 01:00

    складана цалкам пагадзіцца з дадзенай крытыкай у бок гурта. альбом спадабаўся, ёсць шмат якасных і змястоўных кампазіцыяў. выпусцілі вартую слыху рэч, але ў будучыні будзем чакаць ад іх беларускамоўных кампазіцыяў

  • КАМЕНТАВАЦЬ