Вясельле
6298 / 0
02.12.2014

Guda. Саўндтрэк да беларускага вясельля

У сваім трэцім нумарным альбоме гурт сабраў, упарадкаваў ды выканаў унікальны матэрыял, які дае ўяўленьне пра тое, як адбывалася вясельле ў беларусаў у даўнія часы.

У адрозьненьне ад большасьці прадстаўнікоў фольк-сцэны, Guda не экспэрымэнтуе са стылямі, не перароблівае народныя сьпевы на свой лад, не перакручвае мэлёдыі і наогул ставіцца да аўтэнтычнага матэрыялу з надзвычайнай асьцярожнасьцю. Сьпявачкі намагаюцца максымальна наблізіцца ў выкананьні да арыгіналу, сьпець так, як тое рабілася 100, 200 ці яшчэ колькі гадоў таму. Хоць сваю здольнасьць да экспэрымэнтаў Guda засьведчыла неаднойчы — згадаць хаця б фэерычнае выкананьне «I Feel You» Depeche Mode. Але ў дадзенай праграмы не было мэты зьдзівіць, была мэта ўпарадкаваць матэрыял на пэўную тэму. «Вясельле» — трэці нумарны дыск калектыву, выдадзены пасьля працяглага перапынку ў 9 гадоў.

Канкрэтна ў гэтым альбоме калектыў паўстае ў сваім арыгінальным гучаньні, г. зн. акапэльным. Інструмэнты гучаць зрэдчас, калі гэтага вымагае канцэпцыя праграмы (тады далучаецца капэля Алеся Лася). Пяюць удзесяцёх, галасы пераплятаюцца, зьмяняюцца, адзін падхоплівае другі, таму дыск з 31 кампазыцыяй слухаецца так лёгка і не дакучае. З запісам сьпявачкі намучыліся, пісаліся ў дзьвюх студыях («Супэр 8» і «Осмос») ажно 8 гадоў, шмат матэрыялу забракавалі, перапісалі, ізноў забракавалі, каб дамагчыся належнага выніку. І тое — на вокладцы дыску зьмешчанае папярэджаньне пра «пяростасьць» саўнду, бо ў студыйных умовах цяжка запісаць такія сьпевы без скажэньняў.

Тое, што стварыла Guda, можна назваць музычнай энцыкляпэдыяй беларускага вясельля. Унікальны сьпеўны матэрыял на гэтую тэму зьбіраўся па ўсёй Беларусі і разьмеркаваны такім чынам, каб паказаць паэтапна тую традыцыю, якая існавала тут. Што пяялася падчас ад’езду маладога, пры разьвітаньні маладой з бацькамі, у час першага застольля і пасьля прыезду зь вянчаньня, у час здыманьня вянка ды па ад’езьдзе зь вясельля — усё гэта можна пачуць на дыску. У буклеце зьмешчана таксама дадатковая інфармацыя пра тыя фрагмэнты даўніх вясельных абрадаў, якія могуць быць узноўленыя ў наш час. З улікам таго, што зьяўляецца попыт на вясельлі па-беларуску, гэтая праграма зьявілася вельмі своечасова.

«Вясельле» — з тых дыскаў, што мусіць быць у калекцыі кожнага беларуса.

Для праслухоўваньня ў сеціве Guda зьмясьціла 7 трэкаў. Цалкам альбом можна паслухаць толькі на СD. Дыскі прадаюцца ў этна-краме «Рагна» на вул. Сухой, 4 (ст. м. Фрунзэнская), у галерэі «Ў», а ў сеціве — на «Беларускай прасторы».

Guda — Вясельле, 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

Тэгi: