
S — значыць стараннасьць
Амбітных менскіх музыкаў Martin S. можна сьмела назваць самым старанным гуртом году, хаця б за тое, што яны пайшлі на рэдкія для беларусаў піяр-захады, стварылі сацсетачнага пэрсанажа ды выклалі ў сеціва каляровыя сынглы. Засталося яшчэ вывесьці зь ценю гітарыста, які і праўда падобны да Джастына Бібэра.
Музыкі, раней вядомыя пад шэрай і банальнай назвай moZart, зьмянілі падыход да справы – і з шэраговага студэнцкага рок-ансамбля пераўтварыліся ў заўважную зьяву на беларускай незалежнай сцэне. Пачалося ўсё са зьмены назвы і музычнай канцэпцыі, потым у ход пайшлі рэдкія для беларусаў піар-захады ў выглядзе стварэньня сацсетачнага пэрсанажа ды выкладваньня ў сеціва каляровых сынглаў, зь якіх уласна і склаўся іх дэбютны студыйны альбом. Martin S. грае інтэлегентны індзі-рок з скрыпачкай і ставіць галоўным чынам на баляды. Павольныя песьні на гэтым дыску сапраўды больш прапрацаваныя і выглядаюць сапраўды прывабна і чапляюць адразу. Гаворка найперш пра трэк «Стомлены», якую разам з наступнай песьняй «Хто ты» можна лічыць цэнтравымі на альбоме. Някепска гучыць яшчэ рытмічная «Мы зробім усё». Пры належнай увазе да іх, гэтыя творы магла б расьпяваць прагрэсыўная частка нашага грамадзтва па ўсёй краіне.
Галоўная праблема каманды – адсутнасьць уцямнага пасылу. Часам іх тэксты выглядаюць надта перагружанымі сэнсава, часам надта ўжо наіўна, пры тым, што бракуе трапных выразаў, якія можна было расьцягваць на цытаты. Тыя прыдумкі, якія сустракаюцца, выглядаюць пакуль даволі штучнымі (як, напрыклад, «мы хадзілі басанога і плявалі на парады» у песьні «Раз на раз»). Зьвяртае ўвагу на сябе ў меру патасны голас Уладзімера Боські, які, аднак, часам так стараецца сьпяваць, што яго стараньне выпінаецца і сам сьпеў ад таго траціць сваю чароўнасьць. Чуецца ў вакале яшчэ закамплексаванасьць, якую варта пераадолець. І музыкі нават ведаюць, як гэта зрабіць. Прынамсі, поўная разьняволенасьць дэманструецца ў песеньцы «Мы зробім усё», а таксама на бэк-вакале пры канцы трэку «Талісман». Во было б шоў, каб яшчэ вывесьці зь ценю гітарыста Славу Ўсьцінава, які і праўда падобны да Джастына Бібэра.
Martin S. запісалі сыраваты ў пляне музыкі ды ідэяў, але варты ўвагі альбом, яўны прэтэндэнт на найлепшы дэбют гэтага году.
Martin S. — Martin S., інтэрнэт-рэліз, 2013
SB, «Тузін Гітоў»/Budzma.org
За что вы меня так не любите? :)
КАМЕНТАВАЦЬ