Virus
5544 / 0
28.08.2014

«Virus», які не ўзбуджае

Гурт Amaroka мае за плячыма, страшна сказаць, амаль 10 гадоў і 5 альбомаў, але музыкі па-ранейшаму выглядаюць на пачаткоўцаў. А іх песьні месцамі нагадваюць раньні гурт :B:N:.

Amaroka ўжо ўвайшлі ў беларускую музычную гісторыю (дзякуй Менгарвыканкаму!). Акрамя шумных акцыяў і піяру на мяжы дазволенага яны яшчэ вызначаюцца тым, што занялі практычна пустую нішу беларускамоўнага поп-панку. Яны трошкі наіўныя, можа, нават празь меру самаўпэўненыя, гарачыя ды імпэтныя — якраз такія, якім павінен быць гурт такога гатунку. Яны граюць драйвовую гітарную музыку з наўмысна прыпапсаванымі мэлёдыямі. Збольшага гэта лёгкія ды ненавязьлівыя песенькі пра каханьне/растаньне, без крывапусканьня ды разрываньня майкі на сабе, але пры гэтым не пазбаўленыя сацыяльнай вастрыні і палымяных заклікаў ісьці на барыкады. Самі музыкі распрацавалі адмысловыя сымбалі — складнікі свайго «Віруса», якія ілюструюць тэматыку іх працы: творчасьць, каханьне, патрыятызм і пяшчота.

Гурт мае за плячыма, страшна сказаць, амаль 10 гадоў і 5 альбомаў, але музыкі па-ранейшаму выглядаюць на пачаткоўцаў. Месцамі іх песьні вельмі нагадваюць гурт :B:N: часоў дэбютнага альбому. Такая вечная маладосьць можа быць як мінусам, так і плюсам, але відавочна, што бракуе каманде ўпэўненасьці і банальнай стараннасьці, а таксама пэўнай асаблівасьці — разыначкі, якая б зрабіла зь някепскай у цэлым тэмы гіт. Уласна на альбоме пытаньняў няма хіба да першага трэку «Масты», зробленаму па ўсіх канонах жанру, з насычаным шчыльным гучаньнем і кранальна прасьпяваным. Някепска яшчэ слухаецца «Вэнтсьпілс» і «Настальгія». Астатні матэрыял зроблены і пададзены надта ўжо па-вучнёўску — дэмка школьнага ансамблю, няйначай. З вакалам у гурта праблема татальная, якую на запісе яшчэ можна сяк-так выправіць, але ў некаторых песьнях ён зусім правальваецца («Песьня рэвалюцыянэра» — зусім жах). Адчуваньне такое, што голас запісваўся ў сьпешцы зь першай спробы, без дадатковых дубляў.

Ня надта зразумелай выглядае паэтычная лінія альбому — прадэклямаваныя вершы Стасі Дзічкоўскай і Ўладзімера Караткевіча ня тое каб адпавядалі агульнаму патасу альбому. Не зусім ясны фінал новага рэлізу, які сканчаецца дзьвюма вэрсіямі старой песьні «Траблы», якая была загалоўнай на другім альбоме каманды. Выглядае хіба на спробу штучным чынам павялічыць колькасьць трэкаў.

Amaroka — някепская жывая каманда, якая ўжо можа даваць майстар-клясы наконт таго, як пісьменна прасоўваць сваю творчасьць. Але зь іншага боку, яны мусяць самі браць урокі ў дасьведчаных, бо, на жаль, у студыйным варыянце выглядаюць зусім непераканаўча.

AmarokaVirus, 2014

Атрымаць альбом у выглядзе паштоўкі ці спампаваць можна на сайце «Арт-сядзібы».

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: