Zeman і тры хваробы белрэпу
Чытаць бы пяску ў рот набраўшы каньюнктурныя і штучныя тэксты — гэта не пра яго. Герой менскага рэп-андэграўнду выдаў свой першы беларускамоўны альбом.
Зэман — асоба на беларускай рэп-сцэне значная. Ён адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў суполкі M.U.Skool, якая аб’яднала самых таленавітых мясцовых рэпэраў сярэдзіны нулявых, пакаленьне народжаных пры канцы 80-х. Адтуль выйшлі, напрыклад, PANaNieba, Вожык, ЛСП, Макс Корж. Ён адзін з галасоў праекту Imperator, які прашумеў зь песьняй «Уздымайце запальніцы» ды часова ўліўся ў самую адважную беларускую рэп-фармацыю «Чырвоным па белым». Зэман мае ў даробку пяць альбомаў, але «Коска» — яго першы беларускамоўны рэліз, як бы гэта дзіўна ні гучала.
Выканаўца пазыцыянуе сябе як прыхільніка олд-скулу. Ён адданы таму самаму «барадатаму рэпу», непаказушнаму ды шчыраму, якому прысьвечаны ўступны трэк «Неўміручы-легендарны», дзе па ходзе даецца лёгкі адлуп і Вінсэнту (калі, канечне, сапраўды да яго адносіцца радок «Я быў тут на зямлі, пакуль ты быў „Вышэй за неба“»), і колішняму паплечніку Каржу (гэта ўжо дакладна: «Мой сябра назьбірае Менск-Арэну ўжо ня з тым»). Рэліз задумваўся як візытоўка беларускага рэпу і ствараўся фактычна талакою: у запісе ўзяла ўдзел каманда з 15 чалавек. Са Сьведакам, колішнім удзельнікам PANaNieba, Зэман выконвае самы лёгкі і гітовы трэк дыску — «Вольга». Раз-пораз далучаецца Вожык, які запамінаецца радком «Мне Сянно — як туркмэну Туркмэністан». Зрэшты, кожны ўдзельнік дадае ў працу сваю разынку: іранічнасьці — украінскія рэпэры Ганич і Дрьоміч, што чытаюць у трэку «Героі не старэюць». Ваяўнічасьці — Kontra ў трэку «Бясконцая гісторыя». Лірычнасьці — Наталіка ў трэку «Цень»…
Голас Зэмана гучыць упэўнена і пераканаўча — рэдкасьць у беларускамоўным рэпе (чытаць бы пяску ў рот набраўшы — хвароба белрэпу №1). Як і досыць жывая праўдзівая мова, хоць і хочацца пажадаць выканаўцу надалей папаўняць слоўнікавы запас. Сапраўды можна паверыць, што так размаўляюць у менскім рэп-андэграўндзе, а ня проста прадукуюць штучныя тэксты з мэтаю вылучыцца на агульным расейскамоўным тле (каньюнктурныя і прыцягнутыя за вушы тэкстоўкі на мове — хвароба белрэпу №2). Аранжавана і запісана ўсё такім чынам, што слухаецца рэліз ня зь лёгкім пачуцьцём сарамлівасьці і няёмкасьці, а з прыемнасьцю, а недзе нават з гонарам (нізкі тэхнічны ўзровень — хвароба белрэпу №3). Прагінаецца альбом ў тым месцы, дзе прысутнічае трэк «Падае дождж», заяўлены як кавэр «Крамы» — галоўная няўдача альбому. Застаецца адчуваньне неахайнай яго склейкі і агульнай дысгармоніі. Да ўсяго, паскораны голас Варашкевіча ў рэфрэне выглядае трохі камічна.
Альбом мог бы быць больш ёмкім і кампактным і толькі выйграў бы ад гэтага ва ўспрыманьні, бо матэрыялу ўвапхнулі ў рэліз зашмат. Зь іншага боку, добрага і на сумленьне зробленага рэпу шмат не бывае. Круты рэліз.
Zeman — Коска, 2014
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ