100 найвялікшых беларускіх песень па вэрсіі Tuzin.fm (фота/аўдыё/відэа)

Партал Tuzin.fm прадстаўляе рэйтынг 100 найвялікшых беларускіх песень, складзены на падставе апытаньня 90 экспэртаў.

 

Тэкст: Сяргей Будкін, пры ўдзеле Віктара Сямашкі.

Апытаньне і складаньне рэйтынгу: Сяргей Будкін, Ганна Кавалёва, Хрысьціна Дарапей, Натальля Стрыжак.

 

Сяргей Будкін. Мы ня знаем сваёй музыкі. (Сьпіс экспэртаў)

Конкурс «Засьпявай 2.0»

100
 Майский вальс (Яраслаў Еўдакімаў), музыка Ігара Лучанка, словы Міхаіла Ясеня

Майский вальс (Яраслаў Еўдакімаў), музыка Ігара Лучанка, словы Міхаіла Ясеня

Адна з самых адметных кампазыцыяў на ваенную тэму, напісаная народным артыстам на верш паэта-франтавіка зь Менску, упершыню прагучала ў 1985 годзе на «Песьні году» па Цэнтральным тэлебачаньні і займела ашаламляльны посьпех. Менавіта выкананьне Еўдакімава прызнаецца за кананічнае, хоць за яе браліся і іншыя артысты, у тым ліку Кабзон.
 

99
Сьцяг (Зьміцер Вайцюшкевіч), музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Някляева

Сьцяг (Зьміцер Вайцюшкевіч), музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Някляева

Някляеў пісаў гэты свой верш адмыслова пад Вайцюшкевіча і спрачаліся яны зацята наконт таго, як мусіць выглядаць песьня. У варыянце, запісаным для альбому «Тое, што трэба» (2008), кампазыцыя вырашана ў балядным рэчышчы. Вайцюшкевіч тлумачыць гэты тым, што калі пісаў музыку, згадаў як лунаў бел-чырвона-белы сьцяг па-над Домам ураду і ў рытм гэтага лунаньня напісаў кампазыцыю. «Вядзецца не пра рэвалюцыю, а пра стан душы!» — заўважыў артыст падчас яе прэм’еры на «Тузіне Гітоў».

98
Мы выйдзем шчыльнымі радамі, музыка Ўладзімера Тэраўскага, словы Макара Краўцова

Мы выйдзем шчыльнымі радамі, музыка Ўладзімера Тэраўскага, словы Макара Краўцова

Яе выконвалі Беларускі хор студэнтаў у Лювэне пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага, Данчык, праект «Я нарадзіўся тут», хор «Унія». Твор быў напісаны 30 кастрычніка 1919 году кампазытарам і хормайстрам Ўладзімерам Тэраўскім (на фота) на словы Макара Краўцова. Сьпеў называлі «маршам слуцкай брыгады», бо яго сьпявалі паўстанцы. На наступны год афіцыйна зацьверджаны ў якасьці гімну БНР. Як піша Юлія Андрэева, яго з пэўнымі цэнзурнымі праўкамі па першым часе дазвалялася выконваць і ў БССР, але нядоўга. Тэраўскага арыштуюць і расстраляюць у 1938-м, Краўцова закатуюць у турме на год пазьней. Больш за 70 гадоў твор гучаў толькі на эміграцыі. На Радзіме пра марш згадалі ўжо ў 1991 годзе — Быкаў, Адамовіч, Барадулін высоўвалі яго на дзяржаўны гімн, але прапанова не прайшла.

97
Выйсьце (IQ48), музыка гурта, словы Паўла «Фройда» Зыгмантовіча

Выйсьце (IQ48), музыка гурта, словы Паўла «Фройда» Зыгмантовіча

Самая ўдумлівая тэма ў рэпэтуары весельчакоў з IQ48. На хвалі эўфарыі пасьля перамогі на фэсьце «Басовішча-2003» музыкі запісалі сваю першую праграму «Вар’яты» і на самы ўдарны нумар паклікалі сьпець vip-госьця — Памідорава, які дадаў у песьню драматызму — так што ажно мурашы па скуры. У 2005 годзе «Выйсьце» доўгі час панавала ў гіт-парадзе на «Тузіне Гітоў» і заняла другое месца ў «Залатым тузіне» па выніках сэзону.

96
Крик птицы (ВІА «Песьняры»), музыка Ўладзімера Мулявіна, словы Юрыя Рыбчынскага

Крик птицы (ВІА «Песьняры»), музыка Ўладзімера Мулявіна, словы Юрыя Рыбчынскага

Створаная ў 1973 годзе на верш украінскага паэта Рыбчынскага гэтая кампазыцыя засьведчыла любоў Мулявіна да складаных музычных формаў. Эпічная амаль 10-хвілінная арт-рок п’еса будзе запісаная для трэцяй кружэлкі-гіганту «Песьняроў» — «Вологда» (1978). Сапраўдныя шанавальнікі творчасьці «Песьняроў» называюць яе галоўным шэдэўрам ансамбля. Выконвалася ўжывую яна рэдка і Мулявін выкладаўся напоўніцу, калі яе пяяў. Захаваўся жывы запіс з 20-годзьдзя «Песьняроў», з уступам у стылі нэаклясычнага мэталу гітарыста-віртуоза Аляксандра Растопчына.

95
Старый мост (ВІА «Сузор’е»), музыка Валянціна Пучынскага, словы Валянціна Пучынскага, Младэна Клуге

Старый мост (ВІА «Сузор’е»), музыка Валянціна Пучынскага, словы Валянціна Пучынскага, Младэна Клуге

Песьня зь першага магнітальбому беларускага року «Рок-тэрапія» (1984) была запісана ў той час, калі самы першы гард-рокавы бэнд БССР пазбавілі назвы і фактычна расфармавалі на загад Мінкульту БССР. Музыкі выступалі ў якасьці акампаніятараў у салістаў філярмоніі, а ў вольны час запісвалі свае песьні. Што праўда «Старый мост» яны пасьпелі выдаць у 1983 годзе на кружэлцы. Забаўна, што ў якасьці суаўтара пазначаны выдуманы пэрсанаж — ад імя 12-гадовага хлопчыка Младэна Клуге верш пра стары мост напіша Агнія Барто, а кіраўнік ВІА Пучынскі пазычыць у яе некалькі радкоў. Назву і статус гурту вернуць у часы перабудовы і «Старый мост» загучыць яшчэ на ўвесь СССР, калі на «Мэлёдыі» выйдзе вінілавая кружэлка «Сентябрьская река» (1988).

94
Гэта мы! (Андрэй Мельнікаў, «Новае Неба»), музыка і словы Андрэя Мельнікава

Гэта мы! (Андрэй Мельнікаў, «Новае Неба»), музыка і словы Андрэя Мельнікава

Песьня, напісаная 30-гадовым бардам з Гомелю пад натхненьнем ад вялікага каханьня і вынікаў рэфэрэндуму-1995, калі ў беларусаў ізноў забралі іх сьцяг і герб, стала ня толькі галоўнай у яго творчасьці, але і адной са знакавых беларускіх песень пратэсту 90-х. Яна выйшла на аднайменным альбоме-касэце (1996), наклад якога быў раскуплены імгненна. Праз пару гадоў Кася Камоцкая і «Новае Неба» сыграюць яе ў жорсткай рокавай аранжыроўцы і песьня стане саўндтрэкам таго неспакойнага часу.

93
Калыханка (Данчык, Валеры Дайнека), музыка Зьмітра Яўтуховіча, словы Леаніда Пранчака

Калыханка (Данчык, Валеры Дайнека), музыка Зьмітра Яўтуховіча, словы Леаніда Пранчака

Цудоўная дзіцячая песенька зьявілася ў рэпэртуары беларускага сьпевака, народжанага ў Нью-Ёрку, калі ён першы раз завітаў у Менск у 1989 годзе. Аўтар «Калыханкі» Зьміцер Яўтуховіч прапанаваў яе Данчыку і тут жа яна была запісаная на студыі з клявішамі Яўтуховіча і ледзьве заўважным бэк-вакалам Барткевіча. Выкананьне было настолькі чульлівым і кранальным, што беларускія дзеткі адразу ж прызналі песьню сваёй — пэўны момант яна гучала ў застаўцы да «Калыханкі» на беларускім тэлебачаньні і радыё ды ўвайшла ў трэцюю кружэлку сьпевака «Мы яшчэ сустрэнемся» (1992), выдадзеную ў ЗША. У 1993 годзе гэты сьпеў па-свойму кранальна выканаў таксама Валеры Дайнека.

92
Пах чабаровы («Чараўніцы»), музыка Ўладзімера Будніка, словы Кастуся Кірэенкі

Пах чабаровы («Чараўніцы»), музыка Ўладзімера Будніка, словы Кастуся Кірэенкі

Галоўны гіт фактычна першага беларускага гёрлз-бэнду, які паўстаў у Горадні і вельмі хутка быў пераведзены ў Менск ды прадстаўляў краіну на самых адказных фэстах моладзевай і патрыятычнай песьні ў Саюзе ды за мяжою. 100% пазнавальнасьць ансамблю гарантаваў посьпех на Ўсесаюзным конкурсе артыстаў эстрады, дзе яны занялі другое месца (1979), а па выхадзе на «Мэлёдыі» кружэлкі зь песьняю «Пах чабаровы», яе сьпявалі ва ўсіх саюзных рэспубліках, часам не да канца разумеючы тэкст, але маючы ўпэўненасьць, што вядзецца пра нешта дужа прыемнае.

91
Дзе мой край (Зьміцер Вайцюшкевіч), музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Караткевіча

Дзе мой край (Зьміцер Вайцюшкевіч), музыка Зьмітра Вайцюшкевіча, словы Ўладзімера Караткевіча

Узорны патрыятычны твор «Дзе мой край», вядомы таксама пад назваю «Беларуская песьня», запісваўся для супольнага праекту «Скрыпка дрыгвы» (2003), які так і ня быў даведзены да канца. Трэк выйшаў праз тры гады на складанцы «Песьні свабоды», а потым стаў загалоўным у праграме «Беларуская песьня», выдадзенай у выглядзе live-альбому (2010). «Я вельмі шчасьлівы, што напісаў гэтую мэлёдыю, бо пасьля яе ўжо можна ўвогуле нічога не пісаць як кампазытару», — прызнаўся неяк Вайцюшкевіч.

Паказаць яшчэ